Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБОТНІКІ Ў МАГІЛЁВЕ, ЯКІЯ НЯДАЎНА СТРАЙКАВАЛІ, АПЫНУЛІСЯ БЯЗ ПРАЦЫ – ЗАВОД ЗБАНКРУТАВАЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Заяву з просьбай прызнаць завод банкрутам накіравалі ў абласны гаспадарчы суд. Кіраўнікі прадпрыемства абгрунтоўваюць сваё рашэньне адсутнасьцю фінансаваньня і крэдыторскай запазычанасьцю 500 мільёнаў рублёў.

Найбольш пацярпелі з-за гэтага кроку працоўныя. Суд вынясе рашэньне пра банкруцтва толькі праз два месяцы, напрыканцы студзеня наступнага году. Рабочыя ня ведаюць, ці атрымаюць яны на працягу гэтак званага ахоўнага пэрыяду адпаведныя кампэнсацыі альбо заробкі.

Паводле беларускага заканадаўства пасьля ліквідацыі прадпрыемства працоўным павінны выдаць кампэнсацыі ў памеры трохмесячнага заробку. Пакуль хоць бы атрымаць ужо заробленыя грошы, кажуць рабочыя.

Да гэтага часу ім ня выплацілі грошай нават за жнівень. І такія затрымкі суправаджалі іх увесь год. Наша радыё ўжо паведамляла, што ў сакавіку на прадпрыемстве адбылася акцыя пратэсту ў сувязі зь нявыплатай заробкаў за студзень і люты. Менавіта тады рабочыя, каб сагрэцца, распальвалі вогнішчы на тэрыторыі заводу. Тады й прагучалі першыя заявы пра магчымае банкруцтва. За лета і восень ўмовы працы і агульная сытуацыя не зьмяніліся.

Рабочыя распавядалі, як на прадпрыемстве зачынялі галоўную прахадную, каб ніхто не здагадаўся, што яны спажываюць энэргію, за якую ня плацяць і працуюць на абсталяваньні, якое апісала падатковая інспэкцыя.

Цяпер на прадпрыемстве працуе часовы ўпраўляючы, які на працягу двух месяцаў мусіць вызначыць фінансавы стан і платаздольнасьць заводу.

У выпадку, калі суд задаволіць заяву адміністрацыі, Магілёўскі машынабудаўнічы завод стане пятым прадпрыемствам Магілёва і 11-м у Магілёўскай вобласьці, якія збанкрутавалі сёлета.

Паводле зьвестак з апошняга паседжаньня гарвыканкаму, летась колькасьць стратных прадпрыемстваў гораду складала 25%, а сёлета яна дасягнула амаль 40%.

XS
SM
MD
LG