Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАРЭСПАНДЭНТ СВАБОДЫ НАВЕДАЎ ПАМЕЖНЫ ПЕРАХОД КУЗЬНІЦА-БРУЗГІ Ў АПОШНІ ДЗЕНЬ ЯГО ПРАЦЫ – ПРАТЭСТУЮЦЬ І БЕЛАРУСЫ, І ПАЛЯКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня ў Брузгах была зусім невялікая чарга на выезд. Усяго 60 машын. Першым маім размоўцам стаў жыхар Горадні Генадзь. Вось што ён сказаў:

(Генадзь: ) “Вельмі кепска мы ўспрымаем. Калі б адкрылі "Бяляны", было б вельмі добра. Уявіце: 70 кілямэтраў кола рабіць яшчэ. А там свая яшчэ чарга стаіць такая, як тут. А тут чарга звычайна на двое сутак. Палякі ўвогуле ні халеры не працуюць, ня хочуць, абсалютна”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, гэта апошнія дні так, яны расслабіліся, адчулі, што закрываюць”.

(Генадзь: ) “Увогуле яны не працуюць апошнія месяцы два. Раней раз у суткі ў любым разе праедзеш. А цяпер па двое сутак народ стаіць. Гэта ў апошні дзень сёньня толькі маленькая чарга, а так чарга да бараў і двое сутак народ стаіць. Проста ня хочуць працаваць. Яны то каву п'юць, то гарбату, то кураць, то яшчэ што-небудзь. Працаваць увогуле ня хочуць”.

Іншыя мае суразмоўцы гаварылі, што тысячы гарадзенцаў будуць зараз мець праблемы. Шмат хто займаўся гандлем. З Польшчы вазілі ня толькі тавары, а таксама будаўнічыя матэрыялы, харчы. Там усё можна купіць таньней ды яшчэ атрымаць назад частку сумы, паколькі тавар вывозіцца за мяжу.

Што датычыць памежнага пераходу Бераставіца-Баброўнікі, дык з нашага боку вельмі малая прапускная магчымасьць. А з польскага –кепская дарога. Давядзецца стаяць у чэргах суткамі, – прагназавалі мае суразмоўцы ў Брузгах. А заробкі пагоршацца.

Жыцьцёвыя клопаты аднолькавыя па абодва бакі мяжы. У польскім памежным мястэчку Саколка 60 прадпрымальнікаў стварылі Камітэт пратэсту супраць закрыцьця пераходу ў Кузьніцы. Яны лічаць, што жыхары Падляшша пацерпяць мільярдныя страты. Свой пратэст яны накіравалі у ваяводзкую управу ў Беластоку, якая прыняла гэтае рашэньне. Беластоцкая газэта "Кур'ер Поранны" учора паведаміла, што ўлады адказалі адмоўна. Прапускаць машыны ў Кузьніцы нельга, лічаць яны. Інакш будаўніцтва памежнага тэрміналу зацягнецца, і прападуць грошы, вылучаныя Эўрапейскім Зьвязам.

Польскія ўлады не згадзіліся таксама з прапановай беларускага боку часова адкрыць рух праз мяжу, напрыклад, у пункце Сафіёва. Аднак там няма ўмоў для нармальнага пропуску транспарту. Палякам важна чым хутчэй адпавядаць эўрапейскім стандартам, што датычыць памежных пераходаў. Але зь беларускага боку ня робіцца амаль нічога.

Летась, калі палякі часова закрывалі пераход у Кузьніцы, беларускія ўлады нічога не зрабілі, каб палепшыць пропуск машын у Бераставіцы. Хаця з польскага боку ў Баброўніках быў падрыхтаваны сучасны тэрмінал. Сёньня беларускія ўлады атрымалі магчымасьць адначасова з палякамі пабудаваць такі ж тэрмінал у Брузгах. Аднак спадзяваньняў на гэта няма.

Дзяржава атрымлівае вялікія прыбыткі ад мяжы. Аднак гэтыя грошы не выкарыстоўваюцца на разбудову памежных інфраструктураў. Беларускія ўлады чакаюць грошы з Масквы. Будаўніцтва ў Брузгах распачалося значна раней, чым з польскага боку. Аднак за 5 гадоў расейцы выдзелілі толькі 40 адсоткаў грошай, прызначаных на гэта. Калі так будзе надалей, тэрмінал у Брузгах пабудуюць толькі праз 7 год.

XS
SM
MD
LG