Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ ВЫРАШЫЛА, ХТО БУДЗЕ ПРАДСТАЎЛЯЦЬ ЯЕ ІНТАРЭСЫ Ў ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

На паседжаньне ў Вене, дзе ў другой палове лютага Сталы камітэт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ чарговы раз разгледзіць беларускае пытаньне, запросяць дзьве беларускія дэлегацыі: ад уладных структураў і ад апазыцыі, якую цяпер у вачах міжнародных структураў увасабляе Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў.

Сёньня рада вызначыла склад сваёй дэлегацыі. У яе ўвайшлі Анатоль Лябедзька, Уладзімер Нісьцюк і Натальля Хрусталёва. Пастанавілі, што калі хтосьці з названых асобаў ня зможа накіравацца ў сталіцу Аўстрыі, яго заменіць прадстаўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Адначасова партыйныя лідэры вырашылі стварыць пры Кансультацыйнай радзе новую экспэртную групу — у міжнародных пытаньнях.

Гаворыць Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Вельмі вялікай памылкай апазыцыйных партыяў, апазыцыйных дзеячоў апошнім часам стала тое, што яны разьлічвалі на вырашэньне міжнародных пытаньняў у кароткі тэрмін. Вось, напрыклад, ідзе паседжаньне сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Туды прыехала дэлегацыя, і нехта разьлічвае на тое, што за тры–чатыры гадзіны ці за два дні нешта можна вырашыць. У міжнародных арганізацыях існуюць працэдуры, якія патрабуюць вельмі шмат часу.

Напрыклад, у той жа Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, каб уключыць пытаньне ў парадак дня нейкага паседжаньня, патрэбна, каб яго падпісалі прадстаўнікі ня менш як пяці краінаў, і іх павінна быць па колькасьці ня менш як дзесяць сяброў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Таму гэтыя рэчы вельмі дэталёва павінны прапрацоўвацца ўжо зараз.

Акрамя таго, увесь час адбываюцца мерапрыемствы, у якіх удзельнічаюць сябры Парлямэнцкай Асамблеі. Ёсьць асабістыя кантакты, ёсьць асабістыя дамовы, ёсьць асабісты ўплыў. Там кожная асабістая думка, кожны асабісты голас "за" ці "супраць" можа стаць вырашальным".

На сваё сёньняшняе паседжаньне партыйныя лідэры запрасілі кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі амбасадара Віка. Нямецкі дыплямат паведаміў, што 20 сьнежня мяркуе наладзіць разьвітальную вечарыну.

Свой ад'езд Ганс-Георг Вік ня лічыць стратай усіх сувязяў зь Беларусьсю. Паводле амбасадара Віка, ужо ў студзені 2002 году ён зьбіраецца прыехаць у Менск, каб удзельнічаць у міжнароднай канфэрэнцыі, якую праводзіць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG