Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША І РАСЕЯ РАЗАМ МОГУЦЬ ПАСТАВІЦЬ ЛУКАШЭНКУ НА МЕСЦА


Юры Дракахруст, Варшава-Прага

У сэмінары, наладжаным польскай Фундацыяй Стэфана Баторыя, бралі ўдзел афіцыйныя прадстаўнікі толькі польскага боку, астатнія краіны былі прадстаўленыя незалежнымі экспэртамі. Але тое, што дыялёг адбываўся ў канфэрэнц-залі гатэлю канцылярыі прэзыдэнта Польшчы – факт дастаткова красамоўны. Банальная думка пра тое, што сьвет карэнным чынам зьмяніўся пасьля 11 верасьня, патрабуе небанальнага напаўненьня новымі ідэямі, якія не ў апошнюю чаргу чакаюцца ад незалежных экспэртаў, не зьвязаных дыпляматычнымі і чынавенскімі умоўнасьцямі.

Адной з цэнтральных праблемаў абмеркаваньня сталася пытаньне, да якіх зьменаў вядзе цяперашняе збліжэньне Расеі з Захадам, прынамсі, з ЗША. Супрацоўнік аддзелу плянаваньня польскага МЗС Яраслаў Браткевіч падкрэсьліў, што цяперашні стратэгічны выбар Расеі быў у значнай ступені вымушаны.

(Браткевіч: ) “На каго можа арыентавацца Расея? На Кітай? Але гэты выбар нявыгадны для саміх расейцаў, яны апынуліся б у ролі “малодшага брату”. Кітай гэта тая краіна, якая сама прэтэндуе на лідэрства ў сваім рэгіёне”.

Гэтую думку падтрымаў і ўдакладніў расейскі адмысловец ў праблемах бясьпекі Павал Фінгельгаўэр. Ён паведаміў, што паварот Масквы да супрацоўніцтва з Захадам насамрэч рыхтаваўся да падзеяў 11 верасьня, амэрыканская трагедыя стала проста нагодаю, у якой гэтая палітыка сталася больш эфэктнаю і эфэктыўнаю. А падставаю для гэтага павароту, паводле словаў сп-ра Фінгельгаўэра, сталіся няўдалыя спробы Расеі стварыць антызаходні альянс з Кітаем і Індыяй. Падчас перамоваў з Пэкінам і Дэлі Масква сутыкнулася з непрымальнымі патрабаваньнямі пра масіраваныя пастаўкі зброі па зьніжаных цэнах, пры гэтым ані Індыя, ані асабліва Кітай зусім не зьбіраліся прызнаваць лідэрства Расеі ў магчымым антызаходнім альянсе. Так што ў рэшце рэшт у Маскве разьлічылі, што лепш партнэрскія, хаця і няраўнапраўныя адносіны з Вашынгтонам, чым такая ж падпарадкаваная роля адносна Пэкіну.

Пэўныя перасьцярогі экспэртаў выклікае зьяўленьне ў Расеі ў сувязі з новай палітыкаю апазыцыі прэзыдэнту Пуціну, у тым ліку і сярод генэралітэту. Лёс Міхаіла Гарбачова ўсім памятны. Аднак паводле думкі сп-ра Фінгельгаўэра гэта хутчэй апазыцыя “бурчэньня”. Ён заўважыў, што нават расейскія генэралы бачаць перавагі новай палітыкі ў тым ліку і з пункту гледжаньня расейскага дзяржаўніцтва.
Гэта ўскосна пацьвердзілі і польскія экспэрты. На думку прафэсара Гжэгаша Грамадзкага з Ягелонскага ўнівэрсытэту падчас цяперашняга крызысу істотна паменшылася роля НАТА і істотна павялічылася роля двухбаковых адносінаў – ЗША зь Вялікай Брытаніяй і ЗША з Расеяй. Прыгаданы супрацоўнік МЗС Польшчы сп-р Браткевіч параўнаў гэта з сытуацыяй часоў Другой Усясьветнай вайны, калі “вялікая тройка” – Рузвэльт, Чэрчыль і Сталін – аднаасобна вызначала лёс сьвету. “Гэта гучыць ня надта прыемна для польскага вуха,” – адзначыў сп-р Браткевіч.

Намесьнік міністра цывільнай службы Польшчы Яцак Чапутовіч выказаў меркаваньне, што цяперашняя сытуацыя вельмі нагадвае мадэль “адна-шматпалярнага сьвету”, выкладзеную ў мінулым годзе вядомым амэрыканскім дасьледчыкам Самуэлем Гантынгтанам. Паводле гэтай схемы, існуе адзіная глябальная звышдзяржава – ЗША, але разам з тым шэраг краінаў выконваюць ролю рэгіянальных звышдзяржаваў. Гэта Бразылія ў Лацінскай Амэрыцы, Кітай – у Паўдзёнай Азыі, Нямеччына – у Эўропе, Расея – на паўночным усходзе Эўразіі. “А дзе месца Польшчы, дзе месца Ўкраіны,” – рытарычна спытаў Яцак Чапутовіч. Ён, праўда, прыгадаў, што ў мадэлі Гантынгтана глябальны гегемон – ЗША, зьяўляецца натуральным саюзьнікам малых дзяржаваў, які дае магчымасьць ураўнаважыць уплыў рэгіянальных звышдзяржаваў.

Украінскі дасьледчык, рэдактар часопісу “Палітычная думка” Аляксандар Дзергачоў выказваў меркаваньне, што цяперашняе збліжэньне Расеі з Захадам зьяўляецца абмежаваным перш за ўсё з прычыны таго, што гэтае збліжэньне носіць вонкавы характар і не суправаджаецца дэмакратычным пераўтварэньнямі ў самой Расеі. Украінскаму калегу запярэчыў Павал Фінгэльгауэр, які прыгадаў прыклад Турцыі, якая таксама ня ёсьць узорам дэмакратыі і дзе таксама адсутнічае грамадзянскі кантроль над войскам, але якая зьяўляецца сябрам НАТА.

У цэлым, не адмаўляючы тое, што расейска-амэрыканскае збліжэньне спараджае пэўныя праблемы, большасьць экспэртаў-удзельнікаў сэмінару ацанілі гэты працэс станоўча, адзначылі, што ён адкрывае пэрспэктывы для больш бясьпечнага сьвету.

А як мяняецца роля Беларусі ў сьвятле гэтай новай палітыкі? На гэтае пытаньне я папрасіў адказаць Паўла Фінгэльгаўэра.

(Фінгэльгауэр: ) “Александар Лукашэнка зараз відавочна “выпадае ў асадак” ўсясьветнай палітыкі, у якім знаходзяцца зараз Кастра, Кім Чэн Ір і іншыя. Хаця расейскія ваенныя структуры пакуль працягваюць ранейшую палітыку. У жніўні праводзіліся манэўры аб’яднанай сыстэмы СПА СНД, у якіх удзельнічала Беларусь. Сцэнар манэўраў быў такі, што ваенна-паветраныя сілы НАТА нападаюць на Калінінградзкую вобласьць Расеі і на Беларусь, а адначасна талібы, знаходзячыся ў саюзе з амэрыканцамі, урываюцца ў Сярэднюю Азыю. Відавочна, што зараз такі сцэнар ня толькі што цалкам нерэальны, але і супярэчыць генэральнай лініі Крамля. Ваеныя структуры працягваюць разам зь Беларусьсю будаваць адзіную сыстэму СПА, але супраць каго? Супраць Захаду, які зараз саюзьнік? Гэта хутчэй за ўсё інэрцыя і гэтая інэрцыя, трэба меркаваць, будзе папраўленая.

Расейскі экспэрт мяркуе, што цяперашнія беларуска-расейскія супярэчнасьці набываюць усё больш стратэгічны характар.

(Фінгэльгауэр: ) “Ідучы на збліжэньне з Амэрыкаю, вельмі цяжка збліжацца з Лукашэнкам. Ён пачынае перашкаджаць. Гэта непрыемная асоба і лепш там быў бы нехта менш харызматычны, але які б больш адпавядаў агульнаму накірунку Расеі. Гэта не азначае, што эліты ў Маскве ўвогуле адмовіліся ад ідэі нейкага саюзу зь Беларусьсю. Але зараз палітыка скіроўваецца на формулу “Саюз мінус Лукашэнка”. Зараз усе бачаць, што Беларусь – гэта маргінальная частка расейскай зьнешняй палітыкі. Гэта пры Ельцыне, калі не было посьпехаў на Захаде, посьпехі былі з Кітаем і з Беларусьсю. А зараз саюз з ЗША, з Захадам нашмат важнейшы, чым саюз з Лукашэнкам. Аднак для Масквы было б вельмі непрыемна, калі б Захад, разабраўшыся зь бін Лядэнам, вырашыў, што наступным мусіць быць Лукашэнка. Магчыма, Пуцін спадзяецца, што Лукашэнка зразумее, што сытуцыя зьмянілася і зьменіць сваю пазыцыю. Тады ён ізноў стане добрым. А тое, што Лукашэнка падаўляе беларускую апазыцыю, дык Пуцін рабіў у Чачэніі такое, што Лукашэнку і ня сьнілася. Так што тут няма маральных прэтэнзіяў да “бацькі” Лукашэнкі, але палітычныя прэтэнзіі зьяўляюцца. Пакуль “таварышчу” спрабуюць патлумачыць, што лінія партыі зьмянілася і трэба мяняць паводзіны. А калі ён іх ня зьменіць, могуць пачацца больш сур’ёзныя праблемы. Маскве хацелася б, каб ён вытрымліваў агульную лінію, так бы мовіць, быў бы годным сакратаром беларускага абкаму. А калі ня будзе – справа дрэнная для Лукашэнкі, тады на яго будзе рабіцца ціск”.

(Карэспандэнт: ) “Два тыдні таму амэранскі сэнатар Джэсі Хэлмс выступіў з прапановаю прыняць закон пра жорсткія санкцыі ў адносінах да Беларусі. Наколькі магчыма, што гэты падыход стане афіцыйнаю палітыкаю Вашынгтону ў сьвятле цяперашняга амэрыкана-расейскага збліжэньня?”

(Фінгэльгаўэр: ) “Я ня думаю, што амэрыканцы будуць абвастраць адносіны зь Беларусьсю. Гэта даволі маргінальная праблема для Амэрыкі. Масква будзе прасіць, каб гэтага не рабілі ў такой ступені, паколькі гэта можа перашкодзіць нашаму гандлю і транзыту праз Беларусь. Гэта будзе яшчэ аднім выпрабаваньнем нашага саюзу з Амэрыкай, у якім Расея прэтэндуе на ролю Англіі ці Францыі. Гэта таксама былыя звышдзяржавы, якія разам з тым зьяўляюцца больш важнымі саюзьнікамі Амэрыкі, чым Польшча, Гішпанія ці Партугалія. У Францыі, напрыклад, увесь час узьнікаюць супярэчнасьці з ЗША, але там ёсьць мэханізмы вырашэньня гэтых канфліктаў. Зараз Расея менавіта выпрацоўвае нефармальны мэханізм вырашэньня пытаньняў з ЗША. А яны будуць узьнікаць: па Іраку, па Іране, па Беларусі, па Кітаі, дарэчы. Беларусь можа стаць тым, на чым новы саюз Амэрыкі з Расеяй пачне ламацца. Ці яны здолеюць выпрацаваць палітыку сумеснага ціску на Беларусь. Можа не такога жорсткага, як прапаноўвае Хэлмс, але паспрабаваць паставіць чалавека на месца, патлумачыць яму, што супраць аб’яднаных высілкаў ЗША і Расеі ён ня мае шанцаў, і што лепш паводзіць сябе прыстойна. І тады жывы будзеш”.

Гаварыў расейскі экспэрт у праблемах бясьпекі Павал Фінгэльгаўэр.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG