Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРЫШТАВАНЫ ДЫРЭКТАР “АТЛАНТУ” НІБЫТА ПАЧАЎ У ТУРМЕ ГАЛАДОЎКУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле дасьведчаных крыніцаў, Леанід Калугін ня згодны з абвінавачаньнямі і з учорашняга дня трымае галадоўку. Паводле тых жа крыніцаў, генэральнага дырэктара аб'яднаньня "Атлант" трымаюць у адным са сьледчых ізалятараў Менску — ня выключана, што ў КГБ.

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю, дзе вядзецца справа, пацьвярджаць альбо абвяргаць гэтыя зьвесткі адмаўляецца. Увогуле справа Леаніда Калугіна робіцца сакрэтнай літаральна на вачах.

Яшчэ ў першай палове дня кіраўнік аддзелу, які займаецца справай Калугіна, ахвотна адказваў на мае пытаньні, аднак празь дзьве гадзіны падчас другой размовы ён ужо адмаўляўся ад кантактаў і прасіў на яго не спасылацца. Таму я вымушаны даць запіс першай размовы, не называючы прозьвішча суразмоўцы:

(Карэспандэнт: ) "Ці праўда, што Калугін абвесьціў галадоўку?"

(Супрацоўнік дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў: ) "Не, мне пра такое невядома".

(Карэспандэнт: ) "Якія яму зьбіраюцца прад'явіць абвінавачаньні?"

(Супрацоўнік дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў: ) "Ну, гэта ж усім вядома. Пытаньні парушэньня дзейнага заканадаўства. Магчыма, ліцэнзійная праца; магчыма, парушэньні правілаў падаткаабкладаньня ці гэта можа быць выкарыстаньне грашовых сродкаў не па прызначэньні. Вось у такім ракурсе".

(Карэспандэнт: ) "Ці Калугін прызнае сябе вінаватым?"

(Супрацоўнік дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў: ) "Э, не. Гэта пытаньні да сьледзтва, а сьледзтва — справа закрытая".

(Карэспандэнт: ) "Аднак скажыце хаця б, як ён рэагуе?"

(Супрацоўнік дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў: ) "Ну як, пагаджаецца. Кажа: так, вінаваты, пагаджаецца з усім".

Пакуль журналістам мала вядома і пра былога начальніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманька, якога зьнялі з пасады пасьля таго, як на яго распачалі крымінальную справу — быццам за службовыя злоўжываньні. Сёньняшні працоўны дзень спадар Рахманько пачаў з правядзеньня традыцыйнай ранішняй нарады, пасьля якой разьвітаўся з падначаленымі і зьехаў.

Паводле супрацоўніцы прэсавай службы чыгункі Іны Раскатавай, Віктар Рахманько нічога не казаў наконт вылучаных супраць яго абвінавачаньняў. Ён катэгарычна адмаўляецца кантактаваць з журналістамі, што, аднак, было яму ўласьціва і раней.

Між тым, ужо зьявіліся зьвесткі пра тое, што можа хавацца за расплывістай фармулёўкай "нядобрасумленнае выкананьне службовых абавязкаў", якая фігуруе ў паведамленьні прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі адносна зьняцьця з пасады Віктара Рахманька.

Паводле крыніцаў, спадара Рахманька падазраюць у спрыяньні незаконнаму продажу 10 кватэраў элітнага дому па вуліцы Чкалава, 18. Гэты дом належыць чыгунцы, і жыць там павінны толькі чыгуначнікі, але дзіўным чынам сярод жыльцоў дома апынуліся людзі зь іншых ведамстваў.

Называюць прозьвішчы былога дарадцы прэзыдэнта Сяргея Посахава, былога генэральнага пракурора Алега Бажэлкі, намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, дэпутата Івана Пашкевіча. Ці фігуруюць гэтыя прозьвішчы ў справе на Віктара Рахманька, пакуль невядома, але журналісты зьвязваюць скандал менавіта з гэтымі імёнамі.

Называюць нават кошты і памеры кватэраў гэтага дома, якія могуць належаць высокім чыноўнікам. У прыватнасьці, аднапакаёвая кватэра на 72 квадратныя мэтры каштуе некалькі дзясяткаў тысяч даляраў, а кошт чатырохпакаёўкі плошчай 124 мэтры, у якой быццам жыве Аляксандар Зімоўскі, сягае за 100 тысяч даляраў.

Прэсавы сакратар пракуратуры краіны Аляксей Таранаў пацьвердзіў, што ў адным з эпізодаў справы Рахманька "сапраўды зьяўляюцца нейкія кватэры".

XS
SM
MD
LG