Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ ВЫСТУПАЕ СУПРАЦЬ МАГЧЫМАЙ ЛЕГІТЫМІЗАЦЫІ "ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ"


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня падчас сустрэчы з кіраўніцтвам "палаты прадстаўнікоў" сьпікер Вадзім Папоў шмат казаў пра сваю задаволенасьць з таго, што Захад, маўляў, зразумеў недарэчнасьць міжнароднай ізаляцыі Беларусі і цяпер зьмяняе палітыку.

Спадарыня Цапф мусіла перапыніць яго і заявіць: "Прызнаньне ізаляцыі Беларусі контарпрадуктыўнай не азначае, што міжнародныя структуры адмаўляюцца ад сваіх патрабаваньняў". Пасьля гэтага спадар Папоў паабяцаў, што ў "палаце" пройдуць адмысловыя слуханьні наконт праблемы пакараньня сьмерцю.

Ута Цапф паведаміла, што ў сярэдзіне лютага наступнага году Сталы камітэт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ будзе зноў разглядаць беларускае пытаньне. Менавіта гэтым выкліканы візыт у Менск адмысловай рабочай групы.

Цяпер у Парлямэнцкай Асамблеі трымаюцца канцэпцыі "пустога крэсла" адносна Беларусі. Міжнародныя парлямэнтары лічаць, што тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня ўжо скончыўся, а "палата прадстаўнікоў" 2-га скліканьня абраная недэмакратычна.

Аднак Расея і некаторыя яе сатэліты актыўна настойваюць на прызнаньні Парлямэнцкай Асамблеяй АБСЭ легітымнасьці "палаты". Ды й некаторыя міжнародныя парлямэнцкія структуры пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ня супраць наўзамен прызнаньня легітымнасьці атрымаць згоду на ўтварэньне ў Беларусі пасады амбудзмэна альбо ўвядзеньня мараторыя на пакараньне сьмерцю. І такая разьяднанасьць непакоіць апазыцыю. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "На вялікі жаль, насамрэч гэтыя візыты выйшлі за фармат парлямэнцкай "тройкі". Калі раней сюды прыяжджалі прадстаўнікі трох парлямэнцкіх арганізацыяў, і міжнародная супольнасьць мела адну пазыцыю, яны гаварылі аднымі словамі, аднымі тэрмінамі, дык зараз беларускаму рэжыму прадстаўляецца мажлівасьць выкарыстоўваць тое, што, па-першае, пакрокавай стратэгіі ўвогуле няма, і рэжым мае мажлівасьць для такога манэўру — выкарыстоўваць, што адна арганізацыя больш ляяльна да яго ставіцца і ствараць пэўнае напружаньне паміж асобнымі арганізацыямі".

Апазыцыя таксама засяродзіла ўвагу дэлегацыі на тым, што магчымая легітымізацыя "палаты" прынясе ня той вынік, на які разьлічваюць некаторыя міжнародныя парлямэнтары. Яна прывядзе не да памякчэньня палітычнай сытуацыі ў Беларусі, а наадварот — да яе пагаршэньня.

Сёньня Ўта Цапф паведаміла пра пэўныя кадравыя зьмены ў складзе адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі. Яе пакінулі Адрыян Севярын і Кіма Кільюнэн, якія працуюць адпаведна прэзыдэнтам і віцэ-прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, а таксама Ніно Бурджанадзэ, якая стала сьпікерам парлямэнту Грузіі.

Такім чынам, цяпер у адмысловай групе, акрамя Ўты Цапф, як і раней, працуюць Урбан Алін з Швэцыі і Ігар Осташ з Украіны. Да іх дадаліся Антоніо Райш з Партугаліі і Хэлена Дэмакова з Латвіі.

Сёньня дэлегацыя сустракалася таксама з кіраўніком Савету Рэспублікі так званага Нацыянальнага сходу Аляксандрам Вайтовічам, прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, міністрам інфармацыі Міхаілам Падгайным.

Увечары адбыліся сустрэчы зь міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым і кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўралам Латыпавым. Ад апошняга Ўта Цапф спрабавала даведацца, чаму Аляксандар Лукашэнка, які ініцыяваў дыялёг з апазыцыяй, раптоўна ад яго адмовіўся.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG