Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАЗВОЛ НА ВЫЕЗД. ГРУНВАЛЬД-ЗЯЛЁНЫ ГАЙ


Сяргей Астраўцоў

Грунвальд. Мне падабаецца гэтая назва. У канцы 1980-х моладзь спрабавала перакладаць яе на беларускі капыл — Зялёны Гай. Бо літоўцы заўжды перакладалі: "Жальгірыс" — вядомая спартовая каманда, гэта ў перакладзе Грунвальд. Сама назва дапамагала спартоўцам перамагаць. Аднак "Зялёны Гай" так і не прыжыўся. Пагатоў, што ў старабеларускіх дакумэнтах існавала свая назва гэтай нямецкай вёскі — Дуброўна.

Бітвай пад Дуброўнай называлі нашыя продкі Грунвальдзкую перамогу. Але ці доўга яе памяталі, ці лічылі сваёй? Гэта нам невядома. Калі верыць вядомай "Хроніцы Быхаўца", дык славутая бітва адбылася "у год ад пачатку сьвету 6921, а ад Божага нараджэньня 1412". Нішто сабе памылка! У іншай хроніцы год пазначаны слушна, але сказана толькі пра польскага караля і польскае войска. І нічога пра вялікага князя Вітаўта і ягоных ваяроў.

І за стагодзьдзі памяць пра беларускі ўдзел у Грунвальдзкай сечы загубілася, як часова здарылася з памяцьцю пра Францішка Скарыну ды ягоныя кнігі. Сьцёрлася, як выява на старой манэце. І памяць гэтую давялося аднаўляць нам у сваёй сьвядомасьці кожнаму паасобку. Аднак беларускую прысутнасьць сёньня на Грунвальдзе хутчэй можна параўнаць з адсутнасьцю. Бо прысутнасьць нашая непаўнавартая.

Хібу гэтую я адчуваю ў сваёй душы. Я адчуваю сталеньне ўсіх беларускіх людзей разам з уласным. На жаль, мы яшчэ не пасталелі як мае быць. Мы ўсё яшчэ вучымся чытаць па чужых "азбуках", блукаем у лябірынтах несваёй гісторыі. І не ганарымся ўласнай. Ня можам вярнуцца на сваю гістарычную радзіму, не адчуваем сябе моцнымі.

Мы не разумеем нашых продкаў. Мы страцілі штосьці вельмі важнае. Стрыжань. Трывалы грунт. Нашыя вежы ператварыліся ў пізанскія. І мы пачалі будаваць замкі зь пяску. Гонару і годнасьці болей няма — замест іх згодніцтва і памяркоўнасьць.

Першыя мае крокі па грунвальдзкай зямлі. Афіцыйная ўрачыстасьць. Яшчэ камуністычны лідэр Ярузэльскі, незалежніцкі лідэр Ляндсбэргіс і нейкі чыноўнік з расейскага дэмакратычнага, ельцынскага, ураду. Узвод віцязяў у кальчугах і хор сярэднявечнай песьні. Яны адзначалі ўгодкі славутай — супольнай славянскай — перамогі. Бяз нас. Мы стаялі ўбаку — абражаныя, але пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. У такія хвіліны перажываеш у душы ўсе папярэднія дзеі сваёй краіны і адчуваеш за цэлы народ. Ты і храніст, і шляхціц, і мужык-беларус у адной асобе.

Пасярэдзіне пагорка круглая брукаваная пляцоўка. Макет тэатру вайсковых дзеяньняў. Вырабленыя зь белага каменя востраверхія дахі Грунвальду і яшчэ дзьвюх нямецкіх вёсак. Па другі бок карэ з каменных міні-вазоў. Табары — польскі і, крыху меншы за яго, — літоўска-рускі. Самы невялікі — зроблены з конусаў, чатырохкутнік татарскага лягеру. Я сфатаграфаваўся каля абодвух.

Я адчуваў, што я — іхны нашчадак, што кроў вялікалітоўскіх ваяроў бруіць і ў маіх жылах. Дзіўная акалічнасьць. Менскія энцыкляпэдыі, так як і ўсе астатнія, раней ня згадвалі, што продкі сёньняшніх беларусаў здабывалі грунвальдзкую перамогу. Адкуль жа звычайнаму беларусу можна было пра гэта даведацца?

Дзесяць гадоў — гэта цэлая гісторыя. Яны прамінаюць, і ніякіх зьменаў. Дакладней, адбываецца шмат чаго, але вынікі — амаль ніякія. Гонар і годнасьць. Надзеі й спадзяваньні. Роўныя сярод роўных. А напрыканцы горыч і зьняслава. Пасьля ўзьлёту падзеньне.

І на Грунвальдзкім полі ўжо не Ярузэльскі, а Квасьнеўскі, ня Ляндсбэргіс, а Адамкус. Толькі беларускага галавы па-ранейшаму няма.

І два замежныя прэзыдэнты сьвяткуюць угодкі славутай перамогі двух народаў. Трэцяму месца няма. Нават замест трох флягштокаў ужо толькі два. Толькі два сьцягі лунаюць над пагоркамі, на якіх адбываецца баявы спэктакль, рэканструкцыя падзеяў дня 10-га ліпеня 1410 году. І сярод сёньняшніх удзельнікаў беларускіх рыцараў значна больш за літоўскіх. Як, зрэшты, было і тады, у стары час.

Я сярод гледачоў рыцарскага відовішча. Мяне перапаўняюць супярэчлівыя думкі і пачуцьці. Хто мы тут і навошта? Ці пазнае гэтая зямля галасы нашых рыцараў? Праўда, гавораць яны таксама збольшага рускай мовай, але зусім ня той, называнай калісьці рускай, на якой нават Ягайла зь Вітаўтам размаўлялі.

Мы часам вяртаемся да свайго праз чужую мову. І ў гэтым разе сваё пераважае чужое, толькі выкарыстоўваючы яго. Часы каралёў, прыдворных дамаў і рыцараў прывабліваюць усіх — і японца, і амэрыканца. У нас гэта ўзмацняецца тым, што абуджаецца цікавасьць да сваіх каранёў, да галасоў продкаў. Але нашыя рыцары прыяжджаюць сёньня на Грунвальд без кіраўніка.

Раней я мог пайсьці ў музэй і ўбачыць карціну беларускага мастака з Грунвальдзкай бітвай. Дзе яна? Я мог прыйсьці да невялікага помніка "Пагоня на Грунвальд". Камень з бронзавай шыльдай, на якой выява збройнага рыцара на кані. Яго паставілі на высокім нёманскім беразе, каля Калоскай царквы. Адкуль беларускія харугвы, паводле легенды, адпраўляліся на Грунвальдзкую бітву. Бронзавая шыльда зьнікла, калі ўлады выкінулі на сьметнік дзяржаўны герб — "Пагоню". Адна гарадзенская газэта выйшла тады з загалоўкам "Рыцару ня месца сярод халопаў".

Усё зьвязана ў гэтым жыцьці. Нашая напаўпрысутнасьць на Грунвальдзе — гэта прысутнасьць абуджаных ад гістарычнага летаргічнага сну. А чаго можна чакаць ад улады? Накіраваньня туды коннага амону? НКВД у рыцарскіх латах — як у кадрах зь вядомага фантасмагарычнага кінафільма.

Пасьля Грунвальдзкай бітвы пераможцы падзялілі напалам бароды забітых нямецкіх комтураў. Іх разам з трафэйнымі харугвамі вывесілі ў Кракаве і ў Вільні.

У Менск, вобразна кажучы, зноў цяпер нічога ня трапіла. Хаця ў гістарычным сцэнары, як быццам, гэтага й не прадугледжана. Адно два войскі, два палкаводцы, дзьве сталіцы. Трэціх не было.


XS
SM
MD
LG