Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬЯВІЛАСЯ ІНФАРМАЦЫЯ ПРА МАГЧЫМУЮ АДСТАЎКУ МНІСТРА ЎНУТРАНЫХ СПРАВАЎ УЛАДЗІМЕРА НАВУМАВА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Крыніцы ў Міністэрстве ўнутраных справаў сьцьвярджаюць, што днямі міністар Уладзімер Навумаў падаў Аляксандру Лукашэнку рапарт аб адстаўцы.

Паводле гэтых крыніцаў, Навумаў нібыта матывуе сваю просьбу праблемамі са здароўем. Быццам бы ягоны рапарт прынялі да разгляду, але яшчэ не падпісалі, бо пакуль не знайшлі замены. Між тым, крыніцы не выключаюць, што да канца году пытаньне вырашыцца.

Сам Уладзімер Навумаў, аднак, не пацьвярджае гэтых зьвестак. Паводле прэсавага сакратара МУС Зьмітра Партона, "Навумаў сустрэў сьмехам чуткі пра ягоную адстаўку". Зьміцер Партон запэўніў, што ягоны шэф у добрай форме і не выказвае жаданьня перайсьці на іншую працу.

"Наколькі мне вядома, два месяцы таму Ўладзімер Навумаў правёў тыдзень у шпіталі МУС, але гэта быў звычайны прафіляктычны курс, ён толькі пацьвердзіў добры стан здароўя міністра", — заявіў Радыё Свабода прэсавы сакратар МУС Зьміцер Партон.

Між тым крыніцы сьцьвярджаюць, быццам насамрэч са здароўем у Навумава ня ўсё добра. Кажуць, што яшчэ ўлетку міністар праходзіў сур'ёзны курс лячэньня ў шпіталі МУС і з таго часу нават у замежных камандзіроўках яго суправаджаюць дактары.

Існуе, аднак, і тая вэрсія, што здароўе — толькі падстава адправіць міністра ў адстаўку. Крыніцы не выключаюць, што ў кіраўніцтва краіны насьпела рашэньне менавіта Навумава зрабіць адказным за праблемы са злачыннасьцю, недастатковую барацьбу з карупцыяй і няўдачы ў расьсьледаваньні зьнікненьняў вядомых апазыцыянэраў.

Нагадаю, Уладзімер Навумаў прыйшоў на пасаду міністра ўнутраных справаў 13 месяцаў таму з пасады кіраўніка службы аховы Лукашэнкі. На загад Лукашэнкі ён неўзабаве ўзначаліў міжведамасную групу ў справе расьсьледаваньня зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага, аднак пра пэўныя вынікі гэтых расьсьледаваньняў магчыма казаць толькі ў справе апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Зараз ідзе суд над ягонымі магчымымі выкрадальнікамі, хаця, паводле крыніцаў з суду, яшчэ не прагучала пераканаўчых доказаў віны арыштаваных.

А вось прозьвішча міністра Навумава ў судзе ўжо гучала. Павал Шарамет, спасылаючыся на сьведкаў, заявіў, што міністар Навумаў патрабаваў ад аднаго з абвінавачаных, Валерыя Ігнатовіча, узяць на сябе адказнасьць за выкраданьне Завадзкага. Ня выключана, што гэтыя заявы таксама паўплывалі на рашэньне Навумава пайсьці ў адстаўку.

XS
SM
MD
LG