Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦІ – ПАГРОЗА АДКЛЮЧЭНЬНЯ АЦЯПЛЕНЬНЯ Ў ЖЫЛЫХ ДАМАХ


Алег Супрунюк, Берасьце

Ужо некалькi гадоў запар рабочыя Берасьцейскага электрамэханiчнага заводу пакутуюць ад холаду ў вытворчых памяшканьнях. Зiмой тэмпэратура паветра тут крыху большая за нуль градусаў.

Адмiнiстрацыя прадпрыемства ня можа разьлiчыцца нават за звычайнае выкарыстаньне электраэнэргii, таму ацяпляльны сэзон у цэхах увогуле не пачынаецца. Частка маёмасьцi заводу падатковыя органы ўжо апiсалі за даўгi i выставілі на продаж. Спадзяваньняў на тое, што фiнансавае становiшча прадпрыемства блiзкім часам зьменiцца, амаль няма.

У заводзкай палiклiнiцы паведамiлi, што нягледзячы на масавыя скарачэньнi (а цяпер на прадпрыемстве засталося працаваць 1600 чалавек замест ранейшых 5-цi тысяч), хворых з наступленьнем халадоў робіцца больш. У кастрычнiку мэдыкi зафiксавалi ўдвая больш зваротаў рабочых электрамэханiчнага заводу, чым год таму.

У большасьцi выпадкаў ставяць дыягназ "вострае рэсьпіраторнае захворваньне". Але мэдыкi адзначаюць, што праца ў такiх умовах стымулюе разьвiцьцё i iншых хваробаў, таму дакладнай статыстыкi на гэты конт не iснуе. Дарэчы, сама палiклiнiка таксама пазбаўленая ацяпленьня i, як заўважыў адзiн з тэрапэўтаў, пацыентаў даводзіцца прымаць у верхнiм адзеньнi, працуюць некалькi абагравальных электрапрыбораў. Мясцовая прафсаюзная арганiзацыя нiяк не рэагуе на такое становiшча.

Сытуацыя на электрамэханiчным заводзе характэрная i для iншых прадпрыемстваў Берасьця. Ня маюць цяпла ў вытворчых памяшканьнях на машынабудаўнiчым заводзе, "Цьветатроне", прадпрыемствах будаўнiчай галiны.

Тым часам кiраўнiцтва Берасьцейскага аблвыканкаму заяўляе, што сёлета падчас ацяпляльнага сезону магчымыя так званыя "вэерныя" адключэньнi электраэнэргii i цяпла. Прычым тычыцца гэта цяпер ужо ня толькi прадпрыемстваў, але i жыльлёвых пабудоваў. Пра гэта iшла гаворка падчас закрытай нарады з удзелам кiраўнiкоў канцэрнаў "Белэнэрга" i "Белпалiўгаза".

Агульная сума запазычанасьцi за электрычнасьць, цяпло i газ на Берасьцейшчыне складае зараз больш за 65 мiльярдаў рублёў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG