Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА “АТЛАНЦЕ” АДБЫЎСЯ СХОД У ПАДТРЫМКУ АРЫШТАВАНАГА ЛЕАНІДА КАЛУГІНА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Менскім упраўленьні фінансавых расьсьледаваньняў паведамілі, што былому дырэктару вытворчага аб'яднаньня "Атлант" Леаніду Калугіну прад'яўвілі абвінавачаньне адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Рыгор Новік, кіраўнік упраўленьня, назваў інкрымінаваныя Калугіну артыкулы — злоўжываньне ўладай, выраб альбо збыт фальшывых плацёжных сродкаў, невяртаньне з-за мяжы валюты і незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць. Найбольшае з пакараньняў, якія прадугледжаныя паводле гэтых артыкулаў — 10 гадоў турмы. Аднак Рыгор Новік ня выключыў, што Калугіна абвінавацяць яшчэ ў нечым.

Пры гэтым кіраўнік упраўленьня, дзе расьсьледуецца справа Леаніда Калугіна, запэўніў, што гэтая справа выключна крымінальная, ніякай палітыкі ў ёй нібыта няма. Больш падрабязна распавесьці пра віну дырэктара аб'яднаньня "Атлант" кіраўнік упраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў адмовіўся.

Паводле іншых крыніцаў, галоўны ў абвінавачаньні Калугіна — эпізод зь невяртаньнем валюты ад продажу менскіх лядоўняў у Расеі. Быццам бы больш за 50 мільёнаў даляраў круціліся на рахунках ў розных расейскіх банках, прыносячы немалы прыбытак. Сьледчыя падазраюць, што часткай гэтага прыбытку незаконна скарыстаўся Калугін.

Такім чынам, адно абвінавачаньне цягне за сабой іншыя. Да злоўжываньня ўладай і невяртаньня валюты дадалася незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць. А якія падробленыя сродкі плацяжу нібыта выкарыстоўваў дырэктар "Атланту", пакуль невядома. Рыгор Новік тлумачэньняў не дае. Ня кажа ён, і дзе трымаюць Калугіна ды як той ставіцца да абвінавачаньняў.

Тымчасам у аб'яднаньні "Атлант" мне паведамілі, што там правялі сход працоўнага калектыву ў абарону дырэктара Калугіна.

Што ж да былога кіраўніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманька, то зьвестак пра тое, што яго падтрымлівае працоўны калектыў, няма. Затое сёньня зьявіліся чуткі, што нягледзячы на дэпутацкую недатыкальнасьць ён усё ж быў арыштаваны.

Гэта быццам адбылося падчас загараднай вандроўкі былога начальніка. Маўляў, Рахманько паехаў зь сябрамі на шашлыкі, а міліцыянты, якія за ім сачылі, палічылі гэта спробай уцёкаў і затрымалі яго. Аднак у пракуратуры Беларусі гэтых зьвестак не пацьвердзілі. "Пра такое затрыманьне ня ведаю", — заявіў Радыё Свабода прэсавы сакратар рэспубліканскай пракуратуры Аляксей Таранаў.

Між тым, Таранаў пацьвердзіў, што зь Віктара Рахманька ўзялі падпіску, што ён не пакіне Менску, а таксама паведаміў, што пракуратура зьвярнулася ў Савет Рэспублікі з просьбай пазбавіць спадара Рахманька дэпутацкай недатыкальнасьці. Прэсавы сакратар Савету Рэспублікі Міхаіл Даніловіч аднак не пацьвердзіў, што такі зварот ужо атрыманы. Паводле яго, ніякіх зьвестак з пракуратуры наконт дэпутата Рахманька няма.

Як паведамляюць іншыя крыніцы, у парлямэнце ўжо два дні цыркулююць зьвесткі пра затрыманьне Рахманька і прад'яўленьне яму пэўных абвінавачаньняў. Быццам галоўныя зь іх — незаконны рамонт транспартных сродкаў і махінацыі з палівам.

Паводле гэтых жа крыніцаў, у дадзеным эпізодзе фігуруе таксама адзін з намесьнікаў начальніка чыгункі Назарэнка, якога арыштавалі разам з Рахманьком. Між тым, у прэсавай службе чыгункі сьцьвярджаюць, што спадар Назарэнка сёньня быў на працоўным месцы — яго, маўляў, затрымлівалі тыдзень таму, а потым вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

Нагадаю, Аляксандар Лукашэнка на мінулым тыдні заявіў, што сьпіс патэнцыйных арыштантаў складаецца з 15 асобаў, а сёньняшнія беларускія мэдыі паведамляюць ужо пра чорны сьпіс з 20 кандыдатаў. Называюць прозьвішчы былога кіраўніка лечкамісіі Кісяля, дырэктара МАЗа Лявонава, рэктара БДУ Казуліна, некаторых іншых кіраўнікоў.

XS
SM
MD
LG