Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ: ПРАЗ РАСКОЛ ДА АБ'ЯДНАНЬНЯ?


Валер Каліноўскі, Менск

Партыяў сацыял-дэмакратычнага кірунку ў Беларусі больш чым іншых: "Народная грамада", БСДГ, Партыя працы, Партыя жанчын "Надзея". Зьяўленьне яшчэ адной, тым больш у выніку расколу, як лічаць арганізатары зьезду новай сацыял-дэмакратычнай партыі, нічога новага да палітычнага спэктру не дадасьць. Таму палітыкі лічаць, што іхная функцыя іншая — распачаць працэс аб'яднаньня сацыял-дэмакратаў. Але прапанаваць гэта іншым партыям яны жадаюць на роўных. Гаворыць адзін з арганізатараў новай партыі Міхась Чарняўскі:

(Чарняўскі: ) "Калі ёсьць пяць партыяў з адной і той жа праграмай — гэта ненармальны стан. Значыць, гэтыя партыі інсуюць не для таго, каб працаваць над выкананьнем гэтых праграмаў, а напэўна прынамсі ў кіраўніцтве ў іх ёсьць нейкія асабістыя мэты. І таму мы вырашылі распачаць кампанію за аб'яднаньне сацыял-дэмакратычнага руху".

Іншы сябар аркамітэту новай партыі Аляксей Кароль назваў наступныя падставы для такога аб'яднаньня:

(Кароль: ) "Гэта ёсьць і патрабаваньнем дня сёньняшняга, у той сытуацыі, якая склалася пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Ёсьць неабходнасьць зьменаў, ёсьць неабходнасьць перафармаваньня шэрагаў апазыцыі, ёсьць неабходнасьць прыцягненьня новых сяброў партыі".

Аляксей Кароль зазначае, што кансультацыі пра магчымасьць аб'яднаньня зь іншымі сацыял-дэмакратычнымі партыямі ўжо вядуцца.

Сапраўды, лідэр БСДГ Станіслаў Шушкевіч паведаміў Свабодзе, што на мінулым зьезьдзе ягоная партыя прыняла адмысловую рэзалюцыю пра магчымасьць аб'яднаньня сацыял-дэмакратаў:

(Шушкевіч: ) "Цэнтральная рада і выканкам нашай партыі атрымалі ад зьезду катэгарычныя рэкамэндацыі, на якой падставе можа быць аб'яднаньне. Я вам скажу так: праграмных разыходжаньняў з БСДП у нас няма, ёсьць толькі пэрсанальныя разыходжаньні. Мне здаецца, што там цяпер выдзелілася такая група, якая салідарызуецца з нашым падыходам. Будзем шукаць шляхоў для аб'яднаньня. Трэба аб'ядноўвацца — гэта адназначна".

Аляксей Кароль зазначае, што да іхнай партыі мае намер далучыцца больш за палову сяброў БСДП "Народная грамада". Зьявяцца ў яе шэрагах і людзі, якія не былі раней у партыях, але бралі актыўны ўдзел у мінулай выбарчай кампаніі ці вядомыя сваёй дзейнасьцю ў няўрадавых арганізацыях.

Зьезд другой паловы "Народнай грамады" пад кіраўніцтвам Мікалая Статкевіча пройдзе 6 сьнежня.

XS
SM
MD
LG