Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗААТАКУЮЦЬ ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ ПАСЬЛЯ АФГАНІСТАНУ ІРАК?


Мікола Іваноў, Прага

Некаторыя амэрыканскія аналітыкі сьцьвярджаюць, што менавіта цяпер надыйшоў час для амэрыканскай арміі заатакаваць Ірак.

Гэтыя аналітыкі сьцьвярджаюць, што такім чынам Джордж Буш-малодшы можа скончыць тую працу, якую ў сваім часе не дарабіў ягоны бацька. Вайна ў Персыдзкай затоцы, як вядома, хаця і скончылася паразай Іраку, але яна ня здолела пазбавіць Садама Гусэйна ўлады.

Дарадца у справах нацыянальнай бясьпекі амэрыканскага прэзыдэнта Кандаліза Райз лічыць, што падзеі 11 верасьня нічога ня зьмянілі ў сытуацыі Садама Гусэйна. Ён па-ранейшаму застаецца вялікай пагрозай для сьвету. Гэтая пагроза зрабілася яшчэ больш выразнай пасьля спробы біялягічнай атакі на ЗША з дапамогай бактэрыяў сібірскай язвы. А сярод дзяржаваў, якія ў сваіх ваенных праграмах маюць распрацоўку біялягічнай зброі, Дзяржаўны дэпартамэнт назваў Ірак.

Міхаэль О’Ганлон, аналітык Бруклінскага навукова-дасьледчага Інтстытуту, лічыць, што час для атакі на Ірак яшчэ не надыйшоў:

(О’Ганлон: ) “Я думаю, што Садам стаў больш асьцярожны. Калі мы прааналізуем ягоныя паводзіны пасьля вайны ў Пэрсыдзкай затоцы, ён ніколі не перакрочваў мяжу, якая б магла выклікаць шырокамаштабную ваенную акцыю з боку ЗША ў якасьці адказу на ягоныя дзеяньні”.

На думку О’Ганлона, цяпер палітычна небясьпечна пачынаць вайну супроць Іраку, таму што ў гэтым выпадку Буш можа страціць тую міжнародную падтрымку, якой ён карыстаецца цяпер.

(О’Ганлон: ) “Калі гэта паспрабаваць зрабіць цяпер без дадатковай інфармацыі, да той, якая ўжо існуе супроць Саддама, вы не атрымаеце падтрымкі нідзе ў сьвеце, за выключэньнем, магчыма, Кувейта”.

На думку О’Ганлона, нават такіх адданых саюзьнікаў ЗША, як брытанцы, трэба было б доўга намаўляць, каб яны далучыліся да ваеннай кампаніі супроць Іраку.

Джэк Спэнсэр, ваенны аналітык Фонду Спадчына ў Вашыгтоне, згаджаецца, што ў цяперашніх варунках атакаваць Ірак нельга, але Амэрыка павінна быць гатовая зрабіць гэта ў будучыні.

(Спэнсэр: ) “Першае што трэба зрабіць, гэта каб інспэктары ААН вярнуліся назад у Ірак. Я думаю, што Садам Гусэйн ня вельмі схільны супрацоўнічаць зь імі, і вось тады можа спатрэбіцца ваенная акцыя”.

Спэнсэр лічыць, што ён не занепакоены тым фактам, што вайна супроць Іраку пазбавіць ЗША міжнароднай падтрымкі тых краінаў, якія дапамагаюць у ажыцьцяўленьні антытэрарыстычнай кампаніі ў Афганістане. На ягоную думку, вайна супроць Саддама будзе патрабаваць стварэньня новай кааліцыі, якую можна пабудаваць на падмурку старой кааліцыі.

Абодвы экспэрты згаджаюцца, аднак, што сам Буш яшчэ не гатовы пачаць ваенныя дзеяньні супроць Іраку. Прэзыдэнт ЗША пакуль канцэнтруе свае высілкі на антытэрарыстычнай кампаніі ў Афганістане. Толькі пасля вырашэньня справы бін Лядэна можна будзе пачаць плянаваньне ваеннай акцыі супроць Іраку.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG