Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ СТАНЕ ІРАК ЧАРГОВЫМ АБ’ЕКТАМ АНТЫТЭРАРЫСТЫЧНЫХ УДАРАЎ ЗША?


Юры Дракахруст, Прага

Вашынгтон і Лёндан пагадзіліся працягнуць яшчэ на паўгода дзеяньне праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне”. Гэтая праграма дазваляе Багдаду прадаваць нафту пры умове, што прыбытак ад продажу ідзе выключна на закупку тавараў харчаваньня і выплату даўгоў. Адначасна на патрабаваньне Расеі ў праект рэзалюцыі ўключаны дакладны сьпіс умоваў, якія Багдад мусіць выканаць, каб рэжым санкцыяў быў увогуле скасаваны.

За гэта Расея пагадзілася на патрабаваньне ЗША пашырыць сьпіс тавараў, імпарт якіх у Ірак забаронены, бо яны могуць быць выкарыстаныя ў ваенных мэтах. Экспэрты адзначаюць, што Расея зьяўляецца галоўным адвакатам Іраку ў Радзе Бясьпекі ААН. Багдад вінны Маскве мільярды даляраў, расейскі ВПК і нафтавыя кампаніі маюць значныя эканамічныя інтарэсы ў Іраку. Разам з тым, як паведамляецца, Расея часткова пагадзілася з канцэпцыяй так званых “разумных санкцыяў”, прапанаваных ЗША і Велікабрытаніяй. Сутнасьць гэтага падыходу – абсалютна жорсткае абмежаваньне магчымасьцяў для Іраку набываць матэрыялы, якія могуць быць выкарыстаныя ў ваенных мэтах. Менавіта гэтая праблема напачатку гэтага тыдня зрабіла відавочным тое, што процідзеяньне плянам Багдаду можа не абмежавацца эканамічнымі санкцыямі. У панядзелак прэзыдэнт ЗША Буш у катэгарычнай форме запатрабаваў, каб Багдад дазволіў вярнуцца ў краіну інспэктарам ААН, якія сачылі за тым, каб Ірак не вырабляў зброю масавага зьнішчэньня. Садам Гусэйн выгнаў інспэктараў з Іраку ў 1998 годзе.

Джордж Буш заявіў, што ваенная апэрацыя ў Афганістане – толькі пачатак барацьбы з тэрарызмам, і папярэдзіў Ірак і Паўночную Карэю, што ім ня будзе дазволена беспакарана вырабляць зброю масавага зьнішчэньня.

У адказ на патрабаваньне Вашынгтону Багдад адказаў катэгарычнай адмоваю. “Мы адхіляем мову пагрозаў, нахабства і тупасьці,” – так пракамэнтавала заяву прэзыдэнта Буша ўрадавая ірацкая газэта “АС-САУРА”. Адказваючы на пытаньне, што будзе, калі Багдад не дазволіць інспэктарам вярнуцца, прэзыдэнт Буш адказаў: “Яны ўбачаць”.

Паводле ацэнак экспэртаў, Ірак працягвае распрацоўваць зброю масавага зьнішчэньня. Ірак ужо ўжываў хімічную зброю у вайне з Іранам, а таксама пры падаўленьні курдскіх паўстанцаў. Гаворыць былы інспэктар ААН Рычард Жылінскас:

(Жылінскас: ) “Я магу выключыць пагрозу стварэньня Іракам балістычных ракетаў і ядзернай зброі. Аднак ніяк нельга выключыць пагрозу стварэньня хімічнай і асабліва біялягічнай зброі. Я мяркую, што Іраку было б вельмі лёгка аднавіць сваю праграму стварэньня біялягічнай зброі і распрацоўваць іншыя ня менш жахлівыя віды зброі.

Учора амэрыканскія самалёты, якія патрулявалі зоны, забароненыя для палётаў ірацкай авіяцыі на поўдні Іраку, нанесьлі ўдар па ірацкіх сыстэмах супрацьпаветранай абароны. Паводле тлумачэньняў Вашынгтону ўдары былі нанесеныя ў адказ на пагрозы з боку ірацкіх ракетных комплексаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG