Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШЭРАГ СЛАВУТЫХ БЕЛАРУСКІХ СПАРТОЎЦАЎ ВЫКАЗВАЕ НЕДАВЕР КІРАЎНІЦТВУ МІНІСТЭРСТВА СПОРТУ І НАЦЫЯНАЛЬНАГА АЛІМПІЙСКАГА КАМІТЭТУ


Ігар Карней, Менск

Кіраўніцтва НАК, а за ім і дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі заўтрашні сход называюць лёсавызначальным. Але насуперак "адзінаму памкненьню" некалькі былых спартоўцаў міжнароднай славы прадэманстравалі сваю нязгоду з захадамі кіраўніцтва міністэрства і Алімпійскага камітэту. Іхнае меркаваньне: цяперашнія дзяржаўныя чыноўнікі ня здольныя вырашыць комплекс спартовых праблемаў. Вось што кажа заслужаны трэнэр СССР па фэхтаваньні Аляксандар Фель:

(Фель: ) "Нам даслалі паперу: запрашаем на сустрэчу з кіраўніцтвам Міністэрства спорту і турызму. Але калі мы зайшлі ў залю паседжаньняў, то аказалася, што там 70 папярэдне падрыхтаваных людзей, якія ўжо сустракалі нас ганебнымі выклічамі. Дзяржтрэнэраў "навуськалі" на нас!

Нашая "каманда" — гэта кансультацыйная рада НАК Беларусі, створаная ў 1998-м годзе. Гэта алімпійскія чэмпіёны мінулых гадоў: Сядзяк, Клім, Шары, Камінскі, Папоў, выбітныя трэнэры. Маючы альтэрнатыўнае меркаваньне пра дзейнасьць Міністэрства спорту, мы сталіся не да месца. Нас ужо неаднаразова спрабавалі "адлупцаваць", бо мы прапанавалі новую сыстэму кіраваньня спортам вышэйшых дасягненьняў. Але міністар і ягоныя намесьнікі спрабуюць стварыць вакуум вакол нас".

Яшчэ адзін з тых, хто на знак нязгоды кінуў выклік спартовым чыноўнікам — трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні Ўладзімер Парфяновіч. Пытаюся: як будзе адбывацца заўтрашні сход, ці можна чакаць, што гэтая праблема будзе вынесеная на прынцыповае абмеркаваньне?

(Парфяновіч: ) "Хто будзе выносіць? — вось у чым пытаньне. Калі да "бацькі" дойдзе, можа, пытаньне і ўзьнікне. Калі гэта застанецца за кулісамі, дык і пытаньняў ня будзе ніякіх. У нас жа заўсёды ўсё ціха ды спакойна. Але скажу вось што: і Фель, і Сядзяк, і Тараненка — гэта асобы. І ацэньваць асобаў трэба інакш. Таму спачатку свае праблемы трэба было абмеркаваць у вузкім коле, каб вызначыць кропкі супрацоўніцтва. І ў гэтым пляне міністар памыліўся. Важна што? — каб каманда працавала. Калі няма каманды, працуй хоць 48 гадзінаў на суткі, сытуацыю ня зьменіш. Змрок наперадзе. Ніхто нічога ня ведае, ніхто ні з кім ня раіцца".

Адзін з самых выбітных беларускіх спартоўцаў, шасьціразовы чэмпіён сьвету Ігар Жалязоўскі таксама выказаў салідарнасьць з калегамі.

(Жалязоўскі: ) "У дадзенай сытуацыі мне не зразумелыя дзеяньні Міністэрства спорту адносна рады. Заслужаныя людзі хочуць дапамагчы арганізаваць працу дзяржаўнаму ведамству — прычым, абсалютна бясплатна. Няхай працуюць. Я добра знаёмы з нашам спортам і бачу, што праблемы ёсьць. Добрай аналітычнай працы ў спорце бракуе, і кансультацыйная рада магла б гэта рабіць. І я не разумею, чаму ідзе такі навал на адрас рады. Калі людзі прапануюць дапамогу — няхай працуюць!"

Выбітныя, вопытныя спартоўцы і трэнэры, якія дбаюць пра разьвіцьцё айчыннага спорту і бачаць яго пэрспэктыву ва ўдасканаленьні нацыянальнай школы ў розных відах, аказаліся не патрэбныя спорту. Чыноўнікі ж тым часам сьпехам цыруюць відавочныя дзіркі ў нацыянальнай дружыне, якая мае адстойваць годнасьць краіны ўжо праз два месяцы на зімовых алімпійскіх гульнях у Солт Лэйк Сіты, запрашаючы расейскіх спартоўцаў, якім не знайшлося месца ў сваёй зборнай.

Натуральна, гэтыя людзі тэрмінова атрымліваюць беларускае грамадзянства. Ужо сёньня вядома, што такіх новасьпечаных сяброў беларускай зборнай восем. І зьвесткі гэтыя не канчатковыя. Да таго ж плянуецца, што й спонсарамі беларускай каманды будуць выступаць расейскія вытворцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG