Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У САЮЗЕ БЕЛАРУСІ І РАСЕІ МОГУЦЬ ЗЬЯВІЦЦА ПАСАДЫ ПРЭЗЫДЭНТА І ВІЦЭ-ПРЭЗЫДЭНТА


Юры Дракахруст, Прага

Паводле словаў расейскага прэзыдэнта, быў падрабязна абмеркаваны ўвесь комплекс двухбаковых праблемаў – эканамічных, ваеных, міжнародных. “Нам наўрад ці засталося штосьці дадаць адзін для аднаго,” – сказаў Уладзімер Пуцін. Са свайго боку Лукашэнка адзначыў, што два кіраўнікі вырашылі не адыходзіць ад курсу на стварэньне саюзнай дзяржавы. Напярэдадні сустрэчы яшчэ ў Менску Лукашэнка паведаміў, што зьбіраецца абмеркаваць з Пуціным, як выконваюцца пункты дамовы пра стварэньне саюзнай дзяржавы.
Варта прыгадаць, што паводле праграмы дзеяньняў, якая ёсьць дадаткам да саюзнай дамовы, ужо ў гэтым годзе меркавалася перайсьці да адзінай падатковай палітыкі, дэкляравалася ўсталяваньне адзіных умоваў гаспадараньня для беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў.
Дарэчы, напярэдэдні сустрэчы міністар замежных справаў Беларусі Хвастоў казаў, што менавіта гэты пункт мусіць стаць адным з галоўных на перамовах у Маскве.

Напярэдадні сустрэчы Лукашэнка і Пуцін абменьваліся цёплымі словамі. Расейскі прэзыдэнт адзначыў, што ў Расеі высока ацэньваюць схільнасьць Аляксандра Лукашэнкі да пабудовы саюзнай дзяржавы. “Гэта сутнасьць Вашай палітыкі ў апошнія гады,” – сказаў Пуцін, зьвяртаючыся да Лукашэнкі. У сваю чаргу кіраўнік Беларусі абверг зьвесткі пра пахаладаньне беларуска-расейскіх адносінаў. Гэта абсалютна ня так, – сказаў ён і дадаў, што ў разьвіцьцё адносінаў з Расеяй “укладзена ўсё ягонае жыцьцё”.

Што ж стаціць за гэтым абменам ветлівасьцямі, якія вынікі сёньняшняй сустрэчы? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да дырэктара расейскага Інстытуту палітычных праблемаў Сяргея Маркава.

(Маркаў: ) “Наколькі я разумею, вырашэньня нейкіх прынцыповых пытаньняў не адбылося, адбыўся агульны дыялёг па большасьці палітычных праблемаў. Абодва лідэры абверглі чуткі пра ахалоджваньне адносінаў і пра спыненьне будаўніцтва саюзнай дзяржавы. Аднак хутка гэтая праца ісьці ня можа, бо асноўныя супярэчнасьці засталіся нявырашаныя.

Першая – якой будзе адзіная палітычная сыстэма? Расейскія дэмакратычныя інстытуты значна больш разьвітыя, чым ў Беларусі, у Беларусі моцныя аўтарытарныя тэндэнцыі. Як аб’ядноўвацца?

Другое – калі аб’ядноўваюцца эканомікі, ідзе стварэньне рублёвай зоны, то дзе цэнтар прыняцьця рашэньняў? Ён ня можа быць парытэтны. Паколькі галоўную ролю адыгрывае расейская эканоміка, то гэты цэнтар мусіць быць у Расеі. Але тады якая роля беларускага кіраўніцтва? Гэта ўсё пакуль незразумела.

Відавочна, што зараз галоўная праблема Расеі – гэта інтэграцыя ў эўрапейскія структуры, у той час як Аляксандар Лукашэнка мае жудасную рэпутацыю ў Эўропе. Ідэальным варыянтам было б, калі б Лукашэнка прыняў бы расейскіх дарадцаў, каб забясьпечыць тэрміновую дэмакратызацыю хаця б да ўзроўню Расеі. Аднак наўрад ці Лукашэнка гатовы пайсьці на гэта.

Наколькі я разумею, сёньняшняя сустрэча не наблізіла бакі да вырашэньня гэтых праблемаў. Але яна зафіксавала, што з часу папярэдняй сустрэчы бакі не аддаліліся адзін ад аднаго. Выказваліся меркаваньні, што пасьля збліжэньня Расеі з Захадам праект саюзнай дзяржавы будзе пакладзены ў “доўгую скрыню”. Аднак два лідэры падкрэсьлілі, што гэта ня так, што праца пабудовы саюзнай дзяржавы ідзе”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG