Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯДАЎНА Ў МЕНСК ПРЫЯЖДЖАЛА ДА ЦЁТКІ БЫЛАЯ ЖОНКА ЛІ ГАРВІ ОСВАЛЬДА МАРЫНА ПРУСАКОВА


Ігар Карней, Менск

Валянціна Прусакова жыве ў самым цэнтры Менску, на плошчы Перамогі. Кватэру гэтую ейны муж атрымаў за выдатную службу ў органах бясьпекі. Але разам са зьяўленьнем у сям'і амэрыканца, зь якім ягоная пляменьніца пазнаёмілася на калядным танцавальным вечары, кар'ерны рост палкоўніка быў спынены.

Таму да свайго зяця (а Марыну ў сям'і лічылі дачкой) Ільля Прусакоў ставіўся надзвычай холадна. Нават пасьля ад'езду маладых у Амэрыку Прусакоў катэгарычна забараняў жонцы спрабаваць наладзіць кантакт з Освальдамі. Валянціна ж, наадварот, вельмі сымпатызавала Аліку (так яны дзеля зручнасьці называлі Лі Гарві). Упершыню цётка й пляменьніца стэлефанаваліся толькі ў 1991-м — роўна праз 30 гадоў пасьля разьвітаньня.

Нядаўна Валянціна Прусакова цяжка захварэла. І кажа, што першай адгукнулася Марына.

(Прусакова: ) "Марына патэлефанавала з Амэрыкі і сказала: цёця Валя, мы за сямейным сталом вырашылі, што я павінна прыехаць вам дапамагчы. Прыехала сама, па ўласнай волі, ніхто яе не прасіў. Дарэчы, былі вялікія цяжкасьці, каб прыехаць.

У беларускай амбасадзе згаджаліся толькі на турыстычную візу, прыйшлося даваць хабар. Тут паўтарылася аналягічная гісторыя: празь месяц трэба было падаўжаць візу, доўга ганялі, яна абуралася, бо таксама плаціла вялікія грошы за дазвол. Даходзіла да таго, што накупіла асадак гарадзкому АВІРу, бо там не было чым запоўніць дакумэнты.

І вось два месяцы мяне даглядала. Вазіла на таксі ў аддзяленьне анкалёгіі. Дарэчы, вельмі непакоілася, што застанецца бяз працы. Але ўжо тэлефанавала, што сустрэлі з кветкамі".

Валянціна Прусакова кажа, што зараз у Марыны не найлепшыя часы. Праз два гады яна зьбіраецца на пэнсію. Муж, Кенэт Портэр, зь якім Марына пабралася ў 1965-м, ужо не працуе. Нават каб прыехаць у Менск, прыйшлося прадаць карову з уласнага статку.

(Прусакова: ) "Прыяжджала з дачкой Аліка, Джун. Вельмі прыгожая, падобная да бацькі. Выходзіць са спальні, заўсёды найперш запытаецца, чым дапамагчы. Яны, па праўдзе, прыехалі чаму — думалі, што я ўжо паміраю. Нейкія пампэрсы прывезьлі, пальчаткі ўсялякія.

А пасьля трагедыі 11 верасьня Джун зьехала, бо вельмі хвалявалася: двое дзяцей у Амэрыцы засталіся..."

Пытаюся, ці ўзгадвалася ў размовах імя Освальда наогул?

(Прусакова: ) "Пра Аліка — амаль маўчаньне. Наогул пра той час. 17 ліпеня ёй было 60 гадоў, і ў газэце Северадзьвінску, дзе яна нарадзілася, прысьвяцілі Марыне старонку. Я чытаю — плачу, а яна нават не кранула. Ці яна стамілася ад гэтай увагі — я так і не зразумела. Але я яе вельмі люблю. Яна ўвесь час паўтарае: цёця Валя, я перажыла вельмі шмат, а цяпер хачу жыць дзеля дзяцей, дзеля ўнукаў, сваім жыцьцём.

Хоць, натуральна, сёньня ў Амэрыцы зноў будуць паказваць тыя жахлівыя кадры. Каторы год 23 лістапада тэлевізар уключыш — усё адно. Хоць, можа, пасьля трагедыі 11 верасьня столькі ўвагі й ня будзе".

Напрыканцы пытаю, ці ёсьць верагоднасьць вяртаньня Марыны. Але Валянціна Прусакова адразу абрывае: гэта краіна для яе ўжо чужая.

(Прусакова: ) "Натуральна, што Марына сюды ня вернецца. У яе ўжо 6 унукаў — пяцёра хлопчыкаў і дзяўчынка, Клеапатра. Безумоўна, яна там прывыкла. Яна кажа, што й там хапае хібаў, але ў вас яшчэ болей. Калі хадзіла ў справе візы, нават крэсла ніхто не прапануе. Кажа: прыйдзеш, і стаіш як дурань. У Амэрыцы прынамсі прапануюць сесьці й запытаюць, чым можна дапамагчы. Тут тры дні хадзіла!"

Калі мы ўжо разьвітваліся, Валянціна Прусакова на парозе сказала: хоць усе думаюць, што забойства Кенэдзі ўчыніў Освальд, ні яна, ні Марына ў гэта ня вераць. Бо для Освальда Кенэдзі быў ідэалам.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG