Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АФГАНІСТАН ЗАРАЗ ПЕРАВАЖНА КАНТРАЛЮЮЦЬ МЯСЦОВЫЯ ПЛЯМЁНЫ


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Сёньня паведамляецца, што Кундуз здаўся. Якая рэакцыя на гэта ў Кабуле? Ці азначае гэта, што Талібан канчаткова разгромлены?”

(Дзятліковіч: ) “Пра падзеньня Кундузу тут паведамляюць ужо тры дні запар. Пакуль гэта не пацьвярджаецца. Таму я ставіўся б да гэтага асьцярожна. Там была даволі моцная групоўка талібаў – ад 15 да 30 тысячаў чалавек. Зь іх 7-10 тысяч наёмнікі. Гэта вялікая сіла”.

(Ціхановіч: ) “Ці пацьвярджаецца інфармацыя, што далей змагацца хочуць якраз наёмнікі, а карэнныя афганцы схільныя скласьці зброю?”

(Дзятліковіч: ) “Так. Наёмнікам плацяць горошы і яны больш рашучыя. А мясцовыя, бачачы што зараз перавага на баку Паўночнага альянсу, у вялікай колькасьці пераходзяць на яго бок. Зараз галоўнае апірышча талібаў – наёмнікі з арабскіх краінаў. Талібы ўсё больш страчваюць падтрымку мясцовага насельніцтва, якое пачынае схіляцца на бок паўночнікаў”.

(Ціхановіч: ) “Ці вераць у Кабуле паведамленьням, што бін Лядэн зьнік ці выехаў з Афганістану разам зь сям’ёй, як паведамляе Талібан?”

(Дзятліковіч: ) “Гэта вельмі цяжка камэнтаваць. Інфармацыя вакол бін Лядэна супярэчлівая. Учора адбылася прэс-канфэрэнцыя міністра ўнутранай бясьпекі Талібану, які пры адступленьні талібаў з Кабулу застаўся ў горадзе і здаўся ў палон. Ён сказаў, што дакладна ведае, што мула Амар дагэтуль знаходзіцца ў Афганістане, у Кандагары, але ён ня ведае, дзе бін Лядэн. Так што нават вышэйшыя прадстіаўнікі талібаў ня ведаюць, дзе бін Лядэн”.

(Ціхановіч: ) “Як мяняецца жыцьцё ў Кабуле?”

(Дзятліковіч: ) “Месяц, які я ня быў у Афганістане, моцна зьмяніў краіну. Зараз гэта нібыта іншая краіна. Раней мы знаходзіліся на маленькай тэрыторыі, якую кантраляваў Паўночны альянс. Зараз ёсьць некалькі правінцыяў пад кантролем паўночнікаў, некалькі – пад кантролем талібаў, астатняя тэрыторыя – невядома, каму належыць, невядома, што там адбываецца. Большасьць цэнтральных правінцыяў зараз знаходзіцца пад кантролем мясцовых плямёнаў, якія не прызнаюць ні талібаў, ні аб’яднаны фронт. Напрыклад, да Джалалабаду ўсяго 80 кілямэтраў, мы хацелі туды паехаць, але ж там за апошні месяц забілі некалькі журналістаў. Гэтыя абшары не кантралюе законны ўрад Афганістану. Чым далей углыб Афганістану, тым менш бясьпекі і ўпэўненасьці. У Кабуле лепш, але і тут нам не рэкамэндуюць езьдзіць у тыя ці іншыя раёны гораду, бо ёсьць раёны дзе жывуць прыхільнікі талібаў, іх сем’і. Некаторыя здымачныя групы заходніх каналаў уяжджалі туды, і іх закідвалі камянямі. Тое самае сталася са здымачнай групай расейскага каналу ТВ-6. Зараз больш небясьпечна, чым было месяц таму, зараз мы менш разумеем, што адбываецца ў гэтай краіне”.

(Ціхановіч: ) “Ці ацалеў Кабул пасьля бамбаваньняў?”

(Дзятліковіч: ) “Кабул захаваўся адсоткаў на 90. Горад не зруйнаваны. Яго заўсёды ў апошнія гады здавалі бяз бою”.

XS
SM
MD
LG