Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СНД МОЖА ЎТВАРЫЦЦА ПРАЭЎРАПЕЙСКАЯ ВОСЬ


Віталь Цыганкоў, Прага

Удзельнікі: у Менску – дырэктар Цэнтру ў пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі пры Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце Юры Шаўцоў, у Маскве – карэспандэнт расейскай службы Віталь Портнікаў.

(Цыганкоў: ) “Сёньня ў Маскве праходзіць саміт кіраўнікоў дзяржаваў СНД, прысьвечаны 10 годзьдзю ўтварэньня СНД. Зрэшты, мяркую, нам у размове трэба ня столькі ацэньваць вынікі канкрэтнай сёньняшняй сустрэчы, колькі стратэгічна паглядзець на СНД. У якім стане Садружнасьць знаходзіцца сёньня? Ці аб’ядноўвае што-небудзь дзяржавы, якія ўваходзяць у СНД?

У поглядзе на СНД пануюць дзьве асноўныя думкі, два падыходы. Першая – што гэта проста клюб прэзыдэнтаў, якія рэгулярна (хаця і рэдка) сустракаюцца пераважна для таго, каб задаволіць настальгічныя матывы сваіх электаратаў. І другое меркаваньне – што СНД гэта ўсё-ткі рэальна дзеючая структура, якая прымае нейкія рашэньні, якія нават часам і выконваюцца. Як вы глядзіце на гэтыя два падыходы – можа праўда недзе пасярэдзіне?”

(Портнікаў: ) “СНД – гэта без сумненьня прэзыдэнцкі клюб, бо ніякіх прыкметаў эфэктыўна дзеючай міжнароднай арганізацыі ў СНД няма. Першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук нядаўна распавёў пра этапы стварэньня СНД. Калі стваралі эканамічны саюз, Расея прапанавала, каб у яе было 50 адсоткаў галасоў, і ва ўсіх астатніх – таксама 50 адсоткаў. Гэта красамоўна кажа пра падыход.

Іншая справа, што прэзыдэнты сустракаюцца ня толькі каб задаволіць настальгію сваіх падданых, але і каб вырашыць нейкія практычныя пытаньні. Бо мэханізмы ўзаемадзеяньня настолькі заржавелі, што часам даводзіцца ісьці на ўзровень асабістых кантактаў, каб нешта зрушыць з месца. Хаця гэта і не заўжды атрымліваецца”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Шаўцоў, ваша меркаваньне наконт формулы і структуры існаваньня СНД. Ці можна спрагназаваць далейшае разьвіцьцё СНД? Яно будзе існаваць у рамках “прэзыдэнцкага клюбу” альбо будзе разьвівацца інтэграцыя па розных геапалітычных накірунках?”

(Шаўцоў: ) “Мне здаецца, што зараз могуць быць нейкія зрухі. Раней СНД было проста нейкай формай уцёкаў ад Расеі. А сёньня, пасьля таго як Расея пачала вельмі хутка збліжацца з Захадам, найперш з Эўропай, узьнікае пэрспэктыва пераўтварэньне СНД з абшару, дзе краіны бягуць ад Расеі ў розныя бакі, у новую форму, дзе ўнутры СНД можа ўзьнікнуць новая вось праэўрапейская. Прынамсі, заходнія рэспублікі былога СССР беглі ад Расеі на Захад, у Эўропу, а цяпер узьнікае партнэрства Эўропы і Расеі. Вакол гэтай “восі” можа адбыцца рэінкарнацыя СНД у штосьці новае”.

(Цыганкоў: ) “Якраз пра “восі”. У рамках СНД даўно вымалёўваліся розныя рэгіянальныя структуры, адна з самых прыкметных – гэта Эўраазіяцкая эканамічная супольнасьць і ГУУАМ (Грузія, Украіна, Узбэкістан, Азэрбайджан, Малдова). Многа казалася пра тое, што гэтае аб'яднаньне мае, як мінімум, нерасійскую скіраванасьць, а дакладней, утворана з мэтай знайсьці нейкую геапалітычную процівагу Расеі. Але за апошнія два гады, калі да ўлады прыйшоў Пуцін, большасьць з дзяржаваў ГУУАМ пайшлі на больш цесныя сувязі з Расеяй, чым раней. Бадай, толькі ў Тбілісі засталіся сур'ёзныя канфліктныя дачыненьні з Масквой. Адзначу, што днямі ўпершыню расейская дыпляматыя (праўда, вуснамі неназванага чыноўніка) заявіла пра скептычнае стаўленьне Масквы да дзейнасьці ГУУАМу. Ці азначае гэта, што вектар унутры СНД зьмяніўся, і Масква зноў становіцца адзіным цэнтрам у Садружнасьці, які прыцягвае да сабе іншых. А альтэрнатыўны цэнтр на чале з Украінай ці Ўзбэкістанам утварыць не ўдалося?”

(Портнікаў: ) “Думаю, СНД і стваралася, каб задаволіць амбіцыі Расеі, што яна застаецца цэнтрам для былых савецкіх рэспублікаў. Што да Эўразійскай эканамічнай супольнасьці альбо ГУУАМу, то гэтыя арганізацыі ніколі на самой справе не існавалі. Яны былі толькі прадэкляраваныя. Я думаю, што калі Расея хоча сапраўды ісьці на Захад, то ўзьнікае пытаньне, чаму яна павінна пасярэднічаць у гэтым паходзе для сваіх суседзяў, калі тыя сапраўды хочуць туды ісьці. Праблемы Ўкраіны, Беларусі і Малдовы якраз была ў тым, што яны нікуды не хадзілі, яны ўсе гэтыя гады стаялі на месцы. І зараз ёсьць надзея, што гэтае манэўраваньне паміж Захадам і Расеяй, якое дазваляла іхным элітам нічога не мяняць і разыграваць дзікую актыўнасьць, скончыцца, бо ня будзе куды манэўраваць”.

(Цыганкоў: ) “Юры Шаўцоў, Віталь Портнікаў як бы ўскосна задаў пытаньне, чаму заходнія рэспублікі былога СССР павінны ісьці ў Эўропу разам з Расеяй? Чаму яны ня могуць ісьці туды самі, без Расеі?”
.
(Шаўцоў: ) “Справа не ў Расеі. Галоўная прычына таго, чаму заходнія рэспублікі даволі павольна рухаліся на Захад (а Беларусь увогуле ня рухалася) – у тым, што Захад ня меў асаблівых інтарэсаў на гэтай тэрыторыі. А зараз Эўразьвяз мае такія інтарэсы. І зараз прыйшоў час для рэалізацыі буйных праектаў (перш за ўсе нафтагазавых), пра якія раней былі толькі размовы, ці якія толькі прагназаваліся.
А цяпер… Ціманапячорскім нафтавы басэйн, Ямал – вельмі хутка разьвіваюцца. Прыйшоў час і Тэнгізу. І для ўсёй гэтай эканамічнай тэндэнцыі будзе патрэбная і нейкая палітычная «надбудова». Хутка мы пабачым, як яна будзе адбудоўвацца”.

(Цыганкоў: ) “Гаворачы пра СНД, мы ня можам абмінуць тэму “саюзу” Беларусі і Расеі. Які ўплыў гэты “саюз” мае на разьвіцьцё стасункаў унутры Садружнасьці? Ці ён выклікае рэўнасьць іншых прэзыдэнтаў (найперш сярэдняазіяціх) – што вось Беларусь здолела прысмактацца да Расеі, а ім не ўдаецца. Ці гэты саюз мае станоўчы ўплыў на іншых – “вось, ёсьць, аказваецца, магчымасьць інтэгравацца...”

(Портнікаў: ) “Я думаю, што на першым этапе існаваньне гэтага аб’яднаньня саюз выклікаў раздражненьне, бо многія краіны СНД выступалі ўвогуле супраць расейскай канцэпцыі рознахуткаснай інтэграцыі, якую Масква абрала, калі ўбачыла, што ня можа пераўтварыць СНД у Савецкі Саюз. Але ў прынцыпе, усе цудоўна разумеюць, што ніякага беларуска-расейскага саюзу на самой справе не існуе, як не існуе і «саюзнай дзяржавы». Гэта шыльды, і якая б колькасьць шыльдаў не была прапанаваная міжнароднай супольнасьці, усе выдатна разумеюць, што ў беларускага кіраўніцтва няма аніякага жаданьня губляць суб’ектнасьць міжнароднага права. Калі Аляксандар Лукашэнка нават зараз у Маскве на сустрэчы з Пуціным кажа, што “за кожным з нас стаяць нашыя дзяржавы”, то гэта ўжо гаворыць пра тое, што ў беларускага прэзыдэнта ёсьць пэўная рыса ў інтэграцыі. Гэтая рыса называецца ўлада, і гэтага ён ніколі ня ўпусьціць. Толькі падобным прапагандысцкім шляхам можна было дазволіць стварыць умовы, у якіх Расея проста ўстойліва падтрымлівае рэжым, няздольны на правядзеньне эканамічных рэформаў”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Шаўцоў, чаму, на вашую думку, Расея ня можа дазволіць сабе зь іншымі дзяржавамі СНД гэткія ж дачыненьні, як зь Беларусьсю? Яна ня можа эканамічна вытрымаць такое “сяброўства” альбо тут іншыя падставы?”

(Шаўцоў: ) “Я думаю, галоўная прычына тут у тым, што іншыя краіны СНД маюць значна меншыя магчымасьці лябіраваць свае інтарэсы ў Расеі. Тыя ж сярэднеязіяцкія краіны, як мы памятаем, сыйшлі з Савецкага Саюзу ўжо пасьля Віскулей. Ніхто зь іх ня рваўся адтуль – іх проста выштурхнулі. Беларусь ня здолелі выштурхнуць. Беларусь здолела навязяць Расеі свой абрыс двухбаковых дачыненьняў”.
XS
SM
MD
LG