Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НЯМЕЧЧЫНЕ АБМЯРКОЎВАЮЦЬ КААЛІЦЫЙНЫ АФГАНСКІ ЎРАД


Віталь Цыганкоў, Прага

У бонскай канфэрэнцыі бяруць удзел каля 50 дэлегатаў ад розных палітычных сілаў і этнічных групаў Афганістану, а таксама назіральнікі ад ЗША, Расеі, эўрапейскіх краінаў, і прадстаўнікі ААН. На сёньняшнім паседжаньні, якое праходзіць за зачыненымі дзьвярыма, старшынствуе адмысловы прадстаўнік ААН Лахдар Брахімі. На адкрыцьці форуму Брахімі зачытаў ліст да ўдзельнікаў канфэрэнцыі ад гэнеральнага сакратара ААН Кофі Анана.

(Брахімі: ) «Давайце спадзявацца, што гісторыя запіша гэты дзень як пачатак новай эры для Афганістану – эры міру, гармоніі, добрых стасункаў з суседзямі і росту дабрабыту для народу краіны, што будзе жыць пад вяршынствам закону».

Кофі Анан заклікаў удзельнікаў форуму не дазволіць сабе паўтарыць памылак мінулага, асабліва зробленых у 1992 годзе. «Вы павінны даказаць, што можаце абраць шлях кампрамісу, а не канфлікту» - лічыць Кофі Анан.

Выступаючы на адкрыцьці сустрэчы, міністр замежных справаў Нямеччыны Ёшка Фішар заклікаў выкарыстаць гэты гістарычны момант і пакласьці канец двум дзесяцігодьдзям вайны і канфліктаў у краіне. Фішар таксама падкрэсьліў, што міжнародная супольнасьць чакае канкрэтных рашэньняў ня толькі наконт палітычнай будучыні Афганістану, але і ў такіх пытаньнях, як роўнасьць правоў усіх афганцаў.

Найбольш прадстаўнічымі і ўплывовымі на перамовах зьяўляюцца дэлегацыі Паўночнага альянсу і рымская група на чале з былым каралём Афганістану Захір Шахам. У канфэрэнцыі таксама бяпуць удзел групоўка афганскай эміграцыі з пакістанскага Пешавару і так званая кіпрская група, якая складаецца пераважна з хазарэйскай дыяспары і падтрымліваецца Іранам. Задача форуму, як бачаць яе замежныя назіральнікі – прыйсьці да згоды наконт стварэньня пераходнага каліцыйнага ўраду і ўвядзеньня міжнацыянальных сілаў бясьпекі для захаваньня міру ў краіне. Аднак Іран, заходні сусед Афганістану, ужо заявіў, што выступае супраць ўвядзеньня міратворчых сілаў, паколькі гэта можа «пагражаць тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны».

Юніс Кануні, міністр унутраных справаў Паўночнага альянсу, які ўзначальвае дэлегацыю Альянсу на перамовах, заявіў, што таджыкі, узбэкі і хазарыйцы, якія пераважна складаюць сілы паўночнікаў, не імкнуцца манапалізаваць ўладу у Афганістане, негледзячы на свае ваенныя посьпехі.

(Кануні: ) «Мы жадаем нацыяльнай еднасьці і фармаваньня свстэмы, у якой розныя этнічныя групы, таксама як мужчыны і жанчыны, могуць удзельнічаць у палітычным жыцьці Афганістану на справядлівых умовах».

Дыпляматы, якія назіраюць за канфэрэнцыяй, сьцвярджаюць, што сярод яе ўдзельнікаў існуе даволі шырокае паразуменьне наконт фігуры кіраўніка пераходнай часовай адміністрацыі краіны. Ім, хутчэй за ўсё, можа стаць 87-гадовы былы кароль Захір Шах. Аднак сапраўдная праблемы ў тым, хто стане ягоным намесьнікам – інакш кажучы, прэм’ер-міністрам – і хто ўзначаліць ключавыя пасады ў сфэры абароны, фінансаў і ўнутраных справаў.

Аднак легітымны прэзыдэнт Афганістану і намінальны лідэр Паўночнага альянсу Бурганудзін Рабані называе канфэрэнцыю толькі папярэдняй сустрэчай. “Не рэалістычна думаць, што любыя рашэньні, прынятыя ў Боне, будуць канчатковымі, бо дэлегаты форуму маюць абмежаваныя паўнамоцтвы”, - сьцьвярджае Рабані. Рабані, які ня ўдзельнічае ў форуме, заявіў у Арабскіх Эміратах, што канфэрэнцыю трэба будзе працягнуць на тэрыторыі Афганістану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG