Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІЯ КУЛЬТУРНЫЯ АСЯРОДКІ Ў ЗАМЕЖЖЫ: VILLA SOKRATAS


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Сакрат Яновіч, Юрка Хмялеўскі, Эльжбэта Смулэк, Ян Максімюк.

Гісторыя беларускай культуры трымаецца на асобах, што і сёньня самаахвярна робяць тую працу, якую ў іншых краінах бяруць на сябе акадэміі, інстытуты ці нейкія іншыя ўстановы. Вацлаў Ластоўскі, Анатоль Клышка, Міхась Раманюк, Янка Станкевіч, Валянціна Пашкевіч... Пералік можна працягваць да бясконцасьці, пагатоў час прыносіць нам новыя і новыя імёны.

Адно зь іх – Сакрат Яновіч, пісьменьнік зь Беласточчыны, які стварыў праект узаемапранікненьня паміж беларускай і эўрапейскай літаратурамі праз закладзены ім у 1999 годзе літаратурны асяродак “Villa Sokrates” і выданьне гадавікоў “Annus Albaruthenicus”.

“Villa Sokrates”, – кажа Сакрат Яновіч, – гэта супраціў працэсу зьнішчэньня беларускай культуры, які набыў асаблівы размах пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі. Галоўная стратэгія барацьбы – стварэньне ў Эўропе гнёздаў зацікаўленьня беларушчынай.

Што ўдалося зрабіць за мінулыя два гады на гэтым шляху?

Гаворыць Сакрат Яновіч”.

(Яновіч: ) “Удалося на дзіва шмат. Перш за ўсё ўдалося арганізаваць тры разы “Беларускія трыялёгі”, зарыентаваныя на Захад – Нямеччыну, Францыю, Англію, Скандынавію, Італію і, апошнім часам, на Аўстрыю. У гэтых “Трыялёгах” прыняло ўдзел каля поўсотні людзей, якія зацікаўленыя беларускай літаратурай. Галоўная мэта аб’яднаньня зводзіцца да таго, каб беларускую літаратуру ўвесьці ў эўрапейскую сьвядомасьць. Інтэлектуалы і інтэлігенцыя эўрапейская ў большасьці амаль ня ведаюць пра існаваньне беларускай літаратуры. Выдалі мы за гэты час два гадавікі пад лацінскаю назваю “Annus Albaruthenicus”, што значыць “Год беларускі”. Лацінская назва таму, каб не перакладаць – лацінскую мову ў Эўропе ведаюць. Гадавік выходзіць на мовах Эўропы. Гэта значыць, што мы ўзялі прынцып, калі ўсё, што пішацца пра беларускую літаратуру ці шырэй пра культуру, публікуем на мовах іх аўтараў. Да гэтых іншамоўных тэкстаў заўсёды дадаем рэзюмэ. Усё што па-беларуску – гэта пераклады з заходнеэўрапейскіх літаратураў”.

(Карэспандэнт: ) “На якога чытача разьлічаны ваш гадавік?”

(Яновіч: ) “Гэты гадавік перш за ўсё прызначаны для чытача заходняга, таксама і для беларускага. Беларускі літаратурны густ, беларускую літаратурную сьвядомасьць насыціць трэба літаратураю эўрапейскай. У беларускай літаратуры гэтых перакладаў ёсьць мала. Аказалася даволі шмат людзей на Захадзе, зацікаўленых беларускай літаратурай”.

(Карэспандэнт: ) “Як шырока распаўсюджваецца выданьне, ці маюць яго замежныя бібліятэкі?”

(Яновіч: ) “Так, усе маюць. Я маю зь бібліятэк асобную папку падзякаў, бо бібліятэкі ўспрымаюць гэты гадавік як сэнсацыю”.

(Карэспандэнт: ) “Які наклад гадавіка ?”

(Яновіч: ) “Мы пачалі са 150 асобнікаў, а даходзім ужо да 500.
У Заходняй Эўропе ў сучасны момант узьнікае цэлы гурт навукоўцаў, літаратурных крытыкаў, пісьменьнікаў, якія цікавяцца беларускай літаратураю вельмі моцна”.

(Карэспандэнт: ) “Як навязваюцца кантакты зь імі?”

(Яновіч: ) “Ад свайго імя я магу зьвяртацца да шматлікіх інтэлектуалаў у Эўропе, да тых, якія, скажам, цікавяцца ці маёй творчасьцю, ці Беларусьсю. Яны на мае пісьмы рэагуюць. Найцяжэй было выдаць першы выпуск. Ужо з другім выпускам я ўжо клопатаў ня меў”.

(Карэспандэнт: ) “Пераважна Вы кантактуеце з заходнімі краінамі, а якія сувязі маеце зь Беларусьсю?

(Яновіч: ) “Мяне цікавяць перакладчыкі, у Менску ёсьць вельмі добрыя перакладчыкі з эўрапейскіх літаратураў”.

(Карэспандэнт: ) “Сярод стваральнікаў “Villa Sokratas” быў вядомы мастак Лёнік Тарасэвіч, зь якім у Вас склаўся своеасаблівы творчы тандэм, ён ілюстраваў Вашую кніжку на італьянскай мове. Які яго ўдзел у працы Villy?”

(Яновіч: ) “Першы выпуск, праект афармленьня рабіў Лёнік Тарасэвіч. Той першы выпуск як бы меў падвойную функцыю. Сам экзэмпляр быў і творам мастацтва”.

Дзейнасьць у “Villa Sokratas” – гэта толькі невялікая частка працы, якую робіць дзеля беларускай культуры Сакрат Яновіч. Сёлета 4 верасьня ён адзначыў свой 65-гадовы юбілей, да якога прыйшоў з важкай кайстраю творчых набыткаў – 25 выдадзеных кніжак.

Польскія ўлады ганаравалі пісьменьніка Кавалерскім крыжам адраджэньня Польшчы ад імя прэзыдэнта, ад міністэрства замежных справаў ён атрымаў узнагароду за заслугі дзеля пашырэньня добрага імя Польшчы ў сьвеце. Хаця ён найперш працаваў дзеля Беларусі, беларускія ўлады ніяк не ўшанавалі вядомага літаратара і грамдзкага дзеяча.

(Яновіч: ) “Я ад іх прызнаньня не чакаю. Але зь Беларусьсю ня ёсьць так кепска, бо выдалі мне там некалькі кніжак. Я ўсё пра Беларусь думаю, проста мне робіцца цяжка. Беларусь ідзе да ямы і ў яму гэту ўваліцца. “Рэзэрвацыя Беларусь” – я спрабаваў зрабіць нейкі аналіз, чаму так ёсьць. Школы гэтыя масавыя, шматтысячныя, а беларускіх няма. Літаратура беларуская існуе – вось гэта дзіўна! Яна як бы расьце на падсечаным корані, нацыю зьнішчылі”.

Літаратурныя сустрэчы ў Крынках аб’ядноўваюць удзельнікаў з трох бакоў – зь Беласточчыны, зь Беларусі і Эўропы. Больш падрабязна пра “Беларускія трыялёгі” мы папрасілі расказаць сакратара “Villa Sokratas”, тэхнічнага рэдактара гадавіка Юрку Хмялеўскага, які добра вядомы яшчэ і як рэдактар беластоцкага пэрыёдыка “Часапіс”.

(Хмялеўскі: ) “Пакуль узьнікне чарговы нумар “Annus Albaruthenicus”, яго аўтары зьяжджаюцца ў Крынкі летам штогод, і мы рыхтуем для іх літаратурныя бяседы. Гэта адбываецца у доме непадалёк Крынак, варункі там даволі камфортныя, ваколіцы прыгожыя і нашым гасьцям гэта вельмі падабаецца. У гэтым годзе былі перакладчыкі беларускай літаратуры са Швэцыі, з Рэспублікі Беларусь нашы сябры, прыяжджаюць немцы, прыяжджаюць зь Вялікабрытаніі. Спадзяемся, што ў будучым годзе зьявіцца нехта з Італіі. Вынікам гэтых бяседаў пасьля ёсьць выпуск гадавіка. Мы маем дамову з нашымі ўдзельнікамі, што яны самі рыхтуюць на кампутары свае публікацыі, і я мантую іх у адзінае цэлае”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Юрка, як на Беласточчыне, у цэлай Польшчы ўспрымаецца дзейнасьць вашага асяродка, ці стала гэта нейкай адметнай зьяваю?”

(Хмялеўскі: ) “Villa Sokrates ёсьць тут вядомым асяродкам. Калі адбываюцца трыялёгі, тады пішуць пра наша гэта мерапрыемства амаль у кожнай газэце, гаворыцца на радые і тэлебачаньні. Усе ведаюць і ганарацца, што людзі з цэлага сьвету прыяжджаюць у Крынкі. Войт наш заўсёды прысутнічае і адкрывае нашу імпрэзу. Мы час ад часу запрашаем нейкіх вядомых асобаў з польскага кола інтэлектуальнага, менавіта тых, хто цікавіцца беларускай культурай, літаратурай”.

Сярод іх была і прафэсар-славіст Варшаўскага ўнівэрсытэту, загадчык катадры беларускай культуры Беластоцкага ўнівэрсытэту, былы амбасадар Польшчы ў Беларусі сп. Эльжбэта Смулэк.

(Смулэк: ) “Лічу, што гэта вельмі добрая ініцыятыва Сакрата Яновіча, таму што ён стварае магчымасьць сустрэчы розных людзей з краінаў Эўропы і зь Беларусі, якія могуць нешта зусім новае даведацца пра беларускую культуру, могуць падзяліцца сваімі ведамі прафэсійнымі. Так што значэньне для інфармацыі, для прапаганды беларускай культуры, фактычна, вялікае і вельмі добра, што гэта ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Вашыя публікацыі таксама ёсьць у зборніку?”

(Смулэк: ) “У зборніку я падала артыкул адносна таго, ці можна гаварыць аб білінгвізме ў Беларусі. Гэта такі практычны мовазнаўчы артыкул, які разглядае рознага тыпу адносіны паміж літаратурнай беларускай мовай і рускай мовай у практыцы і адначасова паміж іншымі мовамі, якія існуюць у Беларусі, напрыклад, гутарковай польскай і дыялектамі беларускамі”.

Мы зьвярнуліся да аналітыка ў галіне беларускай культуры, перакладчыка Янкі Максімюка з просьбаю выказаць свой погляд на ролю гэтага культурнага асяродку.

(Максімюк: ) “Калі мець на ўвазе “Villa Sokratas” і выданьне “Annus Albaruthenicus”, то трэба сказаць, што тут проста стаіць адна асоба – Сакрат Яновіч. Калі бярэцца за працу адзін чалавек, ён сам увасабляе сваю ідэю і шанцаў намнога больш, што гэты ягоны праект акажацца больш арыгінальным. Гэта ёсьць арыгінальны праект, асаблівы, такога чагосьці не было да гэтай пары ў беларускай культуры. Але мне здаецца перш за ўсё ён асаблівы тым, што выходзіць на некалькіх мовах эўрапейскіх адразу. Тут ёсьць і свае перавагі, але ёсьць істотныя заганы”.

(Карэспандэнт: ) “Што Вы маеце на ўвазе?”

(Максімюк: ) “Калі глядзець на кола атрымальнікаў, чытачоў такога часопісу, то мусім сказаць, што ён даволі вузкі, колькі можна знайсьці людзей у Беларусі ці Эўропе, якія былі б у змозе прачытаць усе тэксты, якія напісаны часам на 5-6 мовах? Але праект “Villa Sokratas” – гэта ня толькі папяровае выданьне часопісу, гэта нешта больш глыбокае і шырокае, у гэтым ёсьць сэнс. Менавіта гэтыя спатканьні, якія Сакрат Яновіч робіць, арганізуе людзей – перакладчыкаў ці проста філёлягаў, якія зацікаўленыя беларускай тэмай, якія прыяжджаюць да яго – гэта мае сэнс. Людзі зьяжджаюцца, спатыкаюцца, абмен думкамі не праз часопіс, а непасрэдны, ён самы плённы, самы пэрспэктыўны на будучыню”.

Апрача “Villy Sokratas” за мяжой Беларусі дзейнічаюць іншыя асяродкі беларускай культуры. Адзін зь іх – Інстытут Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, якому сёлета ў сьнежні спаўняецца 50 гадоў, але пра гэта ў адным з наступных выпускаў перадачы “Беларускае замежжа”.
XS
SM
MD
LG