Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МЕСЦА ПАХАВАНЬНЯ ЗАВАДЗКАГА ВЫДАЎ КГБ МАЛОДШЫ БРАТ СПЭЦНАЗАЎЦА ЮРЫЯ БУДЗЬКА ЎЛАДЗІМЕР БУДЗЬКО…”


Сяргегй Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “Такім чынам, людзі з расейскага войска, якія затрымлівалі Завадзкага ў Чачэніі, былі пасьля ўбачаныя Завадзкім у форме аддзелу Паўлічэнкі. Так я вас зразумеў?”

(Жарнасек: ) “Так. Менавіта так. І яны яго пазналі, вось у чым справа. Таму атрымліваецца так, што Лукашэнка, калі казаў, што Завадзкага я… ён ня ведаў на самой справе, таму што яму не даклалі пра тое яшчэ. Потым яму даклалі ўжо, ён ужо потым пагадзіўся з гэтай справай. А да гэтага ён сапраўды ня ведаў”.

(Навумчык: ) “Які тады быў сэнс у зьнікненьні, забойстве Завадзкага?”

(Жарнасек: ) “А вы ўявіце сабе такі варыянт, што спадар Завадзкі разам са спадаром Шараметам выдаюць гэтую інфармацыю ў эфір, аб тым што на тэрыторыі Расеі ваююць собраўцы спадара Паўлічэнкі – які будзе рэзананс, і міжнародны ў тым ліку? Гэтая вэрсія пацьвярджаецца наступнымі фактамі. Па-першае, тэлефон у Завадзкага праслухоўваўся. Ёсьць толькі адна фірма, скажам так, якая можа праслухоўваць тэлефонныя перамовы без санкцыі пракурора – гэта “фірма” спадара Васільчанкі, вялікага сябра спадара Шэймана, яна месьціцца на Талбухіна 5а і завецца Аддзел выведкі Рады Бясьпекі. Вось яны могуць праслухоўваць любыя перамовы і тэлефоны бяз санкцыі пракурора. Потым паглядзіце – нашто было ставіць машыну Завадзкага ў аэрапорце? Гэта ж прасьцей было скрасьці яго дзесьці па трасе, схаваць гэтую машыну, каб ніхто нідзе нікога не шукаў. Для чаго яе паставілі менавіта там? Для таго, каб кантраляваць Шарамета. Пры гэтым уявіце сабе – чалавек едзе на машыне Завадзкага ў аэрапорт. Міліцыя зьнятая ў той момант, бо ловіць некага па апэрацыі “Перехват”, нейкую срадзеную машыну. Хто мог даць пра гэта загад? Машына стаяла ў аэрапорце, каб кантраляваць дзеяньні Шарамета, каб Шарамет знаходзіўся ў аэрапорце гадзіну-паўтары і ўсе людзі, якім трэба. Ведалі, што Шарамет знаходзіцца менавіта ў аэрапорце, і калі трэба і яго яшчэ забраць, то… забярэм і Шарамета”.

(Навумчык: ) “Андрэй, калі б вы маглі даць параду суду ў справе Завадзкага, што б вы яму параілі?”

(Жарнасек: ) “Суду даваць парады цяжка. Мы спадзяваліся, што ў суда ёсьць яшчэ гонар і годнасьць, а яны проста вырашылі гэтую справу прычыніць, даць усім “вышак”, і каб гэтая справа была пахаваная. Павінен быць міжнародны суд. Вось у гэтым судзе ўсе распавядуць і пра справу Завадзкага, і пра справу Ганчара з Красоўскім, бо гэта ўсё зьвёны аднаго ланцужка. Спадар Угляніца хоча сказаць...”

(Угляніца: ) “Калі падпісвалі пад гэтую справу Ігнатовіча, праз некаторы час, зрабіўшы ператрус у яго машыне, знайшлі (пры паўторным вобыску) лапатку са сьлядамі крыві Завадзкага. Экспэртызу рабілі ў Расеі, яна пацьвердзіла, што кроў належыць Завадзкаму. Пытаньне – як яна аказалася ў машыне, якая была апячатаная і ўжо прагледжаная? Хто мог падкласьці?”

(Навумчык: ) “А калі яе праглядалі і апячатвалі, там рыдлёўкі не было?”

(Угляніца: ) “Не было. Падчас першага вобыску яе там не было”.

(Навумчык: ) “Значыць вы лічыце, што гэтую лапатку проста падкінулі падчас сьледзтва?”

(Угляніца: ) “Так, яе падкінулі падчас сьледзтва. І чаму да Ігнатовіча ў турму хадзіў міністар МУС Навумаў, чаго ён там дабіваўся? Ігнатовіч да гэтага крычаў, маўляў, я не вінаваты. Пасьля візыту ён змоўк. Мы ведаем прыкладна, як знайшлі труп Завадзкага і хто паказаў месца, дзе ён пахаваны”.

(Навумчык: ) “Вы можаце цяпер пра гэта сказаць?”

(Угляніца: ) “Цяпер мы можам пра гэта сказаць. Пра гэта апрача нас ведаюць яшчэ прыкладна чалавек 20. Сярод іх – былы старшыня КДБ Мацкевіч, былы пракурор Бажэлка, ведае Алкаеў, ведае Лапацік, ведае Сівакоў, ведае Паўлічэнка, ведае Навумаў, і ведае малодшы брат спэцназаўца Юрыя Будзько Ўладзімер Будзько, якога злавілі супрацоўнікі КДБ на даху музэя Янкі Купалы са снайпэрскай вінтоўкай, і якога туды пасадзіў Зьміцер Паўлічэнка… І вось пытаньне – каго ён павінен быў забіць?..”

(Навумчык: ) “Дык дзе цела Завадзкага?”

(Угляніца: ) “Дзе яно знаходзіцца зараз, я ня ведаю. Але месца, дзе яно было пахаванае, калі Завадзкі быў забіты, выдаў малодшы Будзько – Уладзімер Будзько, які зараз на свабодзе. Яму інкрымінавалі пасьля затрыманьня са снайпэрскай стрэльбай ці то крадзёж, ці то яшчэ што, ён быў асуджаны ўмоўна ваенным судом, і пакараньне яму было – папраўчыя работы ці нешта падобнае, бо яго адмазаў спадар Паўлічэнка…”


(Цыкль інтэрвію з Генадзем Угляніцам і Андрэем Жарнасекам будзе працягнуты)
XS
SM
MD
LG