Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМЁР ДЖОРДЖ ГАРЫСАН


Дзьмітры Падбярэскі, Менск

Неяк у школе, калі нас паглынуў гітарны бум, мы, ужо дзевяціклясьнікі — дарослыя, лічы, хлопцы — раптам пачалі гуляць у "Бітлз".

Ролі ўдзельнікаў квартэту разьмеркаваліся хутка, толькі вось з выканаўцам ролі Джорджа Гарысана ўзьніклі праблемы. Ён заўсёды ўяўляўся нам найбольш загадкавым музыкам групы, хоць хіба адзінае гітарнае сола са спадчыны квартэту, якое ўсе мы старанна тады развучвалі, было ягонае — са знакамітай песьні "Something".

Зьнешне стрыманы, быццам паглыблены ў сябе (на што, безумоўна, уплывала ягонае захапленьне ўсходнімі культамі), Гарысан і ў музыцы быў найменшым сярод "Бітлз" бунтаром, экспэрымэнтатарам і пачаў актыўна пісаць адно пасьля таго, як квартэт разваліўся на чатыры асобныя творчыя адзінкі.

У 1970 годзе сьпісы папулярнасьці захапіла ягоная песьня "My Sweet Lord". Як крыху пазьней аказалася, песьня была ня вельмі арыгінальная, а таму на працягу ледзь не 15 гадоў Гарысан мусіў наведваць суд, які ўрэшце пакараў яго, прызнаўшы плягіят.

Праўда, тое аніяк не пашкодзіла Джорджу ў творчасьці. Час ад часу ён нагадваў пра сябе сольнымі альбомамі, удалымі і ня вельмі, удзелам у дабрачынных канцэртах. Аднак у выніку ён так і не засьведчыў сябе кампазытарам, талентам роўным Полу ці Джону, хоць да асобных ягоных песень, як, зрэшты, і да "My Sweet Lord", у гісторыі рока будуць зьвяртацца яшчэ доўгі час.

Тое, што пасьля развалу таго ці іншага калектыву ягоныя ўдзельнікі, як правіла, ня здольныя засьведчыць сябе як сольных выканаўцаў, не адкрыцьцё. Мусіць, сама такая творчая адзінка як рок-група змушае яе ўдзельнікаў да ўсталяваньня такіх дачыненьняў, калі асабістыя памкненьні працуюць выключна на агульную задачу, а яна, у сваю чаргу, спрыяе вядомасьці кожнага з музыкантаў. Разыходзячыся, яны, за вельмі рэдкім выключэньнем, паасобку зрабіць нешта вартае ўвагі ўжо ня могуць.

Тое, чаго можна было дасягнуць "з маленькаю дапамогай сяброў" (назва адной зь песень "Бітлз"), бяз той дапамогі часта проста немагчыма.

Пасьля сьмерці Ленана тэарэтычна яшчэ можна было ўявіць канцэрт трыо "Бітлз". Пасьля таго, як аблокі, пра якія сьпяваў Джордж Гарысан, прынялі яго самога, "Бітлз" канчаткова робяцца вялікім, недасяжным і галоўным мітам гісторыі рока.

Тады, у школьныя гады, стварыць уласны ансамбль мы так і ня здолелі. Проста сярод нас не знайшлося нікога, хто б разгадаў душу Джорджа Гарысана і адважыўся выконваць ягоную ролю.

Прымі, Госпадзі, душу гэтага музыканта...

XS
SM
MD
LG