Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАЦКІМ ЛЯГЕРЫ ВАЛАНЦЁРАЎ ЗАСТАЛОСЯ ЗУСІМ МАЛА ЛЮДЗЕЙ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Менску пачалася адліга й усталявалася даволі цёплае надвор'е. Раніцай на курапацкім участку кальцавой дарогі адноўленыя будаўнічыя працы, спыненыя ўчора з прычыны моцнага сьнегападу. Самазвалы падвозілі жвір, рабочыя падвышалі насып дарогі. За гэтай працай назіраў навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі Мікола Крывальцэвіч:

(Крывальцэвіч: ) "Я ніякіх парушэньняў не заўважыў сёньня, усё ідзе ў межах заплянаваных працаў. У асноўным ідзе падсыпка жвіру на дарогу, і пачаліся працы па пракладцы сьцёку для вады. Будаўнікі заўжды парушаюць нормы — у праекце адно, а на практыцы адбываецца па-іншаму. Гэта мы ведаем са сваёй археалягічнай практыкі. А такое назіраньне іх дысцыплінуе і прымушае працаваць у межах праекту".

Дарэчы, трубы для сьцёку вады будуць накіраваныя ў бок Курапатаў, і ёсьць небясьпека, што ўвесну каля Крыжа пакутаў узьнікне сапраўднае балота. Мікола Крывальцэвіч спрабаваў дамовіцца, каб будаўнікі зрабілі нейкую дрэнажную сыстэму, і накіравалі сьцёкі на прылеглае да Курапатаў поле, але безвынікова.

Інжынэры кажуць, што гэткая сыстэма будзе дорага каштаваць, а вадасьцёк выходзіў у Курапаты й раней да пашырэньня дарогі, і вада ніколі не размывала магілы. Прадстаўнікі лягеру валанцёраў рэзка адмоўна ставяцца да намеру будаўнікоў накіраваць вадасьцёк у Курапаты. Гаворыць актывіст Беларускай партыі Свабоды Аляксей:

(Аляксей: ) "Парушэньне ў тым, што яны хочуць сюды ваду адправіць, пракласьці гэтыя трубы. Ну я ня ведаю, зьбярэцца кіраўніцтва нашае, будзем вырашаць, што рабіць зь імі. Асабіста я супраць пракладкі трубаў, і ня толькі я. Бо сюды пойдзе вада, і будзе балота".

Высечку дрэваў у прыдарожнай зоне рабочыя спынілі, аднак усе паваленыя сосны яны некуды вывозяць. Валанцёры лічаць, што будаўнікам загадала гэта рабіць начальства, каб не пакідаць жыхарам лягеру дроваў і матэрыялу для вырабу новых крыжоў.

У лягеры абаронцаў Курапатаў сёньня было няшмат людзей. Толькі пяцёра актывістаў руху "Зубр" ды Партыі Свабоды сядзелі ў намёце каля печкі. Уначы ж у лягеры ўвогуле заставаліся толькі тры чалавекі. Праўда, валанцёры сьцьвярджаюць, што неўзабаве на начныя дзяжурствы ў Курапатах зноў заступяць ня менш за 10 чалавек. Валанцёр Аляксей працягвае:

(Аляксей: ) "Трымаем, і будзем трымаць гэтую абарону, будзем стаяць. Так, у намёце цёпла, пяцідзясятнікі нам перадалі цёплыя рэчы, абаяцалі коўдры. Каб было больш цёплых рэчаў, было б лепей".

(Карэспандэнт: ) "Што вы зьбіраецеся рабіць у Курапатах сёньня?"

(Аляксей: ) "Зараз будзем рабіць праваслаўныя крыжы, і ці сёньня, ці заўтра будзем іх усталёўваць уздоўж поля. Гэта будзе своеасаблівая агароджа".

Дарэчы, 24 лістапада спаўняецца роўна два месяцы, як распачалася варта абаронцаў Курапатаў.


XS
SM
MD
LG