Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БАЗЕ ЛЯГЕРУ ВАЛАНЦЁРАЎ МОЖА ПАЎСТАЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЬНАЯ КААЛІЦЫЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

На сёньняшняй начной варце ў Курапатах было 9 прадстаўнікоў Беларускай партыі свабоды, Маладога Фронту, руху "Зубр" і арганізацыі маладых сацыял-дэмакратаў. Будаўнічыя працы ў Курапатах аднавіліся сёньня а 8-й гадзіне раніцы, і ў асноўным рабочыя займаліся пракладкай вадасьцёку пад дарогай.

Паводле папярэдняга праекту, сьцёкавыя трубы будуць накіраваныя ў бок урочышча, аднак падобна на тое, што з гэтым пагадзіліся й назіральнікі ад грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" і валанцёры. Аўтары праекту пашырэньня дарогі сьцьвярджаюць, што вадасьцёк не пашкодзіць курапацкім пахаваньням, а на пабудову адмысловай дрэнажнай сыстэмы, каб накіраваць ваду на прылеглае да Курапатаў поле, няма сродкаў.

Затое валанцёры дамагліся, каб будаўнікі не чапалі ўсталяваных пад насыпам крыжоў. Гаворыць лідэр Партыі Свабоды Сяргей Высоцкі:

(Высоцкі: ) "Ёсьць значныя зьмены ў паводзінах будаўнікоў. Яны значна больш асьцярожна ставяцца да плянаў будаўніцтва, вельмі асьцярожна абыходзяцца з хрысьціянскімі крыжамі. Вы бачыце, што экскаватар поўзае з розных бакоў, але да крыжоў не дакранаецца. І гэта адбылося ў вялізнай ступені дзякуючы людзям, што тут знаходзяцца. Таксама ў нас ёсьць інфармацыя, што некалькі рабочых звольнілася, якіх гэта ўсё стаміла. Яны зразумелі, на чыім баку яны апынуліся дзякуючы абставінам, і чыю волю яны выконвалі".

Паводле валанцёраў, многія амонаўцы, якія дзяжураць у Курапатах, таксама падыходзяць да іх і выказваюць падтрымку. У курапацкі лягер апошнімі днямі прыяжджалі людзі з розных рэгіёнаў Беларусі й аказвалі падтрымку валанцёрам, у тым ліку й матэрыяльную. Спадар Высоцкі не выключае, што ў будучыні на базе курапацкага аб'яднаньня валанцёраў можа паўстаць новая нацыянальна-вызвольная кааліцыя. Сяргей Высоцкі працягвае:

(Высоцкі: ) "Узьнікла новая палітычная рэчаіснасьць, падабаецца гэта каму, ці не. Яна ўзьнікла. Паўстаў новы цэнтар сілы, зараз новая сытуацыя. Відавочна, зьявіўся нацыянальна-вызвольны лягер — тое, што мы называем беларускім вызвольным супрацівам. Ці будзе ён умацоўвацца далей, набываць абрысы фармальнага паяднаньня, пабачым. Ня буду прысьпешваць гэтыя падзеі".

А пра тое, чым займаюцца валанцёры ў Курапатах сёньня, распавядае жыхар лягеру Аляксей:

(Аляксей: ) "Сёньня, мы будзем рабіць пляцоўку пад намёт, у якім будуць праходзіць службы. Будзем прывозіць і выраўноўваць пясок, рыхтаваць месца пад намёт".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, ці робіце вы крыжы, і ці ўсталёўваеце іх апошнім часам?"

(Аляксей: ) "Апошнім часам крыжы былі зробленыя, але ўсталёўваць стала цяжэй, бо прамерзлая зямля. Як зробім крыжоў больш, тады й будзем усталёўваць".

Сёньня валанцёры вырашылі, што падрыхтаваныя крыжы будуць усталяваныя ў нядзелю пасьля набажэнства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG