Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ ДАМАГЛІСЯ НЕКАТОРЫХ ЗЬМЕНАЎ У ПРАЕКТ ПАБУДОВЫ ДАРОГІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ўначы ў Курапатах заставалася 8 валанцёраў зь Беларускай партыі Свабоды, руху "Зубр" і арганізацыі Маладых сацыял-дэмакратаў. Будаўнікі сёньня пракладалі трубы вадасьцёку, прычым валанцёры ўрэшце дамагліся, каб водаадвод быў накіраваны ў бок возера Цна, а не да Курапатаў. Распавядае старшы ў лягеры валанцёраў Аляксей:

(Аляксей: ) "Будаўнікі кладуць трубу. Нахіл яны зрабілі ў той бок — ад намёту туды. Гэта значыць, вада будзе сьцякаць на адваротны ад Курапатаў бок. Мы гэтага дамагліся, і вельмі добра, што тут ня будзе балота. Будаўнікі гэта самі пацьвердзілі, ды й вокам бачна, куды нахіленая труба. Яны сёньня павінны скончыць укладку гэтай трубы, крыжы не чапаюць. Прыбяруць, тое, што яны тут нарабілі зь зямлёй сваімі трактарамі. Я ўчора размаўляў з майстрам і з інжынэрам. Яны казалі, што навядуць тут парадак".

Паводле валанцёраў, з будаўнікамі ў іх склаліся даволі прыязныя дачыненьні, і тыя нават абяцалі дапамагчы сёньня ў справе ўсталяваньня ў лягеры палявой капліцы для набажэнстваў. Частка валанцёраў пакінула сёньня лягер а 4-й гадзіне раніцы, і паехала сустракаць сустаршыню ініцыятывы "Моладзь за Курапаты" Паўла Севярынца, які за абарону мэмарыялу правёў 17 сутак у турме. Дарэчы, заўтра ў Курапатах павінна адбыцца нарада кіраўнікоў моладзевай ініцыятывы, і будзе зацьверджаны плян далейшых дзеяньняў.

Абаронцаў Курапатаў штодня падтрымліваюць мясцовыя жыхары. Гаворыць адзін зь іх:

(Яўген: ) "Я тут жыву непадалёк. Калі я сюды першы раз прыйшоў, паглядзеў, што тут моладзь, у якой бывае, што няма чаго есьці, то я ім і каву прыносіў, і гарбату. Бачу, што хлопцы за сваю ідэю стаяць. Таму я падтрымліваю гэтых хлопцаў".

Людзей, якія хоць чымсьці хочуць дапамагчы абаронцам Курапатаў, нямала. Калі я ўжо сыходзіў, ва ўрочышча прыйшла сямейная пара. Павітаўшыся з валанцёрамі, яны ўзялі рыдлёўкі й пайшлі капаць прамерзлую зямлю, каб падрыхтаваць месца для ўсталяваньня новых крыжоў.


XS
SM
MD
LG