Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАГО МОЖНА ЧАКАЦЬ АД НОВАГА ЎРАДУ?


Радыё Свабода.

(Залескі: ) “Зьяўленьне чарговай урадавай праграмы ня ёсьць надзвычайным здарэньнем дзеля нашага краю, гэтак сама як і зьяўленьне чарговага ўраду.

Безумоўна, дакумэнты такога кшталту рыхтуюцца буйнымі групамі спэцыялістаў. Адмыслоўцы ў галіне прагназаваньня і плянаваньня ў нас ёсьць. Іхная кваліфікацыя бясспрэчная. Праграмы атрымліваюцца дасканалыя.

Каб жыцьцё было такое, як праграмы. Не атрымліваецца. Чаму? Адказу на тое ў праграме няма і быць не павінна. Бо адказы на гэтыя пытаньні маюць палітычны, альбо палітыка-эканамічны характар.

Па-першае, ці здольны хто-небудзь паставіць пад праграмай сваё імя, як той Гайдар у Расеі, альбо Бальцаровіч у Польшчы? Не. Таму што гэта праграма не стваральнікаў канцэпцыяў, а выканаўцаў.

Па-другое, калі гэтая праграма нават найлепшых выканаўцаў, то ці здольныя яны дасягнуць новай мэты, калі ідуць у тым самым накірунку, што і іхныя папярэднікі? Не. Таму што накірунак вызначае адзін чалавек — прэзыдэнт.

Па-трэцяе. Нават пры захаваньні пэўнага кірунку можа быць паляпшэньне жыцьця, калі рух паскараецца, арганізаванасьць узмацняецца, ці то адбываецца якое яшчэ ўдасканаленьне. Дзеля таго павінныя быць зьмененыя некаторыя базавыя прынцыпы і падыходы. Маю на ўвазе прамысловую і аграрную палітыку, дзеяньні ў галіне прыватызацыі і, самае галоўнае, заканадаўчыя рамкі, што ствараюць упэўненасьць у інвэстараў. Пытацца пра тое, ці гарантуе іх новая праграма, марны занятак.

Калгасы застаюцца? Застаюцца. Гіганты вытворчасьці, гэтыя сьвяшчэнныя каровы савецкіх часоў, застаюцца. А карміць іх трэба зь бюджэту. Грувасткая сыстэма кантралюючых і надзорчых інстанцыяў застаецца таксама. Нават узмацняецца.

Бюджэтныя праблемы будуць надалей невырашальныя, дзеля таго, што Нацыянальны банк ня мае стымулаў дзеля ўзгадненьня сваіх дзеяньняў зь Міністэрствам фінансаў.

То чаго мы павінны чакаць ад новай праграмы? Таго эфэкту, каторы дае напачатку новая мяцёлка. Яна лепей мяце. Вось і новы ўрад з новай праграмай будзе яшчэ крыху выціскаць апошнія кроплі з народнай гаспадаркі, бы то са старога лімону.

Трыюмфу адміністрацыйнага рэсурсу ня будзе. Але інэрцыя ў Беларусі — рэч істотная. Так што жыць будзем. Як той казаў: горай чым учора, але лепей чым заўтра”.


XS
SM
MD
LG