Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ЗАБОЙСТВА ШВЭДЗКАГА АПЭРАТАРА НА ПОЎНАЧЫ АФГАНІСТАНУ НЕ ЗАСТАЛОСЯ ЖУРНАЛІСТАЎ


Радыё Свабода.

(Дзятліковіч: ) “Супрацьлеглыя зьвесткі прыходзілі сёньня з-пад Кандагару. Крыніцы ў кіраўніцтве Талібану паведамляюць пра тое, што там загінула 16 амэрыканскіх дэсантнікаў. Паведамляецца, што талібы штурмавалі пазыцыі амэрыканскіх дэсантнікаў, што зладзілі сваю базу ў 80 км. ад Кандагару. Прадстаўнікі Пэнтагону адкідаюць гэтую інфармацыю.

Працягваюцца баі ля гораду Кундуз. Большасьць з групоўкі талібаў там разьбітая. Сёньня прыйшлі зьвесткі ад прадстаўнікоў Паўночнага альянсу пра тое, што яшчэ дзьве тысячы талібаў здаліся ў палон. Такім чынам, агульная колькасьць талібаў, якія здаліся ў палон у тым раёне, складае 18 тысяч чалавек. З гэтага ўзьнікае іншая праблема, а менавіта – дзе трымаць гэтых талібаў. Як мы ведаем, некалькі дзён таму палонныя талібы ў Мазары-Шарыфе ўзьнялі паўстаньне, якое толькі сёньня канчаткова было падаўленае. Такім чынам узьнікае небясьпека новых паўстаньняў палонных талібаў. Напрыклад, захады бясьпекі былі ўзмоцненыя сёньня ў Кабуле, дзе таксама ёсьць турма для палонных талібаў, там трымаюць каля 2000 чалавек. Сёньня начальнік гэтай турмы даваў адмысловае інтэрвію для журналістаў і жыхароў гораду, сьцьвярджаючы, што нікому зь іх не пагражае нейкая небясьпека, і што ахова турмы вельмі добрая – ніводзін таліб ня здолее раззброіць ахову і ўцячы на волю.

Але сярод журналістаў непакой існуе, бо два дні таму ў горадзе Талукан быў забіты адзін з журналістаў – апэратар чаьцвертага швэдзкага каналу. Пасьля гэтага ўсе журналісты з тога гораду паляцелі ў Душанбэ, у выніку чаго на поўначы Афганістану зараз практычна няма журналістаў, яны працуюць толькі ў Кабуле, дзе знаходжуся і я.

Часам сярод журналістаў узьнікае паніка. Напрыклад, сёньня зьявіліся зьвесткі, быццам бы амэрыканскія дыпляматычныя крыніцы распаўсюдзілі сярод журналістаў сакрэтныя паведамленьні пра тое, што яны не рэкамэндуюць ім знаходзіцца на тэрыторыі Афганістану, і каб яны не кантактавалі з прадстаўнікамі руху Талібан, бо нібыта талібы маюць на мэце запрасіць да сябе вялікую колькасьць замежных журналістаў быццам бы на найкую прэсавую канфэрэнцыю ці яшчэ на нейкую падзею і ўзяць іх у закладнікі. Такім чынам ангельскія спэцслужбы папярэджваюць журналістаў, што ні ў якім выпадку ня трэба кантактаваць з Талібанам, бо можна апынуцца ў палоне. Кажуць таксама, што талібы пасьля будуць мяняць журналістаў на сваіх палонных”.

XS
SM
MD
LG