Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ВАЛАНЦЁРКУ КУРАПАЦКАГА ЛЯГЕРУ НАПАЛІ ХУЛІГАНЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Будаўнічыя работы на дарозе ў раёне Курапатаў былі сёньня адноўленыя з самай раніцы. Рабочыя працягвалі падсыпаць жвір на дарогу, а таксама пачалі капаць канаву для пракладкі трубаў вадасьцёку. За гэтымі работамі ўжо які дзень запар назірае старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі Мікалай Крывальцэвіч.

Ён размаўляў з прарабамі, сачыў за працай тэхнікі, але ніякіх парушэньняў з боку будаўнікоў не заўважыў. Мікола Крывальцэвіч лічыць, што будаўнікі працуюць вельмі ахайна дзякуючы таму, што ў Курапатах стала знаходзяцца валанцёры, якія пільна сочаць за паводзінамі рабочых. Гаворыць спадар Крывальцэвіч:

(Крывальцэвіч: ) "Іхная прысутнасьць у Курапатах павінна безумоўна станоўча паўплываць на гэтае назіраньне".

Сёньняшняя ноч у Курапатах прайшла даволі спакойна. У лягеры валанцёраў знаходзілася 9 прадстаўнікоў Партыі Свабоды, "Зубра" і Маладога Фронту. А ўчора ўвечары каля Курапатаў адбылося надзвычайнае здарэньне. Некалькі невядомых напалі на актывістку руху "Зубр" Кацярыну, якая ішла ў лягер і спрабавалі сілай зацягнуць яе ў машыну. Распавядае валанцёрка Кацярына:

(Каця: ) "Я ішла сюды, і нейкая машына мне пачала сыгналіць. Зь яе вылазіць хлопец, падыходзіць да мяне й пачынае пытаць пра Дразьдзінку — як праехаць да Дразьдзінкі. Я кажу: "Я ня ведаю, дзе яна знаходзіцца, мне трэба ісьці". А ён стаіць і кажа: "А можа вы з намі праедзеце і пакажаце, можа знойдзем разам, праедзем пакатаемся".

Я адмовілася, а ён узяў мяне на рукі й пацягнуў да машыны. Стаіць каля машыны, трымае за руку й не адпускае. Я вырвалася і ўцякаць. Ён за мной пабег, але я прыбегла сюды, а тут сядзеў АМОН".

Амонаўцы адразу ж паехалі сьледам за нападнікамі й затрымалі іх. Гэта былі тры мясцовыя жыхары з мікрараёну Зялёны луг. На іх аформілі пратаколы за кіраваньне машынай у нецьвярозым стане і за супраціў работнікам міліцыі.

А сёньня амонаўцы, што дзяжурылі ў Курапатах, паведамілі валанцёрам, што аднаго зь іхных калегаў, які затрымліваў гэтых хуліганаў, начальства загадала пасадзіць на гаўптвахту. Маўляў, ня варта было дапамагаць апазыцыянэрам.

Аднак моладзевая варта ў Курапатах будзе працягвацца. Гаворыць актывістка Маладога Фронту Іра:

(Іра: ) "Некаторыя са старэйшых (напрыклад, у БНФ) казалі, што тут ня трэба ўжо сядзець, бо мы нічога ўжо ня зробім. Але людзі, якія спадзяюцца на нашу перамогу, яны тут сядзяць і будуць сядзець".

У тым, што моладзевая варта ў Курапатах будзе працягвацца, перакананыя й іншыя валанцёры. Сёньня яны майстравалі крыжы, якія пасьля заўтрашняга асьвячэньня сьвятаром Аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцом Леанідам Акаловічам будуць усталяваныя ўздоўж мяжы Курапатаў. Валанцёры таксама рыхтуюць пляцоўку, дзе неўзабаве стане яшчэ адзін намёт, у якім будзе месьціцца часовая капліца.

Дарэчы, сёньня ў жыхароў лягера валанцёраў своеасаблівы юбілей — споўнілася роўна два месяцы, як яны знаходзяцца ў Курапатах. Алесь Гетман кажа, што сёньня валанцёры зьбяруцца за сьвяточным сталом і падымуць кубкі гарбаты за сваю перамогу.

XS
SM
MD
LG