Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУНДУЗ УЗЯТЫ. ЖАНЧЫНЫ Ў КАБУЛЕ ТАК І НЕ ЗЬНЯЛІ ПАРАНДЖЫ


Радыё Свабода.

(Дзятліковіч: ) “Галоўная навіна дня сёньня – узяцьцё Кундузу Паўночным альянсам. Яго даволі доўга не маглі ўзяць, сьцьвярджалася, што яго абараняюць блізу 20 тысячаў чалавек. Але тут ёсьць блытаніна: раней казалі пра 20 тысяч чалавек, сёньня міністар замежных справаў Абдула сказаў, што здаліся 2 тысячы талібаў у Кундузе і яшчэ 6 тысяч адыйшлі і зараз знаходзяцца у 10 кілямэтрах ад Кундузу ў мястэчку Шардара. Яно яшчэ не ўзятае. Але дзе падзеліся яшчэ каля 10 тысяч талібаў, якія нібыта знаходзіліся ў Кундузе? Хутчэй за ўсё зьвесткі тыя былі завышаныя. Паўночнікі завышалі іх, каб апраўдаць сваю маруднасьць”.

(Караткевіч: ) “Ці адпавядаюць сапраўднасьці паведамленьні, што Паўночны альянс ня будзе браць удзелу ў баях за Кандагар, што там будуць ваяваць толькі амэрыканцы?”

(Дзятліковіч: ) “Мы маем інфармацыю пра Кандагар ад міністра замежных справаў Афганістану доктара Абдулы, які сёньня правёў прэсавую канфэрэнцыю. Па-першае, ён пацьвердзіў інфармацыю пра высадку ў раёне Кандагару амэрыканскага дэсанту, але не сказаў колькі дэсантнікаў і якія іх мэты. Відавочна, што дэсантнікі ня змогуць захапіць Кандагару, бо, па словах прадстаўнікоў паўночнікаў, яго абараняюць каля 7 тысячаў арабскіх наймітаў і каля 12 тысячаў талібаў-афганцаў. Відавочна, што амэрыканцы ня пойдуць на горад, які так ахоўваюць. Але і доктар Абдула сёньня заявіў, што Паўночны альянс таксама не зьбіраецца штурмаваць Кандагар. Паўночнікі зьбіраюцца арганізаваць у гэтым горадзе антыталібскае паўстаньне з дапамогай засылкі туды ўплывовых пуштунскіх палявых камандзіраў”.

(Караткевіч: ) “Якім чынам вы атрымоўваеце інфармацыю, што адбываецца ў іншых рэгіёнах, там дзе ідуць баі?”

(Дзятліковіч: ) “Здабываць такую інфармацыю вельмі цяжка, бо няма адзінага прэс-цэнтру, дзе б журналісты маглі даведвацца, што і дзе адбываецца. Таму інфармцыю даводзіцца зьбіраць зь нейкіх крыніцаў. Мы падчас свайго першага побыту ў Афганістане навязалі такія-сякія кантакты, пазнаёміліся зь мясцовымі журналістамі і мясцовымі людзьмі, і вось зараз менавіта яны зьяўляюцца асноўнымі крыніцамі інфармацыі. У афганцаў вялікія сем’і, гэта таксама дапамагае здабываць інфармацыю. Ідзе інфармацыя таксама ад міністэрстваў замежных справаў і абароны”.

(Караткевіч: ) “Якая інфармацыя наконт Усамы бін Лядэна? Міністар замежных справаў Афганістану заявіў, што Ўсама зараз прыціснуты да сьценкі са сваімі паплечнікамі і ня можа перасоўвацца. Дык які яго лёс?”

(Дзятліковіч: ) “На гэтае пытаньне цяжка адказваць. Інфармацыі пра бін Лядэна вельмі мала. Сёньня прадстаўнікі аб’яднанага фронту заявілі, што ён знаходзіцца непадалёк ад Кандагара. Мясцовыя жыхары кажуць, што бін Лядэн сапраўды абмежаваны ў сваіх дзеяньнях, кожную ноч мяняе месца начоўкі, і што ён перамяшчаецца па Афганістане нават не на машынах, а на конях. Але тут ніхто не сумняецца, што і мула Амар, і бін Лядэн усё яшчэ знаходзяцца ў Афганістане”.

(Караткевіч: ) “Учора я бачыла па адным з тэлеканалаў, як стары кабулец казаў журналісту, што нарэшце ў Кабуле можна купіць кока-колу, якая была забароненая, і іншыя тавары. Ці сапраўды Кабул зьмяніўся, ці гэта ўдалыя кадры ў падтрымку ваеннай апэрацыі?”

(Дзятліковіч: ) “Я зьявіўся ў горадзе праз 12 дзён пасьля таго, як талібы сышлі адсюль. Я думаю, што сюжэт пра кока-колу – гэта прапаганда, за 12 дзён цяжка завезьці новыя тавары. Насамрэч зьменаў ня так шмат. Напрыклад, раней казалі, што талібы забараняюць жанчынам хадзіць з адкрытым тварам, дык магу сказаць, што я за тры дні ў Кабуле ўбачыў толькі адну жанчыну з адкрытым тварам. Мы адразу спыталіся, чаму яна без паранджы, што гэта – нейкі пратэст? Яна сказал, што ў яе проста вельмі кепскі зрок і яна ў параджы амаль нічога ня бачыць. Яшчэ яна сказала, што за зьяўленьне ў горадзе з адкрытым тварам талібы яе тры разы зьбілі. Так што зьмены ёсьць, але жыхары яшчэ не гатовыя зь іх скарыстацца. Зь іншага боку, зьявіліся напрыклад месцы, дзе прадаюцца здымкі індыйскіх акторак і актораў – раней такое было немагчыма”.

XS
SM
MD
LG