Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ХАЛАДОЎ ЛЮДЗЕЙ У КУРАПАТАХ ПАМЕНЕЛА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Раніцай у Менску было марозна ды ішоў сьнег, і ўрочышча зрабілася белае. Відаць, з прычыны сьнегападу будаўнікі на дарозе амаль не працавалі. Толькі на адным участку бульдозэр раўняў жвір, які насыпалі яшчэ ўчора.

У лягеры абаронцаў Курапатаў было тры чалавекі, якія грэліся ў намёце каля печкі. Актывіст Беларускай партыі Свабоды Аляксей захварэў, і таму ляжаў у ложку пад цёплай коўдрай. Вось што ён распавёў нашаму радыё:

(Аляксей: ) "Гэтая ноч прайшла спакойна, нічога не адбылося. Ідзе сьнег, у намёце цёпла. Ніякіх сутычак з будаўнікамі пакуль няма. Яны ўсё выконваюць, ідуць па правілах. Хлопцы прыходзілі мясцовыя, зь Зялёнага луга, сядзелі з намі размаўлялі аж да 5 гадзінаў ранку".

Сёньняшняй ноччу ў Курапатах знаходзілася 8 чалавек з Партыі Свабоды й арганізацыі Маладых сацыял-дэмакратаў. Раніцай большасьць маладых людзей разьехалася па сваіх справах, і ў лягер яны вернуцца толькі бліжэй да вечара.

Валанцёры прызнаюць, што з прычыны халадоў і хваробаў людзей ва ўрочышчы застаецца менш. Аднак лічаць, што ў іх хопіць сілаў, каб несьці варту да таго часу, пакуль усе будаўнічыя работы ў Курапатах будуць скончаныя. Гаворыць валанцёрка Людміла:

(Люда: ) "Цяжка людзям, але ж змагаемся і будзем змагацца далей. Які б настрой ні быў, мы будзем сядзець усё роўна, не адступім. Таму што ўяўляю, што, напрыклад, праз могілкі, дзе пахаваная мая бабуля, пачалі б будаваць шашу — я б таксама іх адстойвала да апошняга. Таму й тут я таксама".

Апоўдні ў курапацкі лягер прыехаў душпастыр валанцёраў, сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч. Кожную нядзелю ён адпраўляе тут набажэнства памяці загінулых, а таксама за здароўе абаронцаў мэмарыялу ды асьвячае змайстраваныя валанцёрамі крыжы. Гаворыць Леанід Акаловіч:

(Акаловіч: ) "Пастанавіла моладзь бараніць усімі магчымымі сродкамі гэты курапацкі мэмарыял. Вядома, мне як сьвятару хацелася б, каб усё гэта праходзіла ціха, мірна й без новых пакутаў для моладзі, якая сапраўды бароніць нашую Бацькаўшчыну — Беларусь, і нашую Веру.

Мы тут думаем зрабіць сьцяну памяці, зрабіць капліцы. Магчыма, прывязуць нам іконы, статуі Маткі Боскай і Ісуса Хрыста. Каб гэтыя капліцы паставіць разам са сьцяною, і на гэтай сьцяне можна было пісаць вядомыя імёны тых, хто быў расстраляны ў Курапатах".

З прычыны халадоў сёньня адслужылі кароткі малебэн і асьвяцілі некалькі новых крыжоў, якія будуць усталяваныя ў Курапатах пазьней. У гэтым набажэнстве ўдзельнічала каля 10 валанцёраў і актывістаў КХП БНФ.

XS
SM
MD
LG