Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ СУДЗЯЦЬ ЯШЧЭ АДНАГО КІРАЎНІКА МЭДЫЧНАГА ІНСТЫТУТУ


Казімер Яноўскі, Гомель

У адрозненьне ад прафэсара Бандажэўскага, якога судзіла вайсковая калегія Вярхоўнага Суду, справу першага прарэктара Яўгена Сакалоўскага разглядае нават не абласны, а ўсяго толькі раённы суд.

Спадар Сакалоўскі абвінавачваецца ня толькі ў хабарніцтве, але і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Гэта выявілася, у прыватнасьці, у прымусе выкладчыкаў праводзіць паўторныя іспыты і завышаць асобным студэнтам адзнакі, выстаўленыя падчас сэсіі.

Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што хабар Яўген Сакалоўскі браў нават пасьля арышту рэктара Бандажэўскага, хаця сьледчыя з пракуратуры краіны цьвердзілі, што менавіта Юры Бандажэўскі зарганізаваў злачынную групоўку, якая займалася паборамі.

Больш за тое, калі ў 1999 годзе прафэсар Бандажэўскі стаў публічна распавядаць пра вынікі дасьледаваньняў згубных наступстваў Чарнобылю, першы прарэктар Сакалоўскі ў ліку іншых асобных супрацоўнікаў інстытуту спрычыніўся да напісаньня гнеўных лістоў у высокія інстанцыі.

Пра адзін з такіх лістоў-даносаў Сакалоўскага на адрэсу былога дзяржсакратара Савету Бясьпекі краіны, а цяпер генэральнага пракурора Віктара Шэймана распавядаў вашаму карэспандэнту прафэсар Бандажэўскі.

Крымінальная справа Сакалоўскага дасьледавалася раней у зьвязку зь яшчэ адным супрацоўнікам мэдінстытуту — загадчыкам катэдры спадаром Янкелевічам. Апошні, сам знаходзячыся пад сьледзтвам, улетку сьведчыў на судзе супраць Бандажэўскага.

Сьледчы па асабліва важных справаў пракуратуры краіны Вячаслаў Цераховіч вылучыў справу Янкелевіча ў асобную і спыніў яе. Тымчасам прафэсар Бандажэўскі адбывае 8-гадовы тэрмін ў менскай турме.

Жонка прафэсара, Галіна Бандажэўская, паведаміла сёньня, што муж даслаў ёй 4 артыкулы, напісаныя за кратамі. У апошнім лісьце ён паскардзіўся на пагаршэньне здароўя — абвастрэньне хваробы страўніка.

XS
SM
MD
LG