Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* ПАРЫЖ. Міністэрства Асьветы Францыі, Сэнат, Француская Акадэмія, тэатар «Камэды-Франсэз», сродкі масавай інфармацыі і мясцовыя культурныя асяродкі ў Парыжы і Бэзансоне на працягу 2002 году будуць адзначаць 200-ую гадавіну з дня нараджэньня Віктора Гюго. Год Гюго пачнецца 7 студзеня, калі ва ўсіх школах Францыі будуць чытацца тэксты пісьменьніка. Увесь год у краіне будуць адбывацца выставы, спэктаклі, канцэрты, прысьвечаныя вялікаму пісьменьніку.

* ЛЁНДАН. У лёнданскім выдавецтве «Контра» выйшаў 14-ты том збору твораў Юзэфа Мацкевіча. У том пад назовам «Бульбін з хутару» увайшлі тэксты пра Вільню і Беларусь, друкаваныя ў 1922-1936 гадох у віленскай газэце «Slowo», у тым ліку першы твор аўтара — «Зь лясных гушчараў Белавежы», напісаны ў 1922 годзе. Юзэф Мацкевіч — адзін з найяскравейшых прадстаўнікоў крэсовай польскай літаратуры, які лічыў сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага.

* ВАРШАВА. Новым старшынём польскага ПЭН-Клюбу абраны Ўладыслаў Барташэўскі. 79-гадовы Барташэўскі займаецца гісторыяй найноўшых часоў, польска-нямецкімі і польска-гэбрайскімі дачыненьнямі. За гады камуністычнага рэжыму належаў да інтэлектуальнай апазыцыі, у часы ваеннага становішча браў актыўны ўдзел у працы падпольных «лятучых унівэрсытэтаў». Пасьля падзеньня камунізму Ўладыслаў Барташэўскі двойчы займаў пасаду міністра замежных справаў Польшчы.

* ЛЁНДАН. Радыёстанцыя «Бі-Бі-Сі Радыё 4» зьбіраецца паўтарыць радыёпастаноўку 20-гадовай даўніны паводле трылёгіі Джона Толкіна «Уладар пярсьцёнкаў». За гэтыя гады запіс 13-гадзіннага радыёспэктаклю разыйшоўся тыражом больш за 100 тысячаў асобнікаў. Акторы фільму паводле кнігі Толкіна, які выходзіць на экраны 19 сьнежня, падчас здымак уважліва праслухоўвалі радыёшэдэўр Бі-Бі-Сі, ужываючыся ў вобразы сваіх пэрсанажаў.

* ДУБАЙ (АБ’ЯДНАНЫЯ АРАБСКІЯ ЭМІРАТЫ). Ад 11 да 14 сьнежня ў Дубаі адбудуцца гастролі брытанскага Перасоўнага Шэкспіраўскага Тэатру, які выступіць з двума спэктаклямі — «Дванаццатая ноч» і «Гамлет». Спэктаклі пройдуць на спэцыяльна абсталяванай сцэне ў гатэлі «Рыц Карлтан». Акторы і рэжысэры тэатру прытрымваюцца канцэпцыі, што клясычныя творы могуць «загучаць» па-сапраўднаму, калі іх трактоўка будзе адпавядаць духу часу і месца маказу.

* КІЕЎ. Больш за тысячу кніг, выдадзеных «Інстытутам Літарацкім» Ежы Гедройця, былі падараваныя бібліятэцы Кіева-Магілянскай Акадэміі — адной з найстарэйшых навучальных установаў Украіны. Кнігі перадаў кіраўнік Таварыства апекі над архівам Інстытуту Марэк Краўчык. Ежы Гедройць і заснаваны ім «Інстытут Літэрацкі» ў Парыжы яшчэ на пачатку 50-х гадоў выступілі зь ідэяй эўрапейскай фэдэрацыі, дзе побач з Польшчай мусілі б існаваць незалежныя Літва, Беларусь і Ўкраіна.

* ЛІМА. Пэруанскі пісьменьнік Марыё Варгас Льёса выступіў з заклікам аб пазбаўленьня ліцэнзіі ўладальнікаў тэлеканалаў, якія супрацоўнічалі з прэзыдэнтам Альбэрта Фухіморы. Льёса падтрымвае спробы новага прэзыдэнта Алехандра Таледа дэмакратызаваць Пэру пасьля дзесяцігодзьдзя дыктатуры. Супраць закліку Льёсы выступіў ягоны сын, таксама пісьменьнік, Альвара Варгас Льёса, які занепаконы абмежаваньнем свабоды слова і баіцца, што замест старой у краіне запануе новая дыктатура.

* КРАСНАЯРСК. У чацьвер апоўначы ў Краснаярску памёр вядомы расейскі пісьменьнік Віктар Астаф’еў. Пра ягоную сьмерць паінфармавалі лекары, якія даглядалі пісьменьніка ў ягонай кватэры на працягу апошніх тыдняў. 77-гадовы Астаф’еў быў адным з найвіднейшых прадстаўнікоў літаратуры «расейскай глебы».


XS
SM
MD
LG