Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ТЭХНАЛЁГІІ. З ДАПАМОГАЙ ВАЕННАЙ ТЭХНАЛЁГІІ ЗМАГАЮЦЦА З ЗАСІЛЬЛЕМ МАБІЛЬНЫХ ТЭЛЕФОНАЎ


Падрыхтаваў Сяргей Шупа

Прыстасаваньне каштуе каля 1600 даляраў. Champion Technology ўжо атрымала замову на 150 тысячаў апаратаў ад неназванай блізкаўсходняй краіны для блякаваньня мабільных тэлефонаў у мячэцях.

ЛОС-АНДЖЭЛЕС. Інстытут Творчых Тэхналёгіяў, у якім супрацоўнічаюць ваенныя стратэгі, унівэрсытэцкія прафэсары і галівудзкія кінамайстры, распрацаваў сэрыю высокатэхналягічных інтэрактыўных відэагульняў для амэрыканскіх вайскоўцаў. З дапамогай гэтых гульняў можна не выходзячы з аўдыторыі адчуць сябе ва ўмовах сапраўдных ваенных сытуацыяў, стыхійных бедзтваў і міратворчых місіяў. Гульні дакладна імітуюць геаграфічныя і культурныя рэаліі канфліктных рэгіёнаў і дапамагаюць выпрацаваць адкэватную рэакцыю ў нечаканых складаных сытуацыях.

НЬЮ-ЁРК. У апошнюю нядзелю хакеры ўламіліся на інтэрнэтную старонку часопісу Playboy і атрымалі доступ да нумароў крэдытных картак наведнікаў старонкі. Тэхнічны аддзел кампаніі Playboy заўважыў улом яшчэ да таго, як хакеры пачалі дасылаць кліентам пагрозьлівыя лісты. Самі кліенты ўзьнялі трывогу ў нядзелю ўвечары, калі пачалі атрымваць лісты з дакладнай інфармацыяй пра іх крэдытныя карткі. Пакуль невядома, колькі кліентаў Playboy’ю сталіся ахвярамі хакераў і ці апошнія скарысталі атрыманую інфармацыю на злачынныя мэты.

САН-ФРАНЦЫСКА. Разьмешчаная ў Каліфорніі кампанія SafeWeb закрыла сваю бясплатную службу, з дапамогай якой можна было ананімна наведваць любую старонку ў сусьветным сеціве. Дзейнасьць кампаніі, часткова фінансаваная ЦРУ, была разьлічаная на карыстальнікаў Інтэрнэту ў такіх краінах, як Кітай ці Іран, каб дапамагчы ім абыйсьці дзяржаўную цэнзуру. Кампанія SafeWeb, паслугі якой дазвалялі карыстальнікам быць практычна нябачнымі ў Інтэрнэце, была другой падобнай службай, зачыненай за апошнія два месяцы.

ШАНХАЙ. Кітайскія ўлады закрылі больш за 17 тысячаў Інтэрнэт-кавярняў, дзе ня быў заблякаваны доступ да інтэрнэт-старонак, якія ўлады лічаць падрыўнымі або парнаграфічнымі. Гэтая пастанова была прынятая ў выніку шырокамаштабнай акцыі праверкі 94 тысячаў інтэрнэт-кавярняў па ўсёй краіне. Інтэрнэт-кавярні сёньня дзейнічаюць у бальшыні кітайскіх гарадоў і мястэчак. На сёньняшні дзень у Кітаі налічваецца амаль 27 мільёнаў карыстальнікаў Інтэрнэту, зь іх каля 4 з паловай мільёнаў далучаюцца да Сеціва ў Інтэрнэт-кавярнях.

ВАТЫКАН. Папа рымскі Ян Павел ІІ рыхтуецца ўпершыню апублікаваць афіцыйны дакумэнт праз Інтэрнэт, тым самым падкрэсьліўшы прыхільнасьць Каталіцкай Царквы да сучасных формаў камунікацыі. У чацьвер у Ватыкане адбудзецца цырымонія адсылкі апостальскага пасланьня «Царква ў Акіяніі» праз электронную пошту ў далёкія дыяцэзіі Аўстраліі і Акіяніі. Ян Павел ІІ сам націсьне на кнопку адсылкі і тым самым увядзе Ватыкан у новую электронную эру.
XS
SM
MD
LG