Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ ЯКУБОВІЧ НАВАЖЫЎСЯ АДСУДЗІЦЬ ГРОШЫ Ў ГАЗЭТЫ “БЕЛАРУСКАЯ МАЛАДЗЁЖНАЯ”


Любоў Лунёва, Менск

Нагодай для судовага разьбіральніцтва стаўся камэнтар Сяргея Пульшы з газэты "Беларуская маладзёжная" да артыкулу, які быў надрукаваны ў "Советской Белоруссии" пра моладзевы фэстываль у Крыме. Сяргей Пульша распавядаў раней пра гэтую падзею на старонках сваёй газэты, і яго абурылі некаторыя нэгатыўныя і, на ягоную думку, несправядлівыя ацэнкі "СБ".

У судовай позьве рэдакцыя "СБ" спасылаецца на тое, што артыкул быў надрукаваны не ў самой газэце, а ў дадатку "Деловой вторник". Але найбольш кіраўніцтва "СБ" абуранае цьверджаньнем Сяргея Пульшы пра тое, што "ўсе прызвычаіліся да таго, што "Советская Белоруссия" зьяўляецца далёка не аб'ектыўнай газэтай". Сытуацыю камэнтуе галоўная рэдактарка "Беларускай маладзёжнай" Тацяна Мельнічук:

(Мельнічук: ) "Фразу, якая выклікала абурэньне "Советской Белоруссии", можна і трэба трактаваць як меркаваньне, а Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дае права на распаўсюджваньне меркаваньняў. Аднак у судзе, зачытаўшы гэтую фразу, судзьдзя Фрунзенскага суда адказала толькі: "Ці вы разумееце, што прэтэнзіі выстаўляе да вас "Советская Белоруссия" і сам Павал Ізотавіч Якубовіч?"

Я зьвярнула ўвагу, што на працягу двух апошніх тыдняў падобныя ўдакладненьні ці такія абвяржэньні зьявіліся ў некаторых незалежных газэтах: "Народная воля", "Наша Свабода". Там былі матэрыялы, у якіх журналісты гэтых выданьняў прасілі прабачэньня і ў газэты "Советская Белоруссия", і ў Паўла Ізотавіча асабіста.

Магчыма, у "Советской Белоруссии" зараз нейкая кампанія, каб выпрабаваць — хто зь незалежных газэтаў чаго варты. Я сапраўды ня ведаю, навошта ім гэта трэба. Мо трэнінг для іхнага юрыста?"

Судовае паседжаньне прызначылі на 13 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG