Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ПРАІГНАРАВАЛІ АДКРЫЦЬЦЁ МЕНСКАГА ФОРУМУ


Валер Каліноўскі, Прага

Нягледзячы на тое, што склад замежных удзельнікаў форуму носіць вельмі прадстаўнічы характар, прадстаўнікі беларускага МЗС і прэзыдэнцкай адміністрацыі, якія былі анансаваныя ў праграме, праігнаравалі яго. Між тым, сёньня на форуме ад прадстаўніка Эўразьвязу прагучалі важныя заявы аб будучым стасункаў ЭЗ і Беларусі.

Карл Гартцэль, супрацоўнік палітычнага аддзелу офісу Вярхоўнага прадстаўніка Эўразвязу Гаўера Саляны, выказаў афіцыйную пазыцыю Эўразьвязу адносна стасункаў зь Беларусьсю пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Зь яе вынікае, што ніякіх зьменаў у гэтых стасунках ня будзе. Карл Гартцэль падкрэсьліў, што рашэньні Эўразьвязу ад 1997 году аб абмежаваньні кантактаў зь Беларусьсю захоўваюцца ў сіле і цяпер, паколькі ніякіх зрухаў у накірунку дэмакратызацыі і выкананьня правоў чалавека не адбылося. Спадар Гартцэль прызнаў, што магчымасьць зьмены палітычных рашэньняў ЭЗ 1997 году захоўваецца, але і цяпер яны застаюцца асновай для падыходаў ЭЗ да Беларусі і яе ўладаў. Пакуль ЭЗ ня мае дыялёгу зь Беларусьсю на вышэйшым узроўні, – зазначыў спадар Гартцэль, – і няма сэнсу наладжваць такі дыялёг, уступаць у кантакт з афіцыйнымі ўладамі да таго часу, пакуль ў Эўропе не пабачаць пазытыўных зьменаў у Беларусі. Прычым для ЭЗ, як для АБСЭ і Рады Эўропы, захоўваюць актуальнасьць 4 вядомыя ўмовы аб дэмакратызацыі, падзеле ўладаў, доступе апазыцыі да СМІ, спыненьні палітычных рэпрэсіяў. Прадстаўнік Эўразвязу заклікаў беларускія ўлады, дзеля шчасьця і дабрабыту свайго народу, вярнуцца на шлях дэмакратыі і вяршэнства закону, што можа стаць падставай для аднаўленьня дыялёгу з Эўропай.

У цэлым асаблівых ілюзіяў наконт зьмены сутнасьці беларускага рэжыму пасьля выбараў у эўрапейскіх экспэртаў і палітыкаў не заўважана. Вядомы нямецкі дасьледчык краінаў СНД Клаўс Шэгбэрг з Вольнага Бэрлінскага ўнівэрсытэту шчыра прызнаў, што жыцьцё ў Беларусі нагадвае часы халоднай вайны, калі ўлады ізалююць сваю дзяржаву ад рэшты сьвету, які перажывае моцныя пераўтварэньні.
Кіраўнік рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі Ута Цапф, якая адмыслова прыбыла на канфэрэнцыю, зазначыла РС, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася і пасьля выбараў:

(Цапф: ) “Сёлета я пабывала ў Беларусі 5 ці 6 разоў. І я ня бачу паляпшэньняў. Але я знаходжу вельмі важнымі намеры ўладаў усталяваць мараторый на сьмяротнае пакараньне, вельмі віталіся б і намеры вызваліць палітычных вязьняў”.

На думку Уты Цапф Беларусь і Эўропа маглі б крок за крокам аднаўляць адносіны да ўзроўню, які існаваў у 96 годзе, да канстытуцыйнага рэфэрэндуму, але беларускі ўрад павінен зрабіць пэўныя крокі на шляху дэмакратызацыі і выкананьня правоў чалавека, наладзіць належнае супрацоўніцтва з КНГ АБСЭ ды правесьці вартае даверу расьсьледаваньне знікненьняў вядомых палітыкаў.

Але пакуль беларускія ўлады не гатовыя да дыялёгу з Захадам, прынамсі яны прадэманстравалі гэта, праігнараваўшы адкрыцьцё гэтай вельмі прадстаўнічай канфэрэнцыі. Гаворыць старшыня Менскага форуму Райнер Лінднэр.

(Лінднэр: ) «Канечне, было б лепш, каб яны прыйшлі, бо бачна, што мы будзем старацца, каб пабудаваць канструктыўны дыялёг. Без такога дыялёгу зусім нічога ня зменіцца. Без яго для Беларусі ўсё будзе складаней... Я спадзяюся, што можа заўтра ці пасьлязаўтра зьявяцца прадстаўнікі ўлады на нашай канфэрэнцыі,” – сказаў Райнэр Лінднэр.

Менскі форум працягне працу яшчэ два дні.

XS
SM
MD
LG