Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СХОД АЛІМПІЙСКАГА КАМІТЭТУ Ў МЕНСКУ НЕ ПРЫНЕС КАДРАВЫХ ЗЬМЕНАЎ


Ігар Карней, Менск

Прэзыдэнт НАК Аляксандар Лукашэнка быў сёньня ў лагодным настроі. Нават скандал у Міністэрстве спорту, калі шэраг выбітных спартоўцаў выказалі недавер кіраўніцтву НАК ды дэманстратыўна пакінулі залю, а таксама ўчорашнія арышты дзяржаўных чыноўнікаў ніяк не паўплывалі на хаду сходу.

Лукашэнка шмат жартаваў і нават пачаў сустрэчу з таго, што паабяцаў пабіць клюшкай міністра спорту Яўгена Варсіна, калі той не прывязе з Солт Лэйк Сіты заплянаванай колькасьці мэдалёў. Не засмуціла Лукашэнку і фактычнае байкатаваньне сходу шэрагам сяброў грамадзкае кансультацыйнае рады НАК, якія патрабавалі кадравых зьменаў у структуры камітэту.

Сёньня кіраўніцтва Алімпійскага камітэту абіралася паводле двух сьпісаў. Адзін падрыхтаваў дарадца Лукашэнкі ў пытаньнях спорту Мікалай Ананьеў, другі — дзейны віцэ-прэзыдэнт НАК Генадзь Аляксеенка. Прэзыдэнт НАК ухваліў сьпіс Аляксеенкі, а значыцца, на кіраўнічых пасадах у рангу віцэ-прэзыдэнтаў засталіся сам Аляксеенка, Аляксандар Мядзьведзь і новаабраны сябар алімпійскага прэзыдыюму, Ананьеў. Спробы ўвесьці ў склад кіраўніцтва трохразовага алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча і шасьціразовага чэмпіёна сьвету Ігара Жалязоўскага былі безвыніковыя.

У інтэрвію Радыё Свабода Ігар Жалязоўскі сказаў, што пытаньняў пасьля зьезду застаецца зусім ня меней, чым напярэдадні.

(Жалязоўскі: ) "Я магу прывесьці рэальны прыклад у каньках. Тут я не магу праводзіць адзіную з кіраўнікамі спорту палітыку. Прыкладам, датычна Пагарэлага і Кацюгі — дарэчы, мужа і жонкі, пра што ніхто не ўзгадвае. У цяперашніх умовах вялікага дэфіцыту сродкаў яны паўгода рыхтуюцца за мяжой. Прычым, ня ў Польшчы ці Нямеччыне, а ў Канадзе і Амэрыцы. За якія месцы яны маюць намер спрачацца?

Я ў Міністэрстве не падпісваю на гэта згоду. Усё роўна чыноўнікі ідуць насуперак. Маё меркаваньне як спэцыяліста: такія сродкі выдаткоўваць няма сэнсу. Такім чынам, хапае пытаньняў, над якімі патрэбна працаваць. Але добрай аналітычнай працы ў спорце няма".

Агульны стан беларускага спорту ілюструе наступная статыстыка: каля дзесяці расейскіх спартоўцаў будуць прадстаўляць Беларусь на маючых адбыцца зімовых Алімпійскіх гульнях. Чаму выбар не на карысьць беларусаў, спартовыя функцыянэры ня кажуць.

XS
SM
MD
LG