Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІЛЯМЭТРАВАЯ ЧАРГА НА БЕРАСЬЦЕЙСКІМ УЧАСТКУ БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКАЙ МЯЖЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

За апошнiя суткi чарга грузавых аўтамабiляў, якiя жадаюць перасячы беларуска-польскую мяжу празь пераход "Казловiчы–Кукурыкi", дасягнула 15 кiлямэтраў. У чарзе знаходзяцца больш як 300 аўтамабiляў, пераважна з расейскiмi нумарамi. Апошнiя машыны з гэтай чаргi стаяць ужо на ажыўленай шашы "Берасьце–Масква". Кiроўцы вельмi нэрвова ўспрымаюць вымушанае чаканьне: акрамя марнаваньня часу, яны на некалькi дзён пазбаўленыя магчымасьцi карыстацца элемэнтарнай прыбiральняй, паўнавартасна адпачываць, есьці гарачае.

Паколькi рэальных зьменаў на мяжы не назiраецца, сярод кiроўцаў ужо гучаць прапановы перакрыць рух на аўтамагiстралi, каб прыцягнуць увагу да сваiх праблемаў. Вiнаватымi ў тым, што адбываецца зараз каля памежных пераходаў, кiроўцы лiчаць як польскi, так i беларускi бакi.

Але берасьцейскiя памежнiкi й супрацоўнiкi мытнi "Заходнi Буг" сьцьвярджаюць, што яны ня маюць дачыненьня да стварэньня чэргаў на мяжы. Пры гэтым кiраўнiцтва мытнi спысылаецца на атрыманы ад сваiх польскiх калегаў лiст, з якога вынiкае, што польскi бок будзе штодня прапускаць на сваю тэрыторыю ня больш за 150 грузавых аўтамабiляў. Калi гэта сапраўды так, сытуацыя ў Казловiчах можа толькi пагоршыцца: традыцыйна напярэдаднi Калядаў рух транспарту становiцца больш ажыўленым. Не вырашаюць гэтую праблему i мытныя тэрмiналы, што за апошнiя гады пабудаваны па абодва бакi мяжы.

Значна павялiчылася чарга i ў пункце пропуску "Варшаўскi мост". Звычайнай зьявай сталася тое, што для таго, каб перасячы мяжу, трэба адстаяць каля памежнага пераходу некалькi сутак.

Але зараз заўважаная яшчэ адна акалiчнасьць: у чарзе амаль няма аўтамабiляў з нумарамi краiнаў Заходняй Эўропы. Падобныя аўтамабiлi ўважлiва адсочвае мясцовы рэкет. Iншаземным кiроўцам за 200-250 нямецкiх марак прапануюць перасячы мяжу без чаргi. Калi ж кiроўца адмаўляецца ад гэтай "паслугi", яму пагражаюць рабаваньнем i замахам на жыцьцё.

XS
SM
MD
LG