Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗВОЛЕНЫ СТАРШЫНЯ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ Ў МАСТАХ


Міхал Стэльмак, Менск

Як вынікае з загаду дырэктара прадпрыемства, Валеры Ерамянчук звольнены з прычыны прафэсійнай нягоднасьці. На думку ж самога Ераменчука, які мае найвышэйшую рабочую кваліфікацыю і некалькі гадоў працоўнага стажу электраманцёрам, звальненьне зьвязанае з прафсаюзнай дзейнасьцю.

(Ерамянчук: ) "Несправядлівае гэтае звальненьне. Яны мне проста ў твар кажуць: калі б ты сядзеў ціха, дык ня зволілі б. Я для іх злачынцам стаў. Маўляў, нібыта з-за Свабоднага прафсаюзу на прадпрыемстве своечасова не выплачваюць аванс і зарплату. Мы ж выступалі за паляпшэньне ўмоваў працы. У цэхах страшэнны холад. Аўтаматыка не працуе, таму людзі стаяць да каленяў у вадзе і рукамі варочаюць бярвеньні", — паведаміў сёньня нашаму радыё Валеры Ерамянчук.

Паводле ягоных словаў, адміністрацыя "Саманы-плюс" ігнаруе прафсаюзныя патрабаваньні палепшыць умовы працы, і гэта адбіваецца на здароўі рабочых.

Адной з ахвяраў стаў сам старшыня Свабоднага прафсаюзу. Нядаўна падчас працы ён моцна параніў руку. Траўму афіцыйна прызналі вытворчай, аднак кіраўніцтва прадпрыемства адмаўляецца фінансава кампэнсаваць яму траўму ды накіраваць на лячэньне.

Перасьлед прафсаюзнага лідэра падтрымлівае мясцовая ўлада. У прыватнасьці, Мастоўскі райвыканкам адмаўляецца рэгістраваць суполку Свабоднага прафсаюзу. Спроба рабочых абскардзіць гэтае рашэньне ў судзе плёну ня мела. Два тыдні таму рабочыя на знак пратэсту правялі ў Мастах несанкцыянаваны мітынг:

(Ерамянчук: ) "Уладзе выгадна нас не рэгістраваць, таму што яны нас баяцца — ведаюць, што мы нешта можам зрабіць для людзей. Мы вось сабралі мітынг, чалавек сто было. Такая акцыя ў Мастох была ўпершыню. Прынялі рашэньне, якое накіравалі ў Гарадзенскі аблвыканкам і прэзыдэнту — пра бяспраўе ў Мастох".

Валеры Ерамянчук мяруе, што ягонае звальненьне ўхвалілі ўлады — каб папярэдзіць у Мастох новыя масавыя акцыі пратэсту.
XS
SM
MD
LG