Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАРЭСПАНДЭНТКУ РАДЫЁ СВАБОДА НЕ ПУСЬЦІЛІ НА ЗЬЕЗД САЮЗУ МАСТАКОЎ


Валянціна Аксак, Менск

Зьдзіўленым гэткім рашэньнем аргкамітэту журналістам прапанавалі назіраць хаду мастакоўскага зьезду праз тэлевізар у адмысловым пакоі. Хвілінаў праз сорак пасьля пачатку імпрэзы яны пачулі з вуснаў старшыні саюзу Генадзя Буралкіна заклік да будучага кіраўніцтва зрабіць больш шчыльнымі стасункі з прэсай, бо, маўляў, пра дзейнасьць Саюзу мастакоў грамадзства амаль нічога ня ведае.

Дзейнасьць жа за трохгадовы справаздачны тэрмін, паводле дакладу спадара Буралкіна, была абмежаваная клопатамі пра матэрыяльныя праблемы творцаў. Вось колькі лічбаў. Толькі сёлета саюз сплаціў дзяржаве рознага кшталту падаткаў на 250 мільёнаў рублёў, яна ж выдзеліла мастакам усяго 7 мільёнаў. З 1126 сяброў саюзу творчыя майстэрні мае толькі траціна зь іх. Штогод каля 150 выпускнікоў мастацкіх ВНУ застаюцца сацыяльна безабароннымі.

Ці матэрыяльныя праблемы ёсьць напраўду вызначальнымі на галоўным сходзе мастакоў краіны?

Вось што мяркуе на гэты конт мастацтвазнаўца Мая Яніцкая.

(Яніцкая: ) "Зараз матэрыяльны бок справы сапраўды прымушае людзей надаваць гэтаму шмат увагі. Бо жыцьцё ёсць жыцьцё, і яно паставіла творцаў на мяжу выжываньня".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы лічыце, ці здольны зараз Саюз мастакоў уплываць на мастацкае, творчае жыцьцё краіны, ці ён сапраўды можа выконваць зараз толькі ролю прафсаюзу?"

(Яніцкая: ) "Я лічу, што Саюз мастакоў зараз ня здольны ўплываць на мастацкае жыцьцё, бо зьмяніўся час, зьмяніліся ўмовы. Якія творчыя задачы, якія плыні, накірункі мусяць абіраць мастакі, як гэта ім указвалася раней, цяпер Саюз мастакоў указваць ня можа".


Некаторыя выступоўцы сёньня казалі, што ў такой ролі саюз мастакоў наагул страціў неабходнасьць, бо ён нічога ня можа вырашыць. Аднак гэтую думку далёка ня ўсе падзяляюць. Нават тыя, хто мае неблагі асабісты творчы набытак. Распавядае малады мастак Сяржук Цімохаў.

(Цімохаў: ) "Нешта Саюз мастакоў ўсё-ткі можа вырашаць. Бо хоць і казаў, здаецца, Белавусаў, што ня трэба, каб нехта апекаваўся мастакамі. Трэба, каб хутчэй яны станавіліся вольнымі, я лічу, што гэта не зусім так у дадзенай сытуацыі. Цяпер чым хутчэй мастакі стануць вольнымі ад дзяржавы, перастануць удзельнічаць у дзяржаўных структурах, перастануць выказваць там свае думкі, тым хутчэй дзяржава прыкладзе намаганьні, каб зьліквідаваць мастакоўскія суполкі. І Саюз мастакоў патрэбны для таго, каб мы мелі мажлівасьці выказваць свае пазыцыі на дзяржаўным узроўні. Іншая рэч, што мы будзем там выказваць, але гэта ўжо залежыць ад нашае сьвядомасьці".

Заўтра сямнаццаты з'езд Саюзу мастакоў працягне сваю працу.


XS
SM
MD
LG