Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ БІЗНЭСОВЕЦ ЖУКАВЕЦ ПРОСІЦЬ ПОЛЬСКАГА ГЕНПРАКУРОРА НЕ ВЯРТАЦЬ ЯГО Ў БЕЛАРУСЬ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Спадар Жукаваец спадзяецца, што генэральны пракурор не дапусьціць ягонай экстрадыцыі ў Беларусь. А намесьнік старшыні Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы Андрэй Юцкевіч лічыць, што рашэньне Беластоцкага суду выдаць Жукаўца ў Беларусь, зьвязаны з дзейнасьцю беларускага грамадзка-культурнага таварыства. Старшыня таварыства Ян Сычэўскі гэтыя абвінавачваньні абвяргае.

У сваім адкрытым лісьце спадар Жукавец піша, што не зрабіў ніводнага з тых злачынстваў, што апісаныя у афіцыйнай заяве беларускага боку на ягоную экстрадыцыю. “Празь мяне беларускія ўлады хочуць паказаць усяму сьвету, што апазыцыянэры і людзі, якія іх падтрымліваюць – гэта махляры і злачынцы”, - адзначае ў сваім лісьце Андрэй Жукавец.

Варта адзначыць, што беластоцкі суд не вызначаў, вінаваты спадар Жукавец у невяртаньні крэдытаў ці не, а гэта ёсьць асноўным абвінавачваньнем супраць яго ў Беларусі, а толькі пастанавіў, што, няма падставаў меркаваць, што на радзіме Андрэя Жукаўца ня будуць судзіць у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам, і таму яго можна выдаць.

Тое, што тэкст звароту беларускага бізнэсоўца-эмігранта зьмясьціў “NEWSWEEK”, ужо ёсьць посьпехам. Аднак, на што спадзяваўся Андрэй Жукавец, скіроўваючы адкрыты ліст Гэнэральнаму пракурору Польшчы?

(Жукавец: ) “Паводле польскага заканадаўства, канчатковае рашэньне аб экстрадыцыі прыймае генэральны пракурор, таму я зьвярнуўся да яе з адкрытым лістом. Я прасіў, каб падчас прыняцьця рашэньня яна ўсебакова вывучыла матэрыялы маёй справы ды прыняла пастанову згодна з польскім правам, міжнароднымі канвэнцыямі і доказамі маёй невінаватасьці.

Намесьнік старшыні Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы, Андрэй Юцкевіч таксама зьдзіўлены выракам беластоцкага суду.

(Юцкевіч: ) “У Польшчы не было такога выпадку ў дачыненьні да беларускіх палітычных уцекачоў. Зьвяз займаўся ня толькі справай Жукаўца але й абсалютна аналягічнымі справамі Кругавога і Жукаўца. Па гэтых справах, суд у Варшаве прыняў зусім іншае рашэньне”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму, на Вашую думку, у справе Жукаўца у Беластоку быў прыняты менавіта такі вырак?”

(Юцкевіч: ) “У Беластоку, мы ўпэўненыя, супраць нас дзейнічаюць некаторыя прадстаўнікі беларускай меншасьці, зьвязаныя з сучасным рэжымам на Беларусі. Іхным правадыром зьяўляецца пан Сычэўскі, які выступаў на лукашэнкаўскім зьезьдзе летась. За ім стаіць пэўная частка беларускіх дзеячоў і беларускага насельніцтва на Беласточчыне. Яны актыўна супрацоўнічаюць з консульствам і амбасадай Беларусі. Ясна, што праз гэтую амбасаду ў Польшчы ў адносінах да беларускіх уцекачоў праводзіцца палітыка Лукашэнкі. І таму, ён (Сычэўскі) як бы адпрацоўвае тую дапамогу, якая аказваецца яму і ягонай арганізацыі з боку сучасных беларускіх уладаў”.

Старшыня беларускага грамадзка культурнага таварыства Ян Сычэўскі, пра якога ўзгадаў Андрэй Юцкевіч, добра вядомы сваімі пра-лукашэнкаўскімі поглядамі. Аднак абвінавачваньні актывіста зьвязу беларускіх уцекачоў, спадар Сычэўскі назваў абсурдам:

(Сычэўскі: )”Гэта – чарговы абсурд, які зьяўляецца напэўна з мэтай скампрамэтаваць нас, таму, што мы ніякага становішча ў гэтай справе не займалі. Таму што нам гэтая справа невядомая. Бо справа палітычнага ўцекача – гэта адно, а справа афэраў нейкіх – гэта другое. Але мы праўды ня ведаем і таму ніякага становішча ў гэтай справе не маем”

У невялічкай прадмове да ліста Андрэя Жукаўца часопіс “NEWSWEEK” піша, што зварот беларускага бізнэсоўца паказвае чарговую праблему, якую міністар Барбара Піўнік, мусіць вырашыць. Ад таго, як спадарыня Піўнік вырашыць гэтую праблему, цяпер залежыць, выдадуць Андрэя Жукаўца беларускім уладам ці не.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG