Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНАЕ АГЕНЦТВА ПА ГАРАНТАВАНЬНІ ІНВЭСТЫЦЫЯЎ НЯ ЎБАЧЫЛА Ў БЕЛАРУСІ ЗЬМЕНАЎ ДА ЛЕПШАГА


Міхал Стэльмак, Менск

Спадар Скрымжу правёў сёньня перамовы з кіраўніцтвам ураду. Перамовы тычыліся інвэстыцыйнай палітыкі Беларусі. Вось што віцэ-прэзыдэнт Міжнароднага агенцтва па гарантаваньні інвэстыцыяў паведаміў нашаму радыё:

(Скрымжу: ) "Беларусь займае гэткую пазыцыю, што замежныя інвэстыцыі надзвычай нізкія. Чаму? Адказ вельмі просты: бо інвэстыцыйны клімат ня садзейнічае прыцягненьню замежных інвэстыцыяў. Ёсьць некалькі асноўных перашкодаў".

У іхным ліку, на думку вашынгтонскага госьця, недасканалая падатковая палітыка і празьмернае адміністрацыйнае рэгуляваньне эканамічных працэсаў. Але найпершай перашкодай, як вынікае зь ягонага тлумачэньня, ёсць неўрэгуляванасьць у краіне пытаньня ўласнасьці.

Канфіскацыя маёмасьці, паводле сумнавядомага дэкрэту №40 Аляксандра Лукашэнкі, атрымала ў атачэньні замежных інвэстараў гучны розгалас. Для інвэстараў, напалоханых пазасудовым пазбаўленьнем маёмасьці, Беларусь сталася зонай высокай палітычнай рызыкі. Прычым нават нягледзячы на скасаваньне гэнага дэкрэту, рызыка ўсё яшчэ істотная.

Міжнароднае агенцтва па гарантаваньні інвэстыцыяў пакуль што ня зьбіраецца страхаваць інвэстараў, якія наважацца прыйсьці цяпер на беларускі рынак. Менавіта пра гэта спадар Скрымжу паведаміў сёньня і прадстаўнікам афіцыйнага Менску. Паводле ягоных словаў, перадумовай такіх гарантыяў мусіць быць забесьпячэньне незваротнасьці станоўчых пераменаў. Пакуль што пра гэта казаць заўчасна. І ня толькі з прычыны няпэўнасьці гэтых працэсаў у сфэры ўласнасьці:

(Скрымжу: ) "Я хацеў бы таксама зазначыць, што для Беларусі важна працягваць працэс далейшай лібэралізацыі цэнаў. Перавагі, якія атрымае краіна ў выніку адмовы ад кантролю за цэнамі, дазволяць падвысіць эфэктыўнасьць як у справе вытворчасьці, так і ў пытаньні распрацоўкі новых тавараў".


XS
SM
MD
LG