Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ БАЖЭЛКА СЬВЕДЧЫЦЬ СУПРАЦЬ ШЭЙМАНА?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Цікава, што рашэньне судзьдзі Сіманава выклікаць Бажэлку на допыт сталася вынікам хадайніцтва, якое было зробленае дзяржаўным абвінаваўцам на працэсе супраць групоўкі Ігнатовіча спадаром Шкедавым. Такім чынам, можа атрымацца, што паводле прапановы пракурора ў судзе выступіць былы генэральны пракурор супраць цяперашняга кіраўніка пракуратуры.

Аднак назіральнікі мяркуюць, што найхутчэй Алег Бажэлка ня скажа ні слова супраць свайго спадкаемцы Віктара Шэймана. Аргумэнт на карысьць гэткай вэрсіі будучых падзеяў вылучаецца наступны -— дзяржаўны абвінаваўца не адразу запатрабаваў выклікаць Бажэлку на допыт, а толькі празь дзень пасьля таго, як ягонае імя прагучала ў судзе. Маўляў, за дзень яны ўзгаднілі пазыцыі, і цяпер арганізатары працэсу могуць не палохацца, што на судзе прагучаць нейкія зьвесткі, якія кампрамэтуюць Шэймана.

Прычынай выкліку Бажэлкі на працэс па справе Ігнатовіча сталі сьведчаньні на судзе ў панядзелак з боку журналіста ОРТ Паўла Шарамета, які, спасылаючыся на словы Бажэлкі, абвінаваціў у датычнасьці да выкраданьня Завадзкага генэральнага пракурора Віктара Шэймана.

Паводле Шарамета, Алег Бажэлка, калі хаваўся непадалёк ад Масквы ў манастыры, распавёў Шарамету і пра арышт камандзіра СОБРа Паўлічэнкі, людзей якога падазравалі ў выкраданьні Завадзкага, і пра тое, што наступным арыштаваным павінен быў стаць Шэйман. Таксама журналісту нібыта сталі вядомыя падрабязнасьці таго, як удалося спыніць сьледзтва паводле ўжо фактычна раскрытага злачынства. Маўляў, гэта адбылося ізноў з удзелам Віктара Шэймана.

Паводле крыніцаў з суду, ужо пры першай згадцы Шараметам прозьвішча Шэймана пракуроры раптам замаўчалі, а судзьдзя зрабіў спробу спыніць Шарамета. Аднак пачалі задаваць пытаньні адвакаты, і Шарамет здолеў выказацца.

Праўда, цяпер назіральнікі за працэсам не выключаюць, што журналіста могуць абвінаваціць у паклёпе. "Цалкам магчыма, што Бажэлка заявіць, што нічога такога не казаў Шарамету", — пракамэнтаваў сытуацыю адзін з удзельнікаў працэсу. Між тым Павал Шарамет, ад'яжджаючы ўчора зь Менску заявіў, што не выключае і такога павароту падзеяў ды гатовы да сустрэчы з Бажэлкам у судзе на вочнай стаўцы.

Праўда, дагэтуль застаецца адкрытым пытаньне, ці прыйдзе Алег Бажэлка ў суд. Паводле крыніцаў, судзьдзя Сіманаў хаця і задаволіў хадайніцтва аб ягоным допыце як сьведкі, але выглядаў пры гэтым вельмі няпэўным.

Быццам ён заўважыў, што Бажэлку яшчэ трэба адшукаць і дастаткова няўпэўнена заверыў, што такія спробы будуць зробленыя. Удзельнікі працэсу зьдзіўленыя — няўжо гэтак складана знайсьці экс-генпракурора Алега Бажэлку? Ён два месяцы таму вярнуўся з Расеі і жыве ў сваёй кватэры па адрасе вуліца Чкалава 18, корпус 1, 21. Праўда, на тэлефонныя званкі Бажэлка не адказвае, ў чым і я пераканаўся сёньня. Але наўрад ці гэта непераадольная перашкода дзеля таго, каб уручыць былому генпракурору пазоў у суд, лічаць удзельнікі працэсу.

Тымчасам генпракурор Віктар Шэйман абвяргае вылучаныя супраць яго абвінавачаньні, аднак устрымліваецца ад таго, каб размаўляць на гэтую тэму з журналістамі.

XS
SM
MD
LG