Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЭБА ПАРА СОТНЯЎ МІЛЬЁНАЎ РУБЛЁЎ, КАБ СУСТРЭЦЬ У НАВАПОЛАЦКУ ЛУКАШЭНКУ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

Тры апошнія месяцы кіраўнік дзяржавы тройчы наведаў Наваполацк, і жыхары гораду вялікай хіміі, назіраючы тыя візыты, задаваліся пытаньнем: колькі яны каштуюць? Калі ўлічыць, што да прыезду спадара Лукашэнкі заліваецца новы асфальт на тых дарогах, дзе ён мусіць праехаць, а наўзбоч дарогі абабіваецца сухое лісьце з дрэваў, можна меркаваць, што казна церпіць значныя страты.

Некаторыя канкрэтныя лічбы сталі вядомыя. Так, дзеля сустрэчы кіраўніка дзяржавы, які наведаў Наваполацк 30 верасьня, канцэрн "Белнафтахім" выдаткаваў "Паліміру" дармавую дапамогу на 200 мільёнаў беларускіх рублёў. Пры гэтым сьпісаньне матэрыяльных каштоўнасьцяў, выкарыстаных падчас сустрэчы кіраўніка, і аплата выкананых працаў ажыцьцяўлялася па адмысловых актах з паметаю "спэцыяльныя мерапрыемствы", а справаздачу па ўсіх выдатках паліміраўская бугальтэрыя мусіць падаць у канцэрн да 1 сьнежня.

Заўважым, што дзеля сустрэчы спадара Лукашэнкі былі задзейнічаныя ня толькі грошы канцэрну, але й сродкі самога прадпрыемства. Пры гэтым, акурат падчас апошняга візыту, работнікі трамвайнага цэху аб’яднаньня зьвярталіся да караўніка дзяржавы з калектыўнай просьбай падняць ім нішчымны заробак, пасьля чаго арганізатары збору подпісаў зазналі шмат непрыемнасьцяў.

Заўважым таксама, што дарожнае пакрыцьцё ля мясцовага ўнівэрсытэту, якое залілі з нагоды прыезду высокага госьця высокаякасным асфальтам, было і раней у выдатным стане, тым часам як у іншых мясьцінах гораду, куды не даехаў прэзыдэнцкі мэрсэдэс, некаторыя дарогі і ходнікі не рамантуюць дзесяць і болей гадоў.

XS
SM
MD
LG