Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ БУДУЦЬ ЗАСТАВАЦЦА ВА ЎРОЧЫШЧЫ ЯШЧЭ ПАЎГОДА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пасьля ўчорашніх маразоў у Менску пачалася адліга. Валанцёры сёньня выглядалі вельмі задаволенымі, бо цяпер ня мусяць сядзець у намёце ля буржуйкі, а нарэшце могуць заняцца ўпарадкаваньнем тэрыторыі Курапатаў. Сёньняшняй ноччу ў лягеры былі 5 актывістаў Беларускай партыі Свабоды, руху "Зубр", арганізацыі Маладых сацыял-дэмакратаў. Пра тое, чым займаюцца валанцёры, распавядае актывіст Партыі Свабоды Аляксей:

(Аляксей: ) "Усталявалі некалькі крыжоў. Але цяпер нам іх трохі складаней ставіць, бо сьнег і зямля вельмі прамерзьлі. Будзем ставіць намёт пад капліцу для малітваў, і да суботы мы павінны ўсталяваць гэты намёт. А сёньня трэба раскідаць пясок, які я прывез. Калі зьявіцца вада, каб можна было перанесьці наш намёт на больш высокае месца".

Сёньня валанцёры пілавалі й калолі дровы, насілі ваду й рыхтаваліся да наступнай ночы. Тымчасам на дарозе будаўнічыя работы амаль не вяліся. Толькі адзін бульдозэр раўняў новы дарожны насып. Кіраўнікі гэтага будаўнічага ўчастку ў прыватных гутарках прызнаваліся, што вядуць працы вельмі ахайна, бо за імі пастаянна назіраюць валанцёры. Будаўнікі кажуць, што гэтае назіраньне іх дысцыплінуе, і ім лягчэй выконваць усе нормы ды патрабаваньні, чым сварыцца з валанцёрамі.

Начальнікі будаўнікоў кажуць, што сёньня ў іх адбылася нарада, у часе якой быў акрэсьлены тэрмін заканчэньня работаў на курапацкім участку — красавік наступнага году. І да гэтага часу працы на дарозе будуць весьціся штодня. Валанцёры кажуць, што таксама будуць заставацца ў Курапатах да красавіка. Праўда, арганізоўваць дзяжурствы ім усё цяжэй. Гаворыць актывістка арганізацыі Маладых сацыял-дэмакратаў Людміла:

(Людміла: ) "Я тут была тыдзень, потым хварэла. А цяпер ужо другая ноч, як я тут. Памяншаецца колькасьць абаронцаў, пра нас усе забываюць, на жаль. Шмат людзей захварэла, і ў іх няма магчымасьці тут знаходзіцца. Але ж мы трымаемся, прыяжджаюць хлопцы, прывозяць факсы — вось Горадня з намі".

Пасьля непрацяглага перапынку сёньня ў Курапаты прыехалі й актывісты Маладога Фронту. Гаворыць Аляксей Талстоў:

(Талстоў: ) "Магчыма, гэта зьвязана з тым, што ў часе прэзыдэнцкай кампаніі мы былі больш занятыя, чым іншыя моладзевыя арганізацыі, і нашы людзі стаміліся. Гэта па-першае. А па-другое, напэўна трохі ня тым людзям даручылі арганізоўваць тут дзяжурствы. Але ж гэта ня ёсьць паказьнікам таго, што структуры Маладога Фронту менш дзеяздольныя за структуры іншых моладзевых арганізацыяў. Гэткі перапынак выкліканы тым, што людзі папросту стаміліся".

Аляксей Талстоў сказаў, што цяпер сябры ягонай арганізацыі таксама пастаянна будуць прысутнічаць у Курапатах.

XS
SM
MD
LG