Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБАНІ: НЯ ТРЭБА ЧАКАЦЬ ПРАРЫВУ АД БЭРЛІНСКАЙ СУСТРЭЧЫ НАКОНТ БУДУЧАГА ЎРАДУ АФГАНІСТАНУ


Юры Сьвірко, Прага

Паўночны альянс і прадстаўнікі былога афганскага караля Мохамада Захір Шаха пагадзіліся прысутнічаць на бэрлінскай сустрэчы ў панядзелак. Таксама чакаецца ўдзел у перамовах пэшаварскай групы афганцаў, якія жывуць у Пакістане, у тым ліку пуштунаў, і кіпрскай групы, якая ўключае ўцекачоў ды іншых афганцаў з дыяспары.

Былы прэзыдэнт Афганістану Бурганудзін Рабані даў інтэрвію Радыё Свабода, у якім распавёў пра сваё бачаньне будучага афганскага ўраду, што будзе стварацца з дапамогай Лойі Джыргі – вялікага сходу афганскіх плямёнаў.

(Рабані: ) “Што да кааліцыйнага ўраду, які будзе створаны праз Лойю Джыргу, дык мы маем вельмі ясны мэханізм. Адзіны шлях пераканаць людзей у тым, што яны будуць мець справядлівае прадстаўніцтва, -- гэта абраць сяброў Лойі Джыргі адпаведна адсоткам насельніцтва, якія складаюць этнічныя групы. Гэтыя адсоткі, у сваю чаргу, мусяць базавацца на самай сьвежай статыстыцы ААН”.

Бурганудзін Рабані дадаў, што, на ягоную думку, гэтая сыстэма мусіць быць зьмененая, каб дазоліць прадстаўніцтва ў Лойе Джырге афганскай дыяспары. Спадар Рабані таксама намякае, што узброеная антыталібская апазыцыя павінная мець больш важкае слова ва ўнутраных справах Афганістану.

(Рабані: ) “Афганскія адмыслоўцы й палітыкі, якія жывуць за межамі, таксама павінныя быць уключаныя ў Лойю Джыргу – незалежна ад гэтых адсоткаў. Наша праграма таксама кажа, што большыя правы мусяцб быць дадзеныя тым людзям, якія бралі ўдзел у супраціве талібам, і тым, хто жыве ў лягерах для ўцекачоў і перажывае цяжкія часы”.

Нават да таго, як Злучаныя Штаты вырашылі распачаць авіяўдары супраць Талібану, больш як мільён афганцаў пакінулі рэгіёны, якія пацярпелі ад засухі ды ад канфлікту паміж Талібанам і Паўночным альянсам. Яшчэ сотні тысячаў афганцаў пакінулі пасьля пачатку ваеннай кампаніі на чале са Злучанымі Штатамі й апынуліся ў лягерох для ўцекачоў.

Разьвязаньне крызысу з уцекачамі ёсьць адной з найбольш неадкладнай задачаў, што чакаюць будучы ўрад Афганістану й міжнародную супольнасьць.
Яшчэ адная вялікая заклапочанасьць – гэта зрабіць так, каб Афганістан не скаціўся ў міжклянаваную вайну, як гэта здарылася пасьля вываду савецкіх войскаў у 1989 годзе.

Паўночны альянс пагадзіўся ўзяць удзел у арганізаванай ААН канфэрэнцыі афганскіх лідэраў, якая заплянаваная на наступным тыдні ў Бэрліне.

Бурганудзін Рабані сказаў Радыё Свабода, што ён не чакае нейкага прарыву ад гэтай бэрлінскай сустрэчы, якая, паводле ягоных словаў, будзе ўсяго толькі форумам для абмеркаваньня некаторых важных пытаньняў. Ён таксама заявіў, што ўсе рашэньні наконт палітычнай будучыні краіны мусяць прымацца ўнутры Афганістану.

ААН цяпер разглядае мажлівасьць накіраваньня ў Афганістан міжнародных міратворчых сілаў, каб не дапусьціць этнічных канфліктаў. Ужо некалькі краінаў, сярод якіх Нямеччына, Францыя , Турцыя ды Ярданія – выказалі гатоўнасьць браць удзел у гэтых сілах.

Спадар Рабані не згадаў пра мажлівую міратворчую місію ААН, але паўтарыў, што Паўночны альянс будзе вітаць толькі абмежаваную прысутнасьць замежных вайсковых сілаў.

(Рабані: ) “У прынцыпе мы не пагаджаемся з прыстунасьцю замежных войскаў унутры Афганістану. Але мы не запярэчваем абмежаванай колькасьці войскаў, якія выконвалі б гуманітарныя й транспартныя задачы”.

Заявіў Бурганудзін Рабані, былы прэзыдэнт Афганістану, у інтэрвію Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG