Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДНОСІНЫ ПАМІЖ ВАЛАНЦЁРАМІ Й АКТЫВІСТАМІ ІНІЦЫЯТЫВЫ "ЗА ВЫРАТАВАНЬНЕ МЭМАРЫЯЛУ КУРАПАТЫ" СТАЛІ НАПРУЖАНЫМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Будаўнікі на курапацкім участку кальцавой дарогі Менску сёньня падсыпалі пясок, а таксама капалі канаву для пракладкі вадасьцёку. Яна ўжо амаль цалкам гатовая, і трубы вадасьцёку будуць накіраваныя ў бок Курапатаў.

Прараб будоўлі сёньня заявіў, што насып дарогі будзе выраўноўвацца, а таму давядзецца выкапаць на пэўны час усталяваныя там крыжы. Паводле прараба, дамоўленасьць пра гэта была дасягнутая ўчора падчас ягонай сустрэчы з назіральнікамі ад грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" спадарамі Кішкурнам і Міхновым.

Самі назіральнікі заяўляюць, што гэта ня так — была толькі дасягнутая дамоўленасьць, каб будаўнікі рабілі адхон дарогі ахайна й не чапалі ўсталяваных крыжоў. Гаворыць старшы ў лягеры курапацкіх валанцёраў Алесь Гетман:

(Гетман: ) "Калі былі назіральнікі з ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты", яны дамовіліся з будаўнікамі, што будуць выкопваць крыжы й адстаўляць іх у бок. "Моладзь у абарону Курапатаў" супраць гэтага. Мы крыжы выкопваць не зьбіраемся й будзем іх бараніць. Крыжы асьвечаныя Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквой, і яны ёсьць першай часткай мэмарыялу".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, ці адчуваецца прысутнасьць міліцыі? Ці ёсьць яны сёньня, што яны робяць?"

(Гетман: ) "Міліцыянты ёсьць. Два ЎАЗікі былі з раніцы, цяпер пакуль застаўся адзін. Яны стаяць і з машынаў не выходзяць. Адзін паезьдзіў тут і зьехаў. Невядома, куды яны зьехалі. Але ёсьць інфармацыя, што ў іх сёньня ўзмоцнены патруль. Вядома, што гэта зьвязана з нашым супрацьстаяньнем будаўнікам, з-за крыжоў. Нічога, мы гэтага не баімся".

Дарэчы, адчуваецца, што паміж валанцёрамі (а сёньня начавалі ва ўрочышчы 12 чалавек) і актывістамі грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" існуе сур'ёзнае напружаньне ў адносінах. Валанцёры крыўдуюць, што яны ўжо нібыта не патрэбныя актывістам ініцыятывы, ды наагул справа абароны Курапатаў ня вельмі цікавіць большасьць апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.

Актывісты ж грамадзкай ініцыятывы кажуць, што валанцёраў пачалі выкарыстоўваць як прыладу ва ўнутрыпартыйнай барацьбе. Гаворыць сакратарка грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" Ірына Жыхар:

(Жыхар: ) "Канфлікту з нашага боку няма. Мы спадзяемся, што вырашаем агульную справу. Але трэба несьці адказнасьць за ўсё тое, што ты сам робіш. Маладыя людзі вырашылі праводзіць там дзяжурствы, робяць гэта добраахвотна. А потым кажуць, што вы дрэнныя, таму, што мы тут сядзім, а вы нам не прыносіце ежу й цёплыя рэчы.

А я задаю пытаньне — спадарства, калі вы прымалі рашэньне, чаму вы з намі не параіліся? Я лічу, што начныя дзяжурствы нямэтазгодныя. Начныя працы цяпер не вядуцца. Працы пачынаюцца а 8-й гадзіне раніцы. І калі ёсьць жаданьне назіраць за працамі, гэта магчыма рабіць з самай раніцы да позьняга вечара".

Сябры грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" спадзяюцца, што на наступным паседжаньні яны вырашаць з маладымі валанцёрамі ўсе ўзьніклыя непаразуменьні.


XS
SM
MD
LG