Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГАРАДКУ ПАСТАВІЛІ ПОМНІК “ТАРАСУ НА ПАРНАСЕ”


Браніслава Станкевіч, Гарадоцкі раён

Дасьледчыкі беларускае літаратуры даволі доўга абмяркоўвалі праблему аўтарства паэмы “Тарас на Парнасе”, напісанай у сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. І, паводле некаторых меркаваньняў, належыць яна ўраджэнцу Гарадоччыны Канстантыну Вераніцыну.

Землякі паэта ўспрынялі гэтую гіпотэзу ня толькі з радасьцю, але і зь вялікай адказнасьцю: у гонар Канстантына Вераніцына мясцовая суполка Таварыства Беларускай Мовы правяла шэраг літаратурных чытаньняў, падрыхтавала мноства імпрэзаў у тутэйшых навучальных установах ды, нарэшце, прапанавала ўшанаваць памяць пра аўтара славутай паэмы помнікам на ягонай радзіме.

Шмат намаганьняў дзеля ажыцьцяўленьня гэтых плянаў прыклаў і прарэктар Віцебскага Дзяржаўнага Унівэрсытэту Анатоль Дарафееў, таксама ўраджэнец тутэйшых мясьцінаў.

Праект мэмарыяльнай кампазыцыі быў гатовы яшчэ ў траўні, і ейнае адкрыцьцё было заплянаванае на ліпень. Але грошай на рэалізацыю праекту ўлетку не хапіла, і Таварыства Беларускай Мовы мусіла шукаць спонсараў. І вось сёньня аб 11-й дня каля Гарадоцкага краязнаўчага музэю адбылося нарэшце доўгачаканае адкрыцьцё гэтай адмысловай кампазыцыі – адзінага пакуль што на Беларусі помніка мастацкаму твору.

Кампазыцыя складаецца з двух элементаў – на двух вялізных камянях замацаваныя дзьве памятныя дошкі. Першая ўяўляе сабой разгорнутую кнігу са словамі пра народнага героя Тараса, а другая – стылізаваную вокладку паэмы. Дарэчы, такая самая дошка-вокладка ўсталяваная сёньня і ў вёсцы Астраўляны пад Гарадком, дзе Канстантын Вераніцын нарадзіўся.

Аўтарамі новай мэмарыяльнай кампазыцыі зьяўляюцца выкладчыкі мастацка-графічнага факультэту Віцебскага Дзяржаўнага Унівэрсытэту Іван Каладоўскі ды Сяргей Сотнікаў.

А гасьцямі на сёньняшніх урачыстасьцях у Гарадку былі вядомыя пісьменьнікі ды літаратуразнаўцы зь Віцебску ды Менску. Апрача вераніцынскіх мясьцінаў на Гарадоччыне яны наведалі і
адмысловую літаратурную выставу ў тутэйшым музэі, якая таксама
адчынілася сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG