Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПАЧАТКУ СЬНЕЖНЯ БУДЗЕ ВЯДОМАЕ ІМЯ НОВАГА КІРАЎНІКА КНГ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ


Уладзімер Глод, Менск

Міністар замежных справаў Румыніі Мірча Джоана цяпер ёсьць дзейным старшынём АБСЭ. Менавіта таму апошняе сёлета паседжаньне міністраў замежных справаў АБСЭ адбудзецца ў Бухарэсьце. На ім будзе названы пераемнік спадара Віка на пасадзе кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі. Гаворыць часовы павераны ў справах Румыніі Леанцін Пастор:

(Пастор: ) "Канечне, амбасадар Вік працуе ў Беларусі амаль чатыры гады, і таму Сталы камітэт АБСЭ вырашыў прызначыць на ягонае месца іншага, каб спадар Вік завяршыў тут місію. Цяпер ідуць перамовы і кансультацыі наконт канкрэтнай кандыдатуры. Наколькі я ведаю з друку, Беларусь хоча паказаць, што для яе няма вялікай розніцы, зь якой краіны будзе гэты чалавек, галоўнае — хто будзе канкрэтна".

Між тым, яшчэ падчас візыту ў Менск дэлегацыі адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ на чале з Утай Цапф у палітычных кулюарах актыўна абмяркоўвалі гэтую праблему. Тады казалі, што месца кіраўніка КНГ застанецца за прадстаўніком Нямеччыны. Больш за тое, казалі, што гэта будзе былы амбасадар Нямеччыны ва Ўкраіне.

У бухарэсцкім паседжаньні возьме ўдзел і міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў. Журналісты спыталіся ў румынскага дыплямата, наколькі адпавядаюць рэчаіснасьці зьвесткі пра тое, што спадар Хвастоў зьвяртаўся ў амбасаду па дапамогу ў арганізацыі сустрэчы з прэзыдэнтам і прэм'ерам ураду Румыніі. Спадар Пастор не пацьвердзіў гэтых зьвестак.

Міністар замежных справаў Румыніі Мірча Джоана так і не знайшоў часу наведаць Беларусь. Малаверагодна, што ён здолее гэта зрабіць, паколькі з 1 студзеня наступнага году дзейным старшынём АБСЭ стане міністар замежных справаў Партугаліі. Чаму за год спадар Джоана ня змог прыехаць у Беларусь, хаця ён быў ня раз у Маскве, Кіеве, Варшаве, іншых сталіцах суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў? Часовы павераны на гэтае пытаньне адказаў:

(Пастор: ) "Візыт, які першапачаткова плянаваўся на ліпень, не адбыўся з розных прычынаў. Па-першае, трэба думаць, якія вынікі прынясе такі візыт. А па-другое, амаль штомесяц Беларусь наведвала дэлегацыя Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ".

Транзытная віза праз Румынію ў Баўгарыю зь Беларусі сёлета каштуе аж 35 даляраў. А баўгары выдаюць сваю візу бясплатна. Журналісты спыталіся ў Леанціна Пастора, ці магчыма, каб Румынія зьменшыла кошт транзытнага праезду. Часовы павераны адказаў, што ў 2002 годзе румынскі й беларускі бакі абмяркуюць гэтую праблему.


XS
SM
MD
LG