Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АФГАНІСТАН. ЗАБІТЫ СУПРАЦОЎНІК ЦРУ І ШВЭДЗКІ ЖУРНАЛІСТ. У МАЗАРЫ-ШАРЫФЕ ПРАЦЯГВАЕЦЦА БУНТ ТАЛІБАЎ


Віктар Дзятліковіч, Кабул

Сёньня афіцыйныя прадстаўнікі Пэнтагону пацьвердзілі, што на гэтай базе знаходзяцца ўжо 500 чалавек. Колькасьць дэсантнікаў можа дасягнуць 1-2 тысячаў чалавек. Пакуль невядомая мэта дэсантнікаў, таму што, відаць, гаворка ня йдзе, што яны будуць штурмаваць Кандагар. Для гэтага ў амэрыканцаў замала сілы.

Прадстаўнікі Пэнтагону сьцьвярджаюць, што галоўнай мэтай базы – сама прысутнасьць на поўдні Афганістану, якая павінная перашкаджаць апэратыўным перасоўваньням талібаў. І гэтым дапамагаць войскам і Аб’яднанага фронту, і тым пуштунскім плямёнам, якія змагаюцца супраць талібаў.

Зараз Кандагар ахоўваюць каля 19-ці тысячаў талібаў і таму Аб’яднаны фронт і саюзьнікі ня могуць гэты горад захапіць. Апроч таго, сёньня стала вядома, што талібы зрабілі першую спробу атакаваць базу амэрыканцаў каля Кандагару. Амэрыканцы нанесьлі ўдар з паветра, фактычна разбамбілі калёну талібаў. Пакуль што не вядома, колькі загінула.

Што тычыцца сытуацыі ў Мазары-Шарыфе. Там, як вядома, працягваецца паўстаньне палонных талібаў. Гэтае паўстаньне пачалося 2 дні таму. Зараз, паводле апошніх зьвестак, яшчэ 100 палонных талібаў знаходзяцца ў сутарэньнях турмы, дзе іх разьмясьцілі. Па турме наносяцца амэрыканскія ўдары, там жа дзейнічаюць сілы Аб’яднага фронту, але гэтыя ўдары ня маюць вынікаў.

Сёньня ж пацьведзілася інфармацыя, што пад час баёў пад Мазары-Шарыфам загінуў адзін амэрыканскі салдат, супрацоўнік ЦРУ. Яшчэ пяць амэрыканцаў там былі параненыя.

Відавочна, што паўстаньне, бунт у Мазары-Шарыфы – не апошні такі бунт. Паводле апошняй інфармацыі, толькі ў баях пад Кундузам у палон здаліся 18-ць тысячаў талібаў. Іх фактычна няма дзе ўтрымліваць, няма турмаў, дзе іх можна было б разьмясьціць. Небясьпека бунтаў вялікая.

Сёньня зьявілася сумная інфармацыя з гораду Тулукан. Там быў забіты адзін з журналістаў – апэратар швэдзкай тэлевізіі, 4-га каналу, Улаф Стронбэрг. Некалькі бандытаў, ня сталага ўзросту, 14-15 гадоў уварваліся ў дом, дзе жылі некалькі швэдзкіх журналістаў і забілі аднаго зь і. Апроч таго, яны забралі ў журналістаў усе грошы, спадарожнікавыя тэлефоны, прыватныя рэчы. Тыя, што засталіся жывыя, хутка пакідаюць Афганістан, яны пад аховай вылецелі ў Душанбэ.

Пасьля гэтага забойства многія журналісты пакінулі Тулукан. Гэты горад – непадалёк ад Кундуза, дзе ідуць баі. Прадстаўнікі Аб’яднанага фронту гавораць, што яны цалкам ня могуць забясьпечыць абарону журналістаў у Афганістане.
XS
SM
MD
LG