Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ХУТКІМ ЧАСЕ Ў ПОЛЬШЧЫ НЕПАДАЛЁК БЕЛАРУСКАЙ МЯЖЫ, ЛЯ БЯЛАЙ-ПАДЛЯСКАЙ, ПАЎСТАНЕ БУЙНЕЙШЫ Ў ЭЎРОПЕ АЭРАПОРТ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Новы сучасны аэрапорт паўстане на месцы былога сакрэтнага вайсковага аэрапорту краінаў Варшаўскай дамовы, што месьціцца каля гораду Бяла-Падляска за 30 кілямэтраў ад польска-беларускай мяжы.

Цяпер канчатковай дапрацоўкай праекту і прыцягненьнем інвэстараў для пабудовы гэтага аб’екту займаецца фірма “Эпіт” з Турэччыны. Дарэчы, паводле турэцкіх бізнэсоўцаў, будоўля будзе каштаваць каля двух з паловай мільярдаў даляраў і ёсьць пятай паводле памеру сярод найноўшых інвэстыцыяў у сьвеце. У фінансаваньні пабудовы аэрапорту, які будзе канкураваць з Франкфурцкім аэрапортам у Нямеччыне, бярэ ўдзел таксама і польскі ўрад.

Акрамя абслугоўваньня пасажыраў, а аэрапорт будзе здольны прымаць усе дагэтуль вядомыя маркі самалётаў, тут ёсьць вялікія магчымасьці яшчэ і для перавозкі тавараў.

Справа ў тым, што з тэрыторыі былога СССР углыб Польшчы да колішняга вайсковага аб’екту пракладзеная шырока-рэйкавая чыгунка. Гэта значыць, што тавары з аэрапорту на Ўсход і з Усходу можна будзе перавозіць цягнікамі без абавязковай дагэтуль замены колаў на мяжы, што спросьціць і паскорыць перавозкі, а тавары зробіць больш таннымі.

Плянуецца таксама, што акрамя аэрапорту, на тэрыторыі больш за тысячу гэктараў паўстануць гандлёвыя ды забаўляльныя комплексы, у тым ліку аквапарк, а таксама навучальныя ўстановы ды выставы.

Натуральна, што гэткі аб’ект каля мяжы можа быць вельмі прывабны і для беларусаў. Замест нязручнага “Шэрамецьева” ці “Менску-2” жыхары Беларусі змогуь карыстацца аэрапортам, да якога ад Берасьця ўсяго трыццаць кілямэтраў.

Дарэчы, паводле словаў загадчыцы аддзелу інфармацыі ўраду Бялай-Падляскі Ганны Данілюк, мясцовае кіраўніцтва ды інвэстары спадзяюцца, што беларусы будуць прыяжджаць сюды ня толькі каб скарыстацца з аэрапорту.

(Данілюк: ) “Мы хочам, каб беларусы прыяжджалі да нас і на адпачынак зь дзецьмі. Тут будзе шмат забаўляльных мерапрыемстваў. Сярод іншага – шэраг вялікіх выставаў, якія будуць прэзэнтаваць розныя краіны сьвету. Дзеці змогуць адпачыць у аквапарку. Я думаю, гэта нават немагчыма ўявіць, каб беларусы не карысталіся нашым аэрапортам – яны будуць тут пажаданымі наведвальнікамі,” – сказала Ганна Данілюк.

Дарэчы, пабудова новага аэрапорту мусіць вырашыць таксама праблему беспрацоўя ў рэгіёне, бо паводле праекту дзеля абслугоўваньня цэлага комплексу спатрэбіцца каля 20 тысячаў чалавек пэрсаналу.

Напэўна, нейкую працу ў часе пабудовы аб’екту змогуць атрымаць і брыгады беларускіх будаўнікоў, якіх у Польшчы ахвотна наймаюць мясцовыя будаўнічыя фірмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG